Садавіна перапрацоўваецца круглыя суткі

Важное Эканомiка

image_pdfimage_print

Кругласутачна на канвееры Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» вырабляюць са свежых яблыкаў 40 тон пюрэ, якое змяшчаюць у асептычныя мяшкі.

Паралельна з перапрацоўкай працягваецца нарыхтоўчая кампанія.

Вітамінная сыравіна закупляецца ў фермерскіх гаспадарках рэспублікі, частка яе паступае з ведамаснага саду «Сінява».

– Ураджай сёлета выдаўся нядрэнным, – удакладняе начальнік вытворчасці Алена Жаўняркевіч. – Ужо нарыхтавана 1400 тон яблыкаў, і гэта не мяжа.

Начальнік вытворчай лабараторыі Яўгенія Падасецкая і начальнік вытворчасці Алена Жаўняркевіч
абмяркоўваюць пытанне ўпакоўкі прадукцыі

У асартыменце перапрацоўшчыкаў – яблычнае павідла і пад варкі з водарам вішні, малін, абрыкоса, клубніц. Прадукцыя адгружаецца ў Расійскую Федэрацыю і Казахстан, а таксама на айчынны рынак.

Карыстаюцца попытам сярод вытворцаў малочнай і кандытарскай прадукцыі фруктова-ягадныя напаўняльнікі. Прадукт эксклюзіўны, таму выпускаюць яго выключна паводле заявак спажыўцоў.

Сярод навінак Стаўбцоўскага філіяла – сокавая прадукцыя для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, выпуск якой наладжаны ў адпаведнасці з СТБ 2346. Заяўкі паступаюць са школ, дзіцячых садоў, бальніц з разнастайных рэгіёнаў рэспублікі. Для зручнасці ўстаноўлены розныя рэжымы разліву соку: у тару тыпу bag-in-box ёмістасцю 3 л і бутэльку ёмістасцю 0,75 л.

– У залежнасці ад патрэб спажыўца карыстаемся рознымі відамі ўпакоўкі. Для павідла і падварак выкарыстоўваем наліўныя барабаны па 20, 25 і 30 кг, – знаёміць з асаблівасцямі маркетынгу Алена Жаўняркевіч.

Грузчык Дзмітрый Грамыка

Перапрацоўшчыкі актыўна выкарыстоўваюць не толькі яблыкі, але і капусту.  Яе нарыхтоўваюць і квасяць з кменам і морквай.

– Прадукцыя карыстаецца попытам у сеткавых магазінах рэспублікі. Мы ўжо выпусцілі пяць тон квашанай капусты. Пастаўляем яе ў зручных невялікіх вядзерцах. Забяспечваем квашанай капустай і закрытыя ўстановы, – адзначае начальнік вытворчасці.

Прадукцыя Стаўбцоўскага філіяла, вырабленая паводле старадаўніх рэцэптаў, натуральная і без дабавак, знаходзіць свайго пакупніка.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *