Стаўбцоўскае… з пахам Італіі

Нумары У перапрацоўшчыкаў

У сваім нядаўна адкрытым фірменным магазіне “Кумпячок” стаўбцоўскія масаперапрацоўшчыкі запрасілі пакупнікоў на дэгустацыю новых відаў прадукцыі.

На сервіраваным століку – падносы з апетытнай нарэзкай. Восем відаў прадукцыі, палова з якіх упершыню паступіла ў продаж. Запрашаюць каштаваць навінкі галоўны тэхнолаг Наталля Падсадная, тэхнолаг Людміла Бойка і спецыяліст па маркетынгу Анастасія Мамчыц. Зразумела, расказваюць пра іх асаблівасці і нават раскрываюць тэхналагічныя нюансы, каб пакупнік ведаў, што ён набывае. 

Адразу звяртае ўвагу салямі “Домашняя с ягодой можжевельника”. Гэтая свіная каўбаса з натуральнымі спецыямі, у тым ліку і са смакам ягады ядлоўцу. Незвычайную кампазіцыю водару – з кропам, салёным агурком – стварылі перапрацоўшчыкі для каўбасы з мяса птушкі, якую назвалі “Белорусская с укропом”.

Звычныя нам назвы дапоўнілі і замежныя, сутнасць якіх тым больш хацелася “раскусіць”. Так, на дэгустацыю былі прадстаўлены “Митетеи” – традыцыйная румынская страва для грылю. Гэты паўфабрыкат вытворцы выпускаюць са свініны і ялавічыны з традыцыйнымі спецыямі, у «рубленым» выглядзе, літаральна за некалькі мінут яго запяклі ў мікрахвалевай печы, парэзалі на кавалачкі і, калі ласка, – пачастунак на стале! Акрамя таго, у свой дэгустацыйны асартымент вытворцы дабавілі крыху паху Італіі (з дапамогай вяленага прадукта з ялавічыны “Венецианский”) і паху суседняй Украіны (з дапамогай паўвэнджанай каўбасы з часнаком “Киевская особая”). Ласавацца было каму: у магазін, размешчаны ў маладым шматпавярховым мікрараёне Стоўбцаў, многія ходзяць па пакупкі ўсёй сям’ёй, разам з дзеткамі.     

– Пакаштуйце і “Чайную новую”, – запрашае Людміла Бойка. – Колцы гэтай варанай каўбасы ў натуральнай абалонцы мы вырабляем даўно, у пакупнікоў яна карыстаеца попытам, але цяпер дабавілі ў лік інгрэдыентаў манныя крупы.

Павышаным попытам, у тым ліку і на расійскім рынку, карыстаюцца кансервы філіяла “Стоўбцы” ААТ “Мінскі мясакамбінат”. Падчас дэгустацыі быў прадстаўлены чарговы новы від кансерваў – “Ветчина мясная”. Гэты прадукт, поўнасцю гатовы да ўжывання, заслужыў у пакупнікоў адабрэнне.

У цэлым, у фірменных магазінах мясакамбіната – дзясяткі відаў каўбасных вырабаў і паўфабрыкатаў, мясная ахалоджаная прадукцыя, кансервы.

Купляйце стаўбцоўскае!   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *