Агляд рэдакцыйнай пошты: ЗАЛАТОЙ ВОСЕНІ НАСТРОЙ

На сувязі - рэдакцыя Нумары

Рэдакцыйную пошту кастрычніка можна назваць тэматычнай. Самыя актыўныя нашы аўтары –  члены аб’яднання па інтарэсах «Юны карэспандэнт» Дзераўнянскай СШ – прысвяцілі свае заметкі пэўным датам і святам.

Члены гуртка «Юны карэспандэнт» сардэчна павіншавалі рэдакцыю газеты «Прамень» з 75-годдзем з дня выхаду ў свет першага нумара «раёнкі». Дзякуем нашым юным аўтарам, якія таксама ўносяць свой уклад у змест «Праменя».

Мацвей Дубатоўка расказаў, як атрады «Цімураўцы», «Спадчына», Сябры», «Вясёлка», «Агеньчык», «Эколаг» піянерскай дружыны імя А. М. Панамарова да Дня пажылых людзей наведаліся да С. Макась, А. Вярбіцкай, М. Сянько, К. Цатэвіч, В. Уліч з віншаваннямі і прапановамі дапамагчы па гаспадарцы. Цімураўцы аказваюць дапамогу ва ўбрцы ўраджаю на прысядзібных участках пажылым і адзінокім аднавяскоўцам.

Максім Прыгожы прысвяціў свае радкі любімаму і дарагому чалавеку – маме: «Мама дала мне жыццё, адкрыла перада мною цудоўны свет. Яна клапоціцца аб маім здароўі і хоча бачыць мяне і маю сястрычку Таню шчаслівымі, сумленнымі, здаровымі».

Валерыя Яўсейчык  так піша пра сваю маму: «Мая мама Вераніка Васільёўна – гэта сэрца нашага сямейнага ачага, яна ўносіць душэўную мяккасць, пяшчоту, ласку. Мая мама вельмі прыгожая. І калі я гляджу на яе, мне здаецца, што ўвесь свет робіцца ярчэйшым і сонечным».

Аксана Пракаповіч таксама з удзячнасцю піша пра сваіх бацькоў, якія вучаць усяму добраму.

Дзесяцікласніцу Алу  Патоцкую  натхніла на творчасць прыгожая восень: «Азёрная, рабінавая, чароўная, белая, чыстая, залатая… Колькі эпітэтаў заслугоўвае восень! Ужо губляе сваю блакітную празрыстасць неба і быццам ніжэй апускаецца да зямлі. Восень уплятае залатыя нітачкі ў летнюю зеляніну, расліны набываюць ружова-фіялетавыя фарбы. Як парасончыкі, падхопленыя ветрам, апускаецца долу лісце. Першымі з летнім уборам развіталіся бярозкі. А пасля першых замаразкаў пачалася «стракатая» завіруха. Я люблю восень за каларыт колераў і фарбаў».

Дзякуем нашым юным аўтарам за такі лірычны настрой.

 Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *