Свет кніг

Культура Нумары

СВЯТЛО БІБЛІЯТЭКІ

Светлым куточкам у Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны і працы і інвалідаў з’ўяўляецца бібліятэка. Яе фонд налічвае каля 9 тысяч экзэмпляраў кніг самай рознай тэматыкі. Кожны дзень можна азнаёміцца са свежай перыёдыкай, узяць для чытання любімыя часопісы.

 Вялікую работу па фарміраванні бібліятэчнай справы ўнесла Яўгенія Звярынская. У доме-інтэрнаце Яўгенія Уладзіміраўна працавала з 1979 года. На працягу 35 гадоў яна ўкладвала ў любімую справу не толькі свае веды, але і душу. Як жа інакш? Яе чытачы – людзі, якія так чакаюць быць сагрэтымі ўвагай, клопатам. Без удзелу бібліятэкі не абыходзіцца ў сацыяльнай установе ніводнае мерапрыемства. А ладзіць урачыстасці тут умеюць, развіваючы творчасць пражываючых і самадзейнае мастацтва. Ёсць і свае артысты, і свае ўмельцы. Гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці даюць магчымасць рэалізаваць здольнасці кожнага. А выстава мастацкіх работ у доме-інтэрнаце сведчыць аб талентах.

Яўгенія Звярынская сардэчна развіталася са сваімі калегамі, з пражываючымі і гэтым летам пайшла на заслужаны адпачынак. Яе змяніла на пасадзе бібліятэкара Таццяна Лосік. Яна ўнікае ў справу, знаёміцца з чытачамі. Самымі актыўнымі з’яўляюцца Тамара Шырко, Вячаслаў Бярозін, Мікалай Бірук, Аляксандр Літошын, Клаўдзія Кутасава, якая піша вершы. Да таго ж Клаўдзія Кузьмінічна ведае на памяць шмат вершаваных твораў класікаў. Яна для бібліятэкара –  першы памочнік пры арганізацыі ўрачыстасцяў. І так прыгожа дэкламуе, што заслухаешся.

Любоў да кнігі аб’ядноўвае і пражываючых, і працуючых тут. Сапраўды гэта неацэнны скарб, ніколі не знікне мода на чытанне. А кніга будзе адкрываць свет многім і многім пакаленням.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

СУСТРЭЧА З ЛЕРМАНТАВЫМ

16 кастрычніка споўнілася 200 гадоў з дня нараджэння вялікага рускага паэта М. Ю. Лермантава. Вучні 5-11 класаў ДУА «Налібацкая сярэдняя школа» былі запрошаны ў літаратурную  гасцёўню «Я каждый день бессмертным сделать бы желал…». Сама атмасфера, афармленне залы, прэзентацыя дапамаглі нам перанесціся ў тую эпоху, той час, калі жыў і тварыў Лермантаў.

Да гэтага свята мы сур’ёзна рыхтаваліся пад кіраўніцтвам настаўнікаў Вікторыі Уладзіміраўны Высоцкай і Міхаіла Антонавіча Чарняўскага. Зрабілі цікавую прэзентацыю пра дзіцячыя і юнацкія гады паэта. Вучні дэкламавалі творы. Нельга было не заслухацца, як чыталі вершы Лермантава Ірына Дубіцкая, Дзмітрый Вялічка, Данііл Найдзён, Анастасія Губар, Вікторыя Чэмка, Алена Калініна, Дзіяна Вількоцкая, Сямён Капціловіч.

Яркім працягам свята была музычная частка, дзе гучалі рамансы на вершы паэта «Выхожу один я на дорогу», «Нет, не тебя так пылко я люблю» і іншыя. А з якой цікавасцю ўдзельнічалі рабяты ў віктарыне «Як ты ведаеш творы Лермантава»? Падчас падрыхтоўкі і ўдзелу ў мерапрыемствах мы даведаліся шмат новага і цікавага пра творчасць паэта. Пасля «сустрэчы» з Лермантавым з’явілася жаданне адкрыць томік вершаў паэта і яшчэ раз іх перачытаць.

Вікторыя РЫНКЕВІЧ, вучаніца 11 класа ДУА «Налібацкая СШ»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *