Гаспадыня з Засулля

Захапленні Нумары

У верасні на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу «Веста» ў Дзяржынскім раёне адбыўся міжнародны фестываль-кірмаш фермерскай і арганічнай гаспадаркі, у рамках якога праходзіла выстава трусоў. Чэмпіёнам выставы стаў трус пароды Бельгійскі велікан, уладальнікам і заводчыкам якога з’яўляецца жыхарка вёскі Засулле Стаўбцоўскага раёна Люсьена Мурзіч.

Жывёліны, якіх яна разводзіць, былі высока ацэнены судзейскай брыгадай выставы, галоўным суддзёй Мілашам Супукам са Славакіі. Акрамя Кубка чэмпіёнаў выставы Люсьена Валер’еўна атрымала дыпломы за другое і трэцяе прызавыя месцы.

Аб гэтым з віншаваннямі Люсьене Валер’еўне паведаміла старшыня Беларускага таварыства трусаводаў Алена Шашок. Яна ж адзначыла, што трусоў, вырашчаных  Люсьенай Мурзіч, не раз высока ацэньвалі на беларускіх і расійскіх выставах, а ацэнка суддзі міжнароднага ўзроўню з’яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем яе прафесіяналізму.

Вось якая ўмелая гаспадыня жыве на Стаўбцоўшчыне! Вельмі важна, што Люсьена Валер’еўна актыўна дзеліцца вопытам вырошчвання такіх прыгожых і карысных жывёлін. І сама шмат чаму вучыцца падчас удзелу ў кірмашах, выставах, семінарах трусаводаў. Дарэчы, асенні кірмаш аматараў гадоўлі трусоў прайшоў гэтымі днямі ў Ждановічах Мінскага раёна. Безумоўна, не абышлося без гучнага прадстаўніцтва нашай зямлячкі.

Што датычыць таварыства трусаводаў, то гэтая грамадская арганізацыя  шмат садзейнічае  развіццю перспектыўнай галіны жывёлагадоўлі, падтрымцы ўласных  падсобных гаспадарак. Кармленне, утрыманне, прафілактыка захворванняў – усё гэта важна для тых, хто займаецца гадоўляй трусоў. І вельмі добра, што ёсць сапраўдныя прафесіяналы, здабыткі якіх пераймаюць іншыя.

Ф. ФЯДОТАЎ

На здымку Люсьена Мурзіч з гадаванцам.

Фота Алены ШАШОК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *