Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

ЭКСПАРТ: СОТНЯ СТАНЦЫЙ – НЕ МЯЖА

За дзевяць месяцаў бягучага года на філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы экспартныя пастаўкі склалі 104,3 працэнта.

Стаўбцоўскімі машынабудаўнікамі прададзена сёлета 100 кампрэсарных станцый. Усе яны адгружаны ў Расійскую Федэрацыю.  Сваю прадукцыю вытворцы рэалізуюць дылерам у Маскву, Пензу, Балашыху. Дагавор аб супрацоўніцтве заключаны і з Ніжнім Ноўгарадам.

Як выжываць у няпростых рыначных умовах і выконваць асноўную задачу – рэалізаваць да канца года расійскім партнёрам не менш за 130-135 станцый, выказвае свой пункт гледжання начальнік аддзела збыту філіяла Віктар Круглік:

– Патрабаванні нашых кліентаў цалкам зразумелыя – гэта расшырэнне мадэльнага раду станцый, зніжэнне цаны на іх. Мы прапануем узор новай станцыі, прадукцыйнасцю 3,5 м3, якая ў нас пакуль у адзіным экзэмпляры. Неабходна сфарміраваць пакупніка на яе, чым мы і займаемся. Новая станцыя пабывала з намі ўжо на трох выстаўках. У выніку, паступаюць камерцыйныя прапановы (у гэтай станцыі ёсць імпартны аналаг, але ён даражэйшы). На даны момант сярод дарожных і будаўнічых арганізацый, якія маюць патрэбу ў кампрэсарных станцыях, пераважае попыт на станцыі прадукцыйнасцю 6 м3, 10 м3. 

У сваіх экспартных пастаўках стаўбцоўскі філіял Мінскага маторнага завода прырастае кожны год, таму чацвёрты, завяршальны квартал года будзе для іх асабліва напружаным.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

 

ВЫТВОРЧАСЦЬ: ЗАПАТРАБАВАНА НА РЫНКУ

Кіраўніцтва раённага камбіната бытавога абслугоўвання папоўніла запасы сыравіны для пашыву запатрабаванай на рынку прадукцыі.

З Баранавіцкага баваўнянага камбіната завезена тканіна для пашыву пасцельнай бялізны, сталовых камплектаў і іншай швейнай прадукцыі.

Была адпраўлена машына і на Жлобінскую футравую фабрыку «Белфа». Выбраны розныя віды палатна з футра, з якога будуць пашыты запатрабаваныя жыхарамі раёна і іншымі спажыўцамі цёплыя камізэлькі для халоднай пары года. Попытам карыстаюцца пакрывалы і камплекты. Яны шыюцца як па індывідуальных заказах, так і для продажу ў  ведамасным магазіне «Лаян», на сельскіх комплексна-прыёмных пунктах і падчас выязнога гандлю за межамі нашага раёна. Так што Дом быту чакае наведвальнікаў для афармлення заказаў.

 

СЕЗОН: «ШАЙБА» АД КАМУНАЛЬНІКАЎ

На восьмай і дзявятай цеплакамерах, размешчаных па вуліцы Міру, ідзе замена кампенсатараў. Абсталяванне гэтае расійскай вытворчасці, толькі днямі паступіла ў наш раён. Камунальнікі вырашылі ажыццяўляць замену цяпер, у так званы пераходны перыяд, бо, калі аварыйная сітуацыя здарыцца ў разгар ацяпляльнага сезона, зрабіць замену будзе нашмат складаней. Па гэтай прычыне жыльцы мікрараёна былі  папярэджаны аб часовых нязручнасцях –  адсутнасці гарачай вады.

Як патлумачылі ў аб’яднанні камунальных службаў, уваход у новы ацяпляльны перыяд будзе адметны не толькі новымі кампенсатарамі, а і «шайбамі», прызначанымі для рэгулявання  падачы цепланосьбіта. Кіраўніцтвам АКС сёлета было прынята рашэнне аб так званым шайбіраванні з-за перападаў тэмпературы ў жылых дамах. Горад наш прырос на цэлы мікрараён, таму шматпавярхоўкі па вуліцах Цэнтральнай, Энгельса і іншых, узведзеныя раней, адчувалі «недагрэў», у той час як у кватэрах па вуліцы Міру і зімою бывалі адкрытымі форткі.

АКС для правядзення разлікаў па рэгуляванні падачы цяпла з дапамогай шайбаў была прыцягнута спецыялізаваная арганізацыя, ёю зроблены адпаведныя разлікі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *