Прыём вядзе памочнік урача

Важное Медыцына

image_pdfimage_print

Для памочніка ўрача Крысціны Барсук Стаўбцоўская ЦРБ – яе першае рабочае месца. І – сапраўдная прафесійная школа.

 

Крысціна закончыла ў 2016 годзе медвучылішча ў Слуцку, сваім родным горадзе, і прыехала ў Стоўбцы па размеркаванні. У гэтым годзе ізноў працягнула  працоўны кантракт з кіраўніцтвам раённай бальніцы яшчэ на два гады.

– Прывыкла да новага горада, ужо добра ведаю свой участак № 1, – расказвае памочнік урача. – Працую ў камандзе з урачом агульнай практыкі Святланай Пупынінай і медсястрой Надзеяй Карасюк.

Гэтая каманда медыкаў цалкам маладзёжная. Надзея Карасюк улілася ў калектыў сёлета. Малады спецыяліст прыехала па размеркаванні пасля заканчэння Барысаўскага медкаледжа. Так склалася, што з верасня доктар і медсястра працуюць у чырвонай зоне, а на тэрапеўтычным участку ўсе пытанні вырашае памочнік урача.

– Вяду прыём у паліклініцы і выязджаю на дом да пацыентаў. Назіраю за станам тых, хто знаходзіцца ў ізаляцыі, перахварэў на пнеўманію, вакцынаваўся, – расказвае пра асаблівасці работы Крысціна Барсук.

Нягледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю, медыкі працягваюць дыспансерызацыю, патранаж людзей з інваліднасцю, вядуць работу з пацыентамі з групы рызыкі. Пажылым людзям, інвалідам дастаўляюць на дом рэцэпты.

Работы вельмі шмат. Крысціну ад прафесійнага выгарання выратоўваюць падтрымка пацыентаў, іх словы ўдзячнасці. «Хтосьці скажа: «Ты малайчына!» – і гэтага дастаткова, каб з’явіліся жыццёвая энергія і сілы», – дзеліцца Крысціна. Жыве яна ў інтэрнаце філіяла маторнага завода, які выдзелілі ёй з першых дзён працы паводле хадайніцтва раённай бальніцы.

У прафесійным плане памочнік урача жадае паспрабаваць сябе ў іншых напрамках, да прыкладу папрацаваць у стацыянары, службе хуткай дапамогі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *