Свята вёскі: Харашэй, Літва!

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

Падзеяй у нашым раёне стала вялікае свята вёскі Літва аднайменнага сельсавета, якое прайшло ў мінулую суботу. Урачыстасць адбылася ў рамках праекта Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, які зацвердзіў рашэнне аб правядзенні ва ўсіх раёнах Міншчыны свят вёсак, што стане добрым стымулам па іх добраўпарадкаванні, праяўленні ініцыятыў і творчасці мясцовымі ўладамі і саборнасці жыхароў.

Літва сустракала гасцей прыбранай, святочнай, абноўленай. Розныя  структуры паклапаціліся пра свае аб’екты. Перад  святам райспажыўтаварыствам выкананы вялікі аб’ём рамонтных работ у мясцовым магазіне. Шмат што зроблена ў мясцовым Доме культуры, які і стаў у гэты дзень цэнтрам урачыстасці.

Свята пачалося з ускраіны вёскі. Калона з духавым аркестрам прыпынялася ля дамоў, ля веснічак якіх былі накрыты сталы з вясковымі прысмакамі, са скульптурамі з дароў агарода і, канешне ж, восеньскімі кветкамі. «Частуйцеся, калі ласка!» – запрашалі гасцінныя літвенцы і прымалі ў адказ словы пахвалы за іх кулінарныя таленты.

Ля  Дома культуры  старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў шаноўна прыняў ад вяскоўцаў хлеб-соль. Тэрыторыя ля Дома культуры ўмясціла выставы народнай творчасці, гандлёвыя палаткі камбіната бытавога абслугоўвання і райспажыўтаварыства. Хтосьці з вяскоўцаў паспеў ужо пастрыгчыся і парамантаваць абутак – з нагоды свята камбінат бытавога абслугоўвання прадаставіў такія паслугі вяскоўцам. Чым не прыемнасць!

Сцякаўся народ у залу, дзе святочная праграма  зацягнулася на некалькі гадзін. Але час прабег незаўважна.

З увагай успрынялі прысутныя прывітальнае слова  старшыні райвыканкама Юрыя Горлава да жыхароў Літвы. Юрый Мікалаевіч звярнуў увагу на тое, што ў вялікай зале сельскага Дома культуры не хапіла крэслаў для ўсіх. Калі  яшчэ людзі збіраліся вось так усе разам, ды ў такім выдатным настроі!

– Для правядзення першага ў гэтым годзе свята вёскі на Стаўбцоўшчыне  мною была выбрана вёска Літва, – звярнуўся да прысутных Юрый Мікалаевіч. – Населеныя пункты ў цэнтры раёна больш атрымліваюць увагі, так як і аграгарадкі, на развіццё якіх у свой час былі ўкладзены немалыя фінансавыя сродкі. Мне хацелася, каб жыхары вёскі Літва, якая знаходзіцца на 50-кіламетровай адлегласці ад райцэнтра, адчулі да сябе ўвагу, каб вёска была прыведзена ў дастойны выгляд. На працягу месяца мы часта сустракаліся. Я бачыў, як усе гаспадары імкнуліся навесці парадак на сваіх падворках. І сёння ўсім прыемна гасцяваць у Літве. Выказваю вам удзячнасць, што прынялі нашу прапанову, што сумелі яе рэалізаваць, што ўдзельнічалі ў навядзенні парадку на сваёй зямлі. Свята вёскі Літва стане штуршком для правядзення такіх мерапрыемстваў у іншых вёсках раёна. Усё што мы робім, мы робім для сваіх дзяцей, для будучага пакалення, каб квітнела наша зямля.

Прыгожым вясковым святам назваў гэтае мерапрыемства старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі. Ён  падзякаваў кіраўніцтву Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта, раённаму Савету дэпутатаў, што адгукнуліся на праект абласнога Савета і правялі такое цудоўнае свята, на якое прыехала нават здымачная група беларускага тэлебачання.

Што ж датычыць саміх жыхароў Літвы, то любоў да роднай зямлі яны праявілі і ў гасціннасці, прыветнасці пры сустрэчы многіх гасцей, і ў сваіх выказваннях на ўрачыстасці. Старшыня Літвенскага сельвыканкама Тадэвуш Галавач, які праявіў талент, каб згуртаваць вяскоўцаў, пазнаёміў удзельнікаў свята з гісторыяй паселішча, якое ўпамінаецца ў архіўных дакументах з ХVІІІ стагоддзя.

Пачуцці многіх былі ўкладзены ў прыгожае выступленне ветэрана педагагічнай працы з 50-гадовым стажам, былога дырэктара Літвенскай СШ Сцяпана Цітовіча, які назваў Літву стройнай і прыгожай, як струна. Сцяпан Вікенцьевіч з ноткамі настальгіі гаварыў аб тым, што некалі ў вёсцы быў завод па вырабе сыроў, малаказавод, буйны зернеачышчальны комплекс. Праслаўляюць вёску выхадцы з яе. Выпускнікі Літвенскай школы сёння выкладаюць ва ўніверсітэтах Амерыкі і Германіі, адна з выпускніц стала сцюардэсай, некаторыя працуюць перакладчыкамі за мяжою. Сцяпан Вікенцьевіч ад імя ўсіх жыхароў Літвы падзякаваў Юрыю Горлаву, што ім была выбрана для такога маштабнага свята іх вёска, і што дзякуючы гэтаму праекту шмат зроблена па яе добраўпарадкаванні.

Узнагароды  за  садзейнічанне ў падрыхтоўцы вёскі да свята атрымалі на свяце начальнік ДРБУ № 135 Віталь Дзям’янка, дырэктар аграбудфірмы «ПМК-74 – Налібакі» Валерый Францкевіч, старшыня ААТ «Рочавічы» Святлана Міхалевіч, ляснічы Кульскога лясніцтва Сцяпан Явід.

Канешне ж, святочная праграма дала магчымасць падняцца на сцэну і жыхарам Літвы, якіх ушаноўвалі ў многіх намінацыях. Гонар быў самай старэйшай жыхарцы вёскі 91-гадовай Вандзе Уладзіміраўне Сугак, кавалерам ордэна «Знак Пашаны» былым даяркам Ларысе Жвырбля, Дануце Шырвель, Яніне Жвырбля, перадавому механізатару ААТ «Рочавічы» Анатолю Грабяневічу, самай малодшай жыхарцы Літвы шасцігадовай Ксеніі Жвырбля. У намінацыі «Лепшы падворак» пераможцам стала сям’я Часлава і Галіны Башкевічаў, лепшай гаспадыняй прызнана Лена Ціхановіч. Падзячныя пісьмы за лепшыя падворкі атрымалі Станіслаў і Людміла Шалькевічы, Браніслаў і Марыя Шырвель, Яніна Жвырбля, Франц і Ларыса Жвірблі, Юзэфа Высоцкая, Лідзія Рослік, Данута Шырвель, Марыя Віцько.

Свята вёскі спаўна дало магчымасць кожнаму рэалізаваць свае таленты – у кагосьці рукі залатыя, а ў кагосьці – звонкі голас. Такі дар Божы ў Нэлі Паплаўскай, Святланы Хомчык, Галіны Ждановіч, яна ж стараста вёскі. Ці трэба гаварыць, якім падарункам  для іх было паказаць свае таленты перад такой прадстаўнічай публікай. Вясковыя спявачкі не адзін раз выходзілі на сцэну і даставілі зале радасць сваім выступленнем. У святочнай праграме ўдзельнічалі выхаванцы Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў. І не толькі на сцэне. Духавы аркестр узначаліў шэсце па вёсцы Літва.

На памяць аб гэтым выдатным свяце застануцца не толькі відэа- і фотаздымкі, незабыўныя ўражанні, узнагароды, але і жывая алея на тэрыторыі Дома культуры. Шаноўнымі гасцямі былі пасаджаны туі.

Эстафету свята вёскі ў нашым раёне далей прымуць Скамарошкі.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

 

ІНІЦЫЯТЫВА: НА СУБОТНІКУ ВЫБРАЛІ І СТАРАСТУ

Набліжаецца Дзень памяці, у сувязі з чым у Рубяжэвіцкім сельсавеце  актывізавана работа па добраўпарадкаваннні месцаў вечнага спачыну.

Суботнік быў арганізаваны на могілках у Ціханавай Слабадзе. Людзей сабралася багата. Падчас дружнай працы старшыня сельвыканкама (яна ж і дэпутат сельскага Савета па гэтай вёсцы) Ала Стралкоўская прапанавала выбраць старасту могілак. Вяскоўцы без сумненняў даверылі гэтую грамадскую пасаду маладой Аксане Пока. Жанчына энергічная, аўтарытэтная, бо працуе сацыяльным работнікам, абслугоўвае састарэлых не толькі сваёй вёскі, а і Вялікіх Навікоў. Працаваць яна будзе на пару са старастай вёскі, настаўніцай-пенсіянеркай Марынай Пока. 

–  Фактычна ў кожным населеным пункце, акрамя невялікіх вёсачак, у нас працуюць стараста вёскі і стараста могілак, якіх выбіраюць людзі. Падобная практыка ўзаемадзення вяскоўцаў і мясцовай улады дае добрыя вынікі, –  тлумачыць Ала Стралкоўская. – Так, у Ціханавай Слабадзе агульнымі намаганнямі навялі парадак на могілках, засталося толькі вызначыцца з пляцоўкай для збору смецця.

Нельга не адзначыць дагледжаны стан адных з самых вялікіх і старых могілак на тэрыторыі сельсавета –  каталіцкіх могілак у Рубяжэвічах, дзе старастам выбрана Рамуальда Сабалеўская. Вядомая ў раёне шматдзетная мама, яна з’яўляецца ініцыятарам многіх добрых спраў сярод вяскоўцаў. Прыбраны і тыя магілкі, якія даўно лічацца «безгаспадарнымі». Трэба сказаць, што на гэтых могілках хаваюцца і жыхары некаторых вёсак суседняга Літвенскага сельсавета, таму іх умоўна падзялілі на ўчасткі, якія замацаваны за пэўнымі вёскамі.

Шмат работы па добраўпарадкаванні могілак  у Тонаве. Праўда, і тут не абышлося без ініцыятывы: выхадзец гэтай вёскі Андрэй Красоўскі, у якога ў Тонаве жывуць бацькі, прафінансаваў выраб новага крыжа і стала, вакол якіх ладзіцца агульная малітва за душы памерлых, дапамог з добраўпарадкаваннем агароджы могілак. Агароджаны сеткай, набытай за кошт сельскага Савета, могілкі ў Наваселлі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *