Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

ДБАЙНЫ ГАСПАДАР

У сярэднім па дваццаць кілаграмаў малака ад каровы штодзень надойваюць сёлета жывёлаводы рабатызаванай малочнатаварнай фермы «Засулле» ААТ «Каганец». З пачатку года атрымана ад кожнай рагулі звыш пяці тысяч  кілаграмаў. Па папярэдніх падліках калектыў фермы да канца перакрые сямітысячны рубеж па надоях. У агульным поспеху жывёлаводаў і немалая заслуга механізатара Івана Тарасевіча, які корміць жывёлу з дапамогаю набытага летась мабільнага кормараздатчыка «Хозяин» з загрузачнай фрэзай. Даручаны дбайнаму гаспадару і новы трактар «Беларус», які замацаваны за фермай. Вопытны і добрасумленны работнік не толькі спраўляецца з ускладзенымі на яго прамымі абавязкамі, а і выконвае на ферме іншыя падсобныя работы, займаецца таксама добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

 

БОЛЬШ ЗА СЕМ ТЫСЯЧ

Два аператары машыннага даення з ТАА СЖК «Налібакі» Алена Вялічка і Святлана Рынкевіч набліжаюцца гэтымі днямі да надою 7,5 тысячы кілаграмаў малака ад каровы. А Марына Бычко і Галіна Чыжэўская – да  сямітысячнага рубяжу. Больш за шэсць з паловай тысяч кілаграмаў малака атрымала ад адной каровы Алеся Дубіцкая. Лідзіруе ў спаборніцтве калектыў МТФ «Церабейнае» з паказчыкам 6673 кілаграмы. А найбольшая прыбаўка малака з пачатку года  дасягнута сёлета на МТФ «Целяхі» –  больш за паўтоны.

 

КІЛАГРАМОВЫЯ ПРЫБАЎКІ

Цялятніцы ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Зінаіда Траццяк і Галіна Міцура з МТФ «Слабада», Тамара Шчэцька з МТФ «Яблынаўка» атрымалі ў верасні кілаграмовыя сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе сваіх гадаванцаў. За дзевяць месяцаў яны маюць вынікі ад 800 да 900 грамаў. Усе жанчыны шчырыя і добрасумленныя працаўніцы, пастаянна дабіваюцца высокіх паказчыкаў.

 

ЗАЛУЖСКІЯ РУПЛІЎЦЫ

Калектыў МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі», які ўзначальвае брыгадзір Юрый Крупец, з кожным годам прыбаўляе па надоях малака і апошнім часам не саступае лідарства ў гаспадарцы па яго вытворчасці. За дзевяць месяцаў тут атрымана ў сярэднім ад кожнай каровы 5913 кілаграмаў, што на 107 больш за адпаведны паказчык летась. На рахунку аператара машыннага даення Іны Дзядовіч  6706 кілаграмаў, а ў Людмілы Зянько – 6528 кілаграмаў. Віктар Крывель і Нона Філіна набліжаюцца да шасцітысячнага рубяжу. Працуючы ў такім рытме,   да канца бягучага года жывёлаводы будуць мець вынік звыш 7800 кілаграмаў малака ад каровы.

 

ТРЭЦІЯ Ў РАЁНЕ

З пачатку года на жывёлагадоўчых фермах ААТ «Радзіма Якуба Коласа» вырашчана 475,1 тоны мяса ялавічыны, што больш леташняга паказчыка. Па валавой вытворчасці данай прадукцыі гаспадарка займае трэцяе месца ў раёне.  Немалы ўклад у агульны поспех уносяць аператары па адкорме буйной рагатай жывёлы МТФ «Пагарэлае» Дзмітрый і Галіна Шыбіцкія, Сяргей Хвіцько і Мікалай Сухаверх, якія даглядаюць звыш 600 галоў і маюць сярэднясутачныя прывагі каля сямісот грамаў. Пасля праведзенай рэканструкцыі бычкі і цялушкі ўтрымліваюцца на ферме без прывязі.

 

У КАГОРЦЕ ЛЕПШЫХ

На конкурсе тэхнікаў-асемянатараў, які праходзіў нядаўна ў райплемстанцыі Таццяна Высоцкая з ААТ «Аталезь-агра» паказала добрыя веды. Працуе яна ў прафесіі параўнальна нядаўна, але па колькасці набраных балаў увайшла ў кагорту лепшых спецыялістаў раёна. Варта адзначыць, што Таццяна Робертаўна сумяшчае абавязкі, а асноўная яе работа – слесар па рамонце і абслугоўванні малакаправода на МТФ «Лапкі».

 

ЗАКАЗ: ДОМІКІ ДЛЯ ЦЯЛЯТ

У кастрычніку Стаўбцоўскі доследны лясгас атрымаў ёмісты заказ ад гаспадарак раёна – на выраб домікаў для вырошчвання цялят.

– Усяго неабходна вырабіць больш за 1400 такіх домікаў, па  150-170 штук – на кожнае лясніцтва. Чатыром сельгаспрадпрыемствам – «Вялікі Двор», «Профі-Аграцэнтр», «Налібакі» і «Агранёманскі» –  лясгас паставіць толькі неабходныя піламатэрыялы, а магчымасці для вырабу домікаў у іх ёсць свае, – падкрэсліў майстар па будаўніцтве Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Сяргей Лапко.

Работа чакае напружаная, таму што тэрміны выканання заказу – мінімальна сціслыя. На яго спатрэбіцца каля 450 м3 піламатэрыялаў, значныя людскія рэсурсы. Пры гэтым лясгас не можа сарваць пастаўкі па раней заключаных дагаворах, у тым ліку і з замежнымі спажыўцамі.

Мяркуецца, што работнікамі лясгаса на месцы будзе ажыццёўлены і мантаж – побач з домікам неабходна невялікая загародка, каб цяля магло ў любы час выйсці на вуліцу. Домік будзе ўсесезонным. Замалёўкі-эскізы адносна таго, якім ён павінен быць, былі зроблены лесаводамі ў ААТ «Каганец», гаспадарцы, дзе ёсць вопыт утрымання маладняку буйной рагатай жывёлы аналагічным спосабам.

 

АБНАЎЛЕННЕ: ПАД СУЧАСНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ

У ААТ «Вялікі Двор» працягваецца будаўніцтва і рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў пад  сучасныя тэхналогіі. Згодна з праектам, прадугледжана пабудаваць ля жывёлагадоўчай фермы ў Вялікім Двары яшчэ адзін новы кароўнік на 250 галоў і давесці колькасць дойнага статка да тысячы жывёлін. Работы ўжо пачаліся. Рыхтуецца падмурак, завозяцца пліты перакрыцця. Падрадчыкам выступае ПМК-233. Як расказвае галоўны заатэхнік таварыства Міхаіл Мікуліч, у новае памяшканне будзе пераведзены дойны статак з МТФ «Асіпаўшчына», дзе ўмовы ўтрымання рагуляў і  тэхналогія вытворчасці малака не адпавядаюць сённяшнім патрабаванням. У выніку, надоі тут ніжэйшыя, хоць па прадукцыйнасці каровы аднолькавыя на абедзвюх фермах. У далейшым на старой ферме будзе праведзена рэканструкцыя пад беспрывязное ўтрыманне жывёлы з устаноўкай даільнай залы. Галоўны спецыяліст упэўнены, што менавіта за такімі тэхналогіямі будучае.  

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *