Перамогі спартсменаў Стаўбцоўшчыны

Нумары Спорт

У ЧЭМПІЁНСКАЙ  МАЙЦЫ

Аляксандр Карніцкі. Імя гэтае на слыху ў беларускіх аматараў футбола, спецыялістаў. Цэнтральны паўабаронца чэмпіёна Беларусі каманды барысаўскага БАТЭ вызначыўся і як бамбардзір. Так, у апошняй сустрэчы першынства рэспублікі ён забіў ажно тры галы ў вароты салігорскага «Шахцёра». Але самым важным для сябе Аляксандр лічыць пераможны мяч у паядынку турніру Лігі Еўропы з іспанскай камандай «Атлетыка» (Більбао).

«Мой першы гол у міжнародных спаборніцтвах», –  падкрэсліў футбаліст. З гэтымі словамі і ўдзячнасцю за тое, што далі пуцёўку ў спартыўнае жыццё, ён перадаў майку з нумарам сем, пад якім выступае, настаўнікам са стаўбцоўскай ДЮСШ.

«Майка таленавітага выхаванца зойме дастойнае месца ў нашым музеі ці кутку спартыўных дасягненняў», – гаворыць дырэктар ДЮСШ Сяргей Жук. – Як і майкі ад майстра спорту па міні-футболе Віктара Карніцкага, удзельніка першынства рэспублікі ў вышэйшай лізе Віктара Шынгеля. Разам са шматлікімі кубкамі, іншымі прызамі, заваяванымі ў розных спаборніцтвах».

Няхай жа прыклад знакамітых землякоў натхняе нашых юных спартсменаў.

 

«ЮНАЦТВА» –  ДЛЯ ЮНЫХ

Не пустуе футбольнае поле стадыёна «Юнацтва». Цяпер амаль кожны дзень каманды школ раёна вядуць спаборніцтвы на прызы Аграпрамысловага саюза. У пачатку лістапада адбудуцца фінальныя гульні першынства Мінскай вобласці сярод ДЮСШ. На нашым стадыёне запланавана і правядзенне занальных спаборніцтваў рэспубліканскага турніру «Уступай у гульню».

Асабліва трэба адзначыць футбольны турнір памяці Анатоля Грэкава. І падчас дырэктарства ў Стаўбцоўскай ДЮСШ, і ў шчыраванні на пасадзе загадчыка раённага аддзела культуры Анатоль Васільевіч асабліва клапаціўся, падтрымліваў маладыя таленты. Вельмі добра, што мемарыял у  яго гонар становіцца традыцыйным.

У гэтых спаборніцтвах прынялі ўдзел восем камандаў. Прызавыя месцы занялі юныя выхаванцы ФК «Гарадзея», ФК «Арбіта» і Старадарожскай ДЮСШ. Рабяты адзначаны прызамі, за набыццё якіх дырэкцыя Стаўбцоўскай ДЮСШ удзячна спонсарам Генадзю Макасю і Міхаілу Радзіону.

 

ШЧЫРАВАННЕ ДЗЕРАЎНЯНСКІХ ВАЛЕЙБАЛІСТАЎ

У Маладзечне адбыліся абласныя спаборніцтвы па валейболе сярод юнакоў малодшага ўзросту ў праграме спартакіяды сярод камандаў ДЮСШ. Атрымаўшы перамогі над калектывамі Клецкага, Нясвіжскага, Слуцкага, Маладзечанскага, Салігорскага раёнаў і камандай горада Жодзіна, першае месца заняла валейбольная дружына Дзераўнянскай ДЮСШ. Нашы рабяты заваявалі права абараняць гонар Мінскай вобласці на рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія пройдуць у  Гродне. У саставе каманды, якую рыхтаваў трэнер ДЮСШ Віктар Гаптар, выступалі Ілья Супрановіч, Данііл Віцько, Уладзіслаў Шадрын, Уладзіслаў Дзям’янка, Сяргей Навіцкі, Арсеній Гаптар, Дзяніс Шаламоўскі, Цімафей Макась.

А дзераўнянская каманда старэйшага ўзросту на абласных фінальных спаборніцтвах «Мяч над сеткай» сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства заняла другое месца, уступіўшы толькі юным валейбалістам Салігорскага раёна. Добрую гульню паказалі Вадзім Бурдукевіч, Іван Сіняўскі, Аляксей Калодзінскі, Сяргей Лукашэвіч, Ілья Супрановіч.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *