У зладжаным калектыве

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У ААТ «Рубяжэвічы» па надоях малака ад каровы лідзіруе сёлета малочнатаварная ферма «Русакі». З пачатку года ў сярэднім ад кожнай рагулі надоена 3397 кілаграмаў, што на 113 кілаграмаў больш, чым летась.

– Калектыў у нас дружны, зладжаны, – гаворыць брыгадзір фермы Ядвіга Круглік.– Усе працуюць сумленна і стараюцца, каб паказчыкі павялічваліся. Будзем прыкладаць намаганні і надалей, каб да канца года ўшчыльную наблізіцца да надою  4,5 тысячы кілаграмаў на карову. І магчымасці дзеля гэтага ёсць. Нарыхтавана  дастатковая колькасць кармоў. Даём каровам канцэнтраты.

Ядвіга Міхайлаўна ўпэўнена, што зімоўка будзе не толькі сытнай, а і цёплай. Памяшканні належным чынам падрыхтаваны і пабелены.

Ядвіга Круглік адна са старэйшых працаўніц таварыства, якая мае вялікі вопыт работы. Кіруе фермай на працягу трыццаці двух гадоў. Пачынала даяркай і адпрацавала ў гэтай прафесіі чатыры гады. Увішную і працавітую жанчыну прыкмеціла кіраўніцтва і прапанавала ўзначаліць калектыў.

– Адмаўлялася, бо баялася, што не спраўлюся, але мяне ўгаварылі, – працягвае размову брыгадзір. – На самай справе ўсё аказалася не так і  страшна. Прывыкла і нават не верыцца, што вось ужо столькі гадоў працую.

А пачыналася яе працоўная біяграфія ў сталіцы, куды дзяўчына паехала пасля заканчэння школы. Толькі праз пэўны час вярнулася ў родную вёску Русакі, бо муж, таксама вясковы хлапец, не захацеў жыць у шматлюдным горадзе. І не пашкадавала, бо ўсё ў жыцці склалася добра. Зразумела, работа штодзённая і карпатлівая, але Ядвіга Міхайлаўна з кагорты тых людзей, якія выбіраюць прафесію аднойчы і назаўсёды. Ужо каторы год яна на пенсіі, але работу не кідае. Не можа развітацца з калектывам, які лічыць сваёй другой сям’ёй.

Больш за іншых каляжанак, звыш дваццаці гадоў, працуе на ферме аператарам машыннага даення Святлана Ключнік. Святлана Вікенцьеўна з пачатку года надаіла ад кожнай каровы сваёй групы ў сярэднім па 3546 кілаграмаў малака і перасягнула мінулагодні паказчык на 225 кілаграмаў. Гэта лепшы вынік. На другім месцы Інэса Раманоўская, на трэцім – Ірына Круглік. Шчыра рупіцца і падменная даярка Ірына Качановіч. Дзякуючы яе добрасумленнай працы кожная з асноўных даярак мае магчымасць пайсці на выхадны і не хвалявацца за сваіх рагуляў. Ірына Феліксаўна сумяшчае і абавязкі тэхніка-асемянатара. Вучылася прафесіі ў Сенніцы. Работа гэтая важная, адказная і жанчына з даручанай справай спраўляецца.

На здымку: (злева направа) Святлана Ключнік, брыгадзір Ядвіга Круглік, Ірына Качановіч і Інэса Раманоўская.

 

УДВАЯ ВЫШЭЙШЫ

Ладзяцца справы ў маладога аператара машыннага даення Вольгі Сядура, якая пасля праведзенай рэканструкцыі працуе ў даільнай зале на МТФ «Рудзевічы» ААТ «Рочавічы». Шчырая працаўніца надаіла з пачатку года ў сярэднім ад кожнай каровы сваёй групы па 4827 кілаграмаў малака. Гэты вынік амаль удвая вышэйшы, чым па гаспадарцы ўвогуле. Відавочны і плён старання жонкі і мужа Наталлі і Уладзіміра Матусевічаў, якія таксама працуюць на гэтай ферме і даглядаюць цялушак злучнога ўзросту. Вопытныя жывёлаводы з году ў год атрымліваюць  высокія вынікі.

 

ГАТУНКАМ «ЭКСТРА»

За тры кварталы бягучага года на малаказаводы сельгаспрадпрыемствамі раёна пастаўлена 51616,6 тоны малака ў заліковай вазе. Гатункам «экстра» залічана 18 працэнтаў ад агульнай колькасці, вышэйшым – 78,2 працэнта.  Самая высакаякасная сыравіна паступае да перапрацоўшчыкаў з ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Адсюль адгружана найшэйшым гатункам 2853,4 тоны, што складае 74,9 працэнта. Амаль палову надоенага малака паставілі гатункам «экстра» ААТ «Вялікі Двор» і «Каганец». Самая высокая яго тлустасць у ААТ «Жацерава», а таварнасць – у ТАА СЖК «Налібакі».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *