Зазывае пакупнікоў абноўлены ўніверсам

Гандаль Нумары

Універсам № 34 райспажыўтаварыства па вуліцы Магістральнай для многіх стаўбчан застаецца любімым магазінам. Ды і многія  праезджыя па аўтамагістралі Масква – Брэст пакідаюць тут свае грошы, з задавальненнем робячы пакупкі. Вечарамі па пятніцах прыпаркавацца машынам не застаецца месца.

Гэты магазін, першы ў райцэнтры сем гадоў назад укамплектаваны абсталяваннем з вынасным холадам, упэўнена заняў пазіцыі лідара па аб’ёмах тавараабароту. Аднак час не стаіць на месцы. І вось універсам зноў паклікаў наведвальнікаў на святочную прэзентацыю пасля праведзенай рэканструкцыі.

Тым, хто прызвычаіўся рабіць тут пакупкі, цяпер трэба прывыкаць да новых вітрын, стэлажоў, адным словам “асвойвацца” ў гандлёвай зале.

– Гэта адзін з лепшых магазінаў нашага горада, – расказвае старшыня праўлення райспажыўтаварыства Віктар Галаўко, – і мы зацікаўлены пастаянна падтрымліваць яго сучасны выгляд. Было прынята рашэнне пашырыць гандлёвую залу ўніверсама за кошт складскіх памяшканняў. Рэканструкцыя выканана сіламі ведамаснай будаўнічай брыгады, пры гэтым магазін працягваў працаваць, за што вялікая ўдзячнасць загадчыцы Але Рамашка і ўсяму калектыву прадаўцоў. А таксама начальніку рознічна-гандлёвага ўчастка г. Стоўбцы Святлане Майзель, якая прыкладвала нямала сваіх сіл для паспяховага завяршэння распачатай справы. У выніку гандлёвая зала павялічылася на 70 квадратных метраў і складае цяпер 220 «квадратаў». Гэта дало нам магчымасць павялічыць асартымент малочных і мясных прадуктаў. З’явілася новая прамысловая група. Заменены акварыўм для жывой рыбы з падвядзеннем каналізацыйных сетак, створаны ўсе ўмовы для якаснага захоўвання і рэалізацыі рыбы. Калі ж гаварыць пра наватарствы, то пры ўваходзе ў гандлёвую залу ўвагу пакупніка не можа не прыцягнуць палетная выкладка – тут размешчаны тавары, на якія праводзяцца скідкі. Дастойнае месцы сярод вітрын заняла прамысловая група тавараў. З’явілася новая вітрына для кандытарскіх вырабаў з адвядзеннем месца для тортаў, пірожных і іншай свежай выпечкі. З’явілася спецыяльная халадзільная вітрына для замарожаных варэнікаў, клёцак, пельменяў і іншай падобнай прадукцыі. Упершыню ў нашым горадзе ў магазіне аформлена такая выкладка як “Агароднінны развал” з прэзентабельнай падачай гародніны, прычым вырашчанай на палях нашых сельгаставарыстваў. Каб пакупніку лягчэй было арыентавацца ў вялікім магазіне, мы заказалі прыгожыя вывескі, і яны зяўляюцца арыенцірам да прылаўкаў з патрэбным таварам.

Ва ўрачыстым адкрыцці магазіна прыняла ўдзел намеснік старышні раённага выканаўчага камітэта Ірына Пашкевіч. Як успрынята ініцыятыва райспажыўтавырства раённай уладай?

– Больш за ўсё звяртае на сябе ўвагу вітрына “Агароднінны развал”. Тут райспажыўтаварыства граматна падышло да выканання ўрадавай праграмы рэалізацыі садавіна-агародніннай прадукцыі насельніцтву. З сучаснай падачай для пакупніка прадстаўлена ўся неабходная інфармацыя. Наведвальнікі бачаць, па якой цане прадукцыя, хто яе вытворца. Звяртае ўвагу тое, што ў поўным асартыменце прадстаўлена агароднінная прадукцыя, якая вырошчваецца ў сельскагаспадарчых таварыствах нашага раёна. Прывазная толькі такая экзатычная гародніна як пекінская капуста, сельдэрэй, імбір. Пакупнік можна выбраць да абедзеннага стала сваё, айчыннае, ці прывазное. Хачу падзякаваць кіраўніцтву райспажыўтаварыства, што наладжана такое цеснае супрацоўніцтва з мясцовымі вытворцамі сельскагаспадарчай прадукцыі. І калі такія стасункі будуць працягвацца, то яны прынясуць плюсы і гандлю, і вытворцам. І пакупнік будзе набываць экалагічна чыстую прадукцыю сваёй зямлі. Апошнім часам мы назіраем, што працаўнікі райспажыўтаварыства атрыманы прыбытак укладваюць у развіццё гандлёвых аб’ектаў, паспяхова асвойваюць новыя формы работы. Рэалізуецца асобная праграма рамонту сельскіх магазінаў. І гэта ва ўнісон праграме правядзення свят вёсак. Вялікі аб’ём рамонтных работ выкананы ў сельскім магазіне ў Літве, дзе нядаўна прайшло вялікае прыгожае свята вёскі. Цяпер да такой урачыстасці рыхтуецца вёска Скамарошкі, дзе таксама будзе праведзены рамонт магазіна. Ініцыятывы райспажыўтаварыства не прымушаюць чакаць павелічэння аб’ёмаў продажаў. Аб чым сведчаць вытворчыя паказчыкі. З пачатку года стаўбцоўскае райспажыўтаварыства трымае лідарства па тэмпах росту тавараабароту ў Мінскай вобласці. Мясцовая ўлада і надалей будзе падтрымліваць усе ініцыятывы па паляпшэнні гандлёвага абслугоўвання жыхароў раёна.

Бесперапынны паток наведвальнікаў ва ўніверсаме № 34, які працуе з 8 гадзін раніцы да 22 гадзін без выхадных. Для работнікаў прылаўка Наталлі Тулейка, Алы Белановіч, Кацярыны Высоцкай, Анастасіі Белай, Алены Пяткевіч, Таццяны Кутас, якімі ўмела кіруе адна з лепшых вопытных работнікаў спажывецкай кааперацыі Ала Рамашка, штодзённыя рабочыя будні напоўнены клопатамі, якія патрабуюць нямала фізічных і душэўных сіл. Калектыў гатоў працаваць так, каб марка ўніверсама № 34 па-ранейшаму заставалася высокай.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *