Прадукцыя льняных палеткаў

Нумары Сельская гаспадарка

У ААТ «Шашкі» вырашчаны сёлета неблагі лён. Высявалі гэтую  тэхнічную культуру на 70 гектарах. Своечасова запрасавалі і вывезлі льнотрасту, адгрузілі на ААТ «Нясвіжскі льнозавод» 329,9 тоны.

– Спрацавалі нашы льнаводы на ўзроўні, – расказвае дырэктар таварыства Валерый Ільюшэнка. – Пасеялі насенне ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, шчыра даглядалі пасевы, паспрыяла і надвор’е.

Толькі чатыры тоны льнотрасты было залічана перапрацоўшчыкамі сярэднім нумарам 75, астатняя – ад 1 да 1,25. За своечасовую вывазку атрымалі грашовую дзяржаўную надбаўку.

У наступным годзе ў таварыстве пасеюць 100 гектараў ільну. Падабрана плошча з добрымі папярэднікамі, унесены гліфасаты.

– Лён – культура прыбытковая, таму пастараемся прыкласці максімум намаганняў для таго, каб штогод атрымліваць добры ўраджай, – дадае Валерый Васільевіч. – Але для таго, каб вытрымліваць тэхналогію, патрэбна  сучасная тэхніка. Плануем набыць дзве самаходныя льноцерабілкі, каб не плаціць за паслугі, якія каштуюць нятанна. На льнозаводах праводзіцца аптымізацыя, і ёсць магчымасць перааформіць гэтыя машыны ў лізінг.  Што тычыцца льнаўборачных камбайнаў, то ў таварыстве іх налічваецца тры адзінкі. Тэхніка хоць і неблагая, але маральна састарэлая.

Намалочана ў гаспадарцы і 7,5 тоны насення, якое рэалізуюць для вытворчасці льнянога алею.  Гаспадарка абмяняла льняныя жамерыны, якія атрымала з ільнозавода як кампенсацыю за дастаўку льнотрасты ўласнымі сіламі, на насенне высокіх рэпрадукцый у ААТ «Агранёманскі». Дадаткова набылі суперэліту ў Нясвіжскім раёне – у СВК «Агракамбінат «Сноў» і на мясцовай сортавыпрабавальнай станцыі. Усяго ўдалося завезці 250 тон эліты і суперэліты азімых збожжавых. Такім чынам кіраўніцтва вырашыла праблему з насеннем, прычым не толькі азімых, а і яравых культур, на бліжэйшыя тры гады. 

– Мера была вымушаная, і грошай заплацілі нямала, але зрабіць гэта трэба было абавязкова, бо мы падышлі да асенняй пасяўной не маючы ніводнага кілаграма насення вышэй другой рэпрадукцыі, – патлумачыў дырэктар. 

Своечасова справіцца з уборкай ільну шашкоўцам дапамаглі Лідскі і Валожынскі льнозаводы, якія аказалі дапамогу сучаснымі льнокамбайнамі і льноцерабілкамі. Для адвозкі прадукцыі выдзялялі тэхніку  ДЭУ-62, ТАА «Стоўбцыгазбуд», ААТ АБФ «ПМК-74 – Налібакі», ТБЗ «Нёман». А вось запрасавалі трасту сваімі сіламі.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *