Акно ДАІ: ПЕШАХОД – УДЗЕЛЬНІК ДАРОЖНАГА РУХУ

Ахова правапарадку Нумары

З 29 кастрычніка па 2 лістапада Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць акцыю «Пешаход» і комплекс кантрольна-прафілактычных мерапрыемстваў «Міжгорад».

Асноўнай мэтай акцыі з’яўляецца зніжэнне пешаходнага траўматызму. Для гэтага вядзецца прапаганда бяспекі дарожнага руху, растлумачэнне заканадаўства і прававых нормаў, якія рэгламентуюць паводзіны яго ўдзельнікаў. Асаблівая ўвага – папулярызацыі выкарыстання святлоадбівальных элементаў. У ходзе мерапрыемстваў праводзіцца абследаванне вулічна-дарожнай сеткі, устаноўка дарожнага агароджання. Асаблівая ўвага акцэнтуецца на неабходнасці папярэджання і спынення парушэнняў як з боку пешаходаў, так і вадзіцеляў, пры руху на пешаходных пераходах.

Адзначана, што ў выніку сёлетніх дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў у раёне пяць чалавек атрымалі траўмы. Так, 23 кастрычніка на вуліцы Ленінскай у Стоўбцах вадзіцель за рулём аўтамабіля «Пежо» ўчыніў наезд на пешахода, які пераходзіў вуліцу ў неўстаноўленым месцы. У вёсцы Цеснавая пацярпеў пешаход на праезджай частцы. У цёмны час сутак ён не быў пазначаны святлоадбівальнымі элементамі. Ігнараванне ўказаных фактараў асабліва небяспечна ў асенні перыяд, калі дажджы, туманы, ранні змрок ствараюць дыскамфорт для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху. Між тым, абазначаны флікерам пешаход бачны ў бліжнім святле фар на адлегласці 140-150 метраў, у дальнім – 300-400 метраў.

Дзяржаўтаінспекцыя заклікае вадзіцеляў да асаблівай увагі на дарогах. Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжаны і меры адказнасці пешаходаў. Штрафныя санкцыі складаюць ад адной да трох базавых велічынь за рух па краі праезджай часткі без флікера і 5-20 базавых велічынь, калі парушэнне Правілаў дарожнага руху выклікала ДТЗ.

Выкананню Правілаў дарожнага руху пешаходамі, а таксама тэхнічнаму аснашчэнню прыпыначных пунктаў транспарту, захаванню правілаў перавозкі пасажыраў удзяляецца асаблівая ўвага пры правядзенні комплексу мерапрыемстваў «Міжгорад».

Дзяржаўтаінспекцыя Стаўбцоўскага РАУС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *