Заўтра – Дзень аўтамабіліста і дарожніка

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

 

ДЛЯ ЗРУЧНЫХ ДАРОГ

ДЭУ № 62 займаецца абслугоўваннем рэспубліканскіх дарог, якія пралягаюць па тэрыторыі сямі раёнаў. Усе дарогі – аднолькава важныя, але прыярытэтная сярод іх – аўтамагістраль М1/Е30.

Як вядома, у снежні мінулага года адбылося аб’яднанне двух філіялаў – ДЭУ № 62 і ДЭУ № 4. Хаця ў мэтах аптымізацыі штат аб’яднанай арганізацыі скараціўся на 20 чалавек, калектыў дастаткова вялікі. Сёння ў ім працуюць 176 чалавек. Ёсць свой касцяк, стаж работы якога ў дарожнай галіне – 20-30 гадоў. Ёсць і свая спецыфіка, бо каля 80 працэнтаў рабочых, вадзіцеляў і механізатараў працуюць у шкодных умовах. “Кожнага работніка мы цэнім”, – падкрэслівае начальнік ДЭУ № 62 Дзмітрый Ёдчык.

– Дзмітрый Генадзьевіч, чым адрозніваецца ваша арганізацыя ад іншых профільных, якія працуюць у нашым раёне?

– ДЭУ № 62 – дарожная арганізацыя, якая эксплуатуе дарогі, а не будуе іх. Нашай асноўнай задачай з’яўляецца ўтрыманне 342-х кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння, забеспячэнне па іх бесперабойнага, бесперашкоднага і бяспечнага праезду. З улікам недастатковага фінансавання шукаем дадатковыя работы па прамых дагаворах, якія можам выканаць. Да прыкладу, ёсць разметачная машына – аказваем паслугі па нанясенні разметкі. На даны момант займаемся ўстаноўкай тросавай агароджы ў раёне вёскі Ператокі (да нас звярнуўся інвестар, які на аўтамагістралі М1/Е30 пабудаваў аўтазаправачную станцыю). У ліку работ – устаноўка дарожных знакаў, пафарбовачныя работы, грэйдзіраванне дарог і вуліц. Адна з крыніц даходаў – здача ў арэнду спецтэхнікі.

– Як спрацавала ДЭУ № 62 у бягучым годзе, пасля аб’яднання?

– Мы фінансуемся вышэйстаячай арганізацыяй РУП “Мінскаўтадар-Цэнтр”. Самі зарабляем. Агульная выручка склала за дзевяць месяцаў 2014 года больш за 31 мільярд рублёў. Працуем з невысокай, пяціпрацэнтнай, рэнтабельнасцю. Праблем, якія трэба вырашаць, нямала. Аўтапарк і механізмы замартызаваны на 78-85 працэнтаў. Неабходна іх абнаўленне і асучасніванне. На ўтрыманні – шэсць баз, у тым ліку чатыры лінейна-дарожныя дыстанцыі. Радуе тое, што на ўсіх іх створаны неабходныя бытавыя ўмовы. Вельмі важнае пытанне для дарожнікаў – ахова працы.

– Якую ацэнку можна даць стану дарог, што абслугоўваеце?

– На нашым прадпрыемстве прынята двойчы на год праводзіць камісійныя агляды дарог. Па ацэнцы экспертаў, якія ўваходзяць у камісію, мы з году ў год застаёмся на адным і тым жа ўзроўні па ўтрыманні дарог, у плане эксплуатацыйных характарыстык – зводзім да мінімуму крытычныя дэфекты, а ў цэлым – назіраем трывожную тэндэнцыю. Стан дарог пагаршаецца, бо, акрамя бягучага рамонту і выдаткаў на ўтрыманне, неабходны і капітальныя ўкладанні.  

– Не за гарамі зіма. Што новае будзе ўкаранёна?

– На 70 працэнтаў ад гадавой патрэбнасці нарыхтавана пясчана-саляной сумесі і на 60 працэнтаў – солі ў чыстым выглядзе. На кожнай дыстанцыі ёсць пляцоўкі для захоўвання і прыгатавання супрацьгалалёдных матэрыялаў.

Асаблівая адказнасць ляжыць на нас за ўчастак аўтамагістралі. Тут пабудаваны склад для захоўвання солі ўмяшчальнасцю дзве тысячы тон, памяшканне для прыгатавання “расолаў”. Вадзіцельскі састаў прыступае да кругласутачнага дзяжурства. На ЛДД-622 (яна размешчана ў Сцяцках, акурат на магістралі) у кругласутачным рэжыме працуе дыспетчарская служба. Устаноўлена праграмнае забеспячэнне “Метэамагістраль”, якое дазваляе счытваць інфармацыю з усіх дарожна-вымяральных метэастанцый рэспублікі і своечасова прымаць меры. На магістралі працуюць дзве брыгады для патрульнага агляду. Зразумела, узаемадзейнічаем са службай ДАІ.

Усе мы актыўна карыстаемся вынікамі працы дарожнікаў і, праязджаючы па дарозе, бачым, побач з якім транспартным патокам ім даводзіцца выконваць свае задачы, не зважаючы на дождж, спёку, снег… Словы ўдзячнасці ім за нялёгкую і такую патрэбную працу!

На здымку: начальнік ДЭУ № 62 Дзмітрый Ёдчык заўсёды прыслухоўваецца да думкі токара-прафесіянала Івана Супруна.

 

«НАВІГАТАР» АЎТАПАРКА

Напярэдадні прафесійнага свята ў аўтапарку № 17 назіраўся асаблівы, святочны рух. Але, як ніколі раней у мінулыя гады, сапраўдным прэцэдэнтам стала ўзнагароджванне.  

Сёлетняя колькасць, а таксама ўзровень адзнак, прадугледжаных для транспартнікаў Стаўбцоўшчыны, – гэта, несумненна, і ёсць самы дакладны “навігатар” у ацэнцы работы калектыву, мерка яго прафесіянальных і чалавечых якасцяў, паказчык значнасці яго заслуг.

Гэта сапраўдная падзея – аднаму са старэйшых вадзіцеляў аўтобуса Івану Куніцкаму прысвоена званне “Ганаровы транспартнік Рэспублікі Беларусь”. Такім чынам, на Стаўбцоўшчыне з’явіўся трэці “Ганаровы транспартнік”.

Годна ацэнены і іншыя. З нагоды свята за шматгадовую і плённую працу адзначаны падзякамі ААТ «Мінаблаўтатранс» вадзіцель аўтобуса Мікалай Жук, намеснік галоўнага бухгалтара Таццяна Галаўня. Раённым выканаўчым камітэтам заахвочаны тыя, хто працуе надзейна і стабільна, забяспечвае высокія паказчыкі вытворча-гаспадарчай дзейнасці.

Спіс работнікаў, якія таксама вартыя высокіх адзнак, можна доўжыць, бо вопыту, безаварыйнай работы тут не займаць многім. Уявіце, што ў аўтапарку сем з 18-ці вадзіцеляў аўтобусаў – гэта «старажылы» за рулём, якія, будучы ва ўзросце пенсіённым, працягваюць абслугоўваць пасажыраў на гарадскіх і прыгарадных маршрутах, турыстаў і экскурсантаў па гісторыка-культурных мясцінах Беларусі, славутасцях за межамі нашай краіны. “Хлеб” вадзіцеля не толькі напружаны, адказны. Ён, на што ў першую чаргу скардзяцца і навічкі, надзвычай нязручны. Мала каго задаволіць расклад работы, калі трэба рана падняцца, позна легчы, адпраўляцца ў рэйс у выхадныя або святочныя дні… На шчасце, ёсць і іншая моладзь, якая, нягледзячы на цяжкасці, замацавалася ў калектыве, працуе так, што і старажылам-асам няма да чаго прыдрацца… Сярод іх – Дзмітрый Абадоўскі, Юрый Баршчоў. Юрый, да прыкладу, быў задзейнічаны ў абслугоўванні расійскіх турыстаў падчас Чэмпіянату свету па хакеі-2014.

– Такі напрамак як турысцкая дзейнасць развіваецца ў аўтапарку вельмі добра, – зазначае дырэктар прадпрыемства (і адзін з тых, хто носіць званне “Ганаровага транспартніка Рэспублікі Беларусь”) Іван Бычкевіч. – У планах на год будучы – арганізаваць штомесячныя турысцкія паездкі ў Польшчу, для чаго намецілі набыць камфартабельны аўтобус невялікай умяшчальнасці, пакуль да 20-25 пасадачных месцаў.

Стабільнай работай забяспечаны і грузавы транспарт. Асноўныя яго заказчыкі – дарожныя і будаўнічыя трэсты Мінска і Брэста, прадпрыемствы Мінскаблдарбуда. Тэхніка  аўтапарка № 17 працуе і на такім значным для нашай краіны аб’екце як будаўніцтва другой Мінскай кальцавой аўтадарогі.               

– І на зіму таксама прадбачыцца фронт работ. Працуем з прыбыткам. У бягучым годзе абнавілі свой парк: набылі тры грузавыя аўтамабілі, у тым ліку МАЗ-еўра-5 для міжнародных перавозак, два МАЗы-самазвалы з прычэпамі, грузападымальнасцю кожны – 36 тон, два аўтобусы ПАЗ, якія працуюць на “прыгарадзе”, – пералічвае набыткі Іван Бычкевіч.

Пасажырскія перавозкі застаюцца стратнымі, аднак маршрутная сетка раёна не скарочана. З мэтай кампенсацыі страт ад перавозкі пасажыраў на прыгарадных і гарадскіх маршрутах раённым выканаўчым камітэтам выдзелена аўтапарку датацыя ў суме 2 819 мільёнаў рублёў. З’явіліся новыя міжгароднія маршруты – Мінск – пасёлак Школьны, які быў працягнуты да Дзераўной, і Мінск – Рубяжэвічы.

Калектыў аўтапарка мае імідж сучаснага прадпрыемства, якое не стаіць на месцы і трымае курс у дзень заўтрашні.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *