«Спец» дасць сваё заключэнне

Важное Соцыум

image_pdfimage_print

Калі неабходна паставіць на ўлік або зняць з уліку аўто, пры праходжанні дзяржтэхагляду могуць узнікнуць пытанні з ідэнтыфікацыйнымі маркіровачнымі абазначэннямі транспартных сродкаў.

Па важнасці гэтыя заводскія нумарныя знакі аўто можна параўнаць з пашпартнымі данымі чалавека, таму не абысціся без судовай экспертызы, а, значыць, без паслуг судовага эксперта.

У Стаўбцоўскім міжраённым аддзеле Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз (ДКСЭ) праводзіць судовую экспертызу ідэнтыфікацыйных маркіровачных абазначэнняў транспартных сродкаў старшы судовы эксперт Эдуард Булаўскі.

Старшы эксперт экспертна-крыміналістычнага сектара Стаўбцоўскага міжраённага аддзела ДКСЭ Эдуард Булаўскі

Эдуард Анатольевіч – спецыяліст дасведчаны. Першую экспертную практыку атрымаў у райаддзеле міліцыі, задоўга да таго, як быў утвораны ў нашай рэспубліцы ў 2013 годзе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.

Закончыў Акадэмію МУС, дзе атрымаў спецыяльнасць юрыста-правазнаўцы. А вось павышэнне кваліфікацыі, як прызнаецца Эдуард Анатольевіч, адбываецца пастаянна, у працэсе работы і кантактаў з калегамі з Цэнтральнага апарату, упраўлення па Мінскай вобласці.

У цяперашні час у Эдуарда Булаўскага ёсць права самастойнага правядзення асноўных відаў судовых экспертыз, якія выконваюцца ў міжраённым аддзеле.

– Самыя запатрабаваныя – дактыласкапічныя і трасалагічныя (яны звязаны са зборам слядоў на месцы здарэння), аднак і судовая экспертыза ідэнтыфікацыйных маркіровачных абазначэнняў транспартных сродкаў мае актуальнасць. У пераважнай большасці жыхароў рэспублікі, як вядома, транспартныя сродкі далёка не новыя, таму патрэба ў гэтым відзе судовай экспертызы толькі ўзрастае, – адзначае тэндэнцыі Эдуард Булаўскі.

Судовыя экспертызы, звязаныя з транспартнымі сродкамі, заказваюць фізічныя і юрыдычныя асобы з пяці раёнаў Мінскай вобласці. Самыя распаўсюджаныя выпадкі – карозія нумарных абазначэнняў у працэсе эксплуатацыі або іх відазмяненне ў выніку рамонту аўто. Але фіксуюцца і факты наўмыснага ўмяшальніцтва, якія носяць крымінальны характар.

Эдуард Анатольевіч прыгадвае выпадак, калі на судовую экспертызу было прадстаўлена дарагое аўто, набытае ў Расійскай Федэрацыі. У аўтамабілі былі перабіты ідэнтыфікацыйныя нумары. Аднавіць першапачатковыя нумары ўдалося поўнасцю, як і знайсці «ўладальнікаў», бо машына была сагнана, знаходзілася ў вышуку…

Калі злачынцы карыстаюцца ў сваіх справах шліфмашынкай і грубымі прыёмамі, то старшы судовы эксперт абапіраецца ў рабоце пераважна на кваліфікацыйны багаж, прафесійную інтуіцыю. Пры неабходнасці звяртаецца да дубліруючых таблічак (вытворцы аўто хаваюць іх, але судоваму эксперту іх месцазнаходжанне вядомае), прымяняе спецыяльныя кіслоты для аднаўлення ідэнтыфікацыйнага нумара.

– Прафесія судовага эксперта запатрабаваная. Яна стымулюе развіццё і павышэнне кваліфікацыі, – лічыць Эдуард Булаўскі. Сярод яго задач –  і выезд у складзе аператыўна-следчай групы на месцы здарэнняў.

Вольнага часу сапраўды мала, але, калі такая магчымасць з’яўляецца, то Эдуард Анатольевіч спяшаецца на прыроду. Рыбалка і барбекю разам з жонкай і дачкой – цудоўны спосаб аднавіць сілы і адчуць, што жыццё – цудоўнае.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *