Упрыгожвае маладосць

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Нельга не заўважыць у цырульні раённага камбіната бытавога абслугоўвання папаўненне – у мужчынскую залу прыйшлі адразу тры маладыя спецыялісты. Усмешлівыя, сімпатычныя дзяўчаты прыветна сустракаюць наведвальнікаў, прыкладваюць свае старанні працаваць так, каб гэтую цырульню наведвальнікі выбралі сярод іншых у нашым горадзе.

Анастасія Дараховіч, родам з Ракава, і Таццяна Дзеніс, выпускніца Цясноўскай сярэдняй школы імя Ф. Э. Дзяржынскага, закончылі Валожынскі сельскагаспадарчы ліцэй. Гэтая навучальная ўстанова дала ім магчымасць атрымаць адразу тры спецыяльнасці, якія заўсёды могуць спатрэбіцца ў жыцці, – агародніка, швачкі і цырульніка. Дзяўчаты прайшлі практыку ў вытворчых калектывах па ўсіх спецыяльнасцях. Больш за ўсё іх прыцягнула прафесія цырульніка. Яны праходзілі вытворчую практыку ў стаўбцоўскім камбінеце бытавога абслугоўвання, палюбіліся ў калектыве Дома быту і прынялі запрашэнне прыехаць сюды на працу пасля заканчэння ліцэя.

Ганна Рубін атрымала спецыяльнасць цырульніка ў Маладзечне на спецыялізаваных курсах. Яна скарыстала паслугі службы занятасці нашага раёна, якая накіравала яе на вучобу з фінансавай падтрымкай.

Што казаць, маладыя цырульнікі імкнуцца паспяваць за модай, зацікаўлены ўдасканальвацца ў сваёй прафесіі. Работа цырульніка – творчая, кожная стрыжка – індывідуальны почырк майстра. Гэта стварае дзяўчатам адпаведны настрой на кожны рабочы дзень. А стымул для творчасці дае задаволенасць удзячных кліентаў.

Кіраўніцтва камбіната беражліва адносіцца да маладых спецыялістаў, імкнецца ставіцца да іх так, каб яны надоўга, а лепш – назаўсёды, затрымаліся ў калектыве. Загадчыца Дома быту Аліна Бондарава адзначае ў дзяўчат такія выдатныя якасці як паслухмянасць, павагу да старэйшых, жаданне ўліцца ў калектыў. Дзяўчаты не лічаць за цяжар згрэбці лісце ля службовага будынка, паўдзельнічаць у іншых работах па добраўпарадкаванні. Анастасія Дараховіч на працу прыязджае з Нясвіжа, дзе яна жыве ў сваіх родных. Да пачатку рабочага дня ў яе застаецца час, каб прысвяціць яго на добрыя агульныя справы.

З прыходам маладых спецыялістаў, здаецца, што нават пасвятлела ў цырульні. А пасвятлела не толькі ад іх прыгажосці, маладосці, але і пасля рамонту, які быў праведзены ў мужчынскай зале. Так што звяртаем увагу: маладыя майстры цырульні камбіната бытавога абслугоўвання чакаюць вас і гатовы падарыць добры настрой.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

На здымкУ: (злева направа) Анастасія Дараховіч, Ганна Рубін, Таццяна Дзеніс.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *