Дзённік педагагічнага марафону

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

НАСТАЎНІК ЖЫВЕ, ПАКУЛЬ ВУЧЫЦЦА

Цікавымі і пазнавальнымі былі не толькі першыя дні педагагічнага марафону. Не меншыя ўражанні выклікалі іншыя мерапрыемствы.

Па сцвярджэнні К. Д. Ушынскага, «настаўнік жыве да той пары, пакуль вучыцца. Як толькі ён перастае вучыцца, у ім памірае настаўнік». Менавіта пра гэтае выказванне было нагадана педагогам, якія наведалі СШ № 2 г. Стоўбцы. Тэма сустрэчы – «Вопыт педагагічнай дзейнасці як ключавы фактар развіцця прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка». Дырэктар школы А. М. Лось, намеснік І. І. Гарэлік падзяліліся методыкай абагульнення эфектыўнага педагагічнага вопыту настаўнікаў. А самі настаўнікі Ж. М. Ганчар, А. В. Тамілін, А. В. Ярмак, А. А. Найдзяновіч на практыцы прадэманстравалі ўласныя напрацоўкі і дасягненні. Зацікавіла прысутных электронная картатэка артыкулаў перыядычных выданняў, якую вядзе школьны бібліятэкар Т. М.  Бельская.

 У гэты ж дзень кіраўнікі школьных метадычных аб’яднанняў, намеснікі дырэктараў мелі магчымасць пераняць вопыт Вішнявецкай СШ па тэме «Павышэнне эфектыўнасці работы з навучэнцамі на аснове ўдасканальвання педагагічнай кампетэнтнасці кадраў». Педагагічны дэбют быў у маладых настаўнікаў  гімназіі № 1 г. Стоўбцы. Яны прадставілі праект «Школа вачыма маладога педагога», правялі ўрокі, пацвярджаючы словы М. М. Вярзіліна, што «ўрок –  гэта сонца, вакол якога, як планеты, круцяцца ўсе астатнія формы вучэбных заняткаў».

Работнікаў спецыяльнай адукацыі запрасілі да сябе педагогі СШ № 3, якія сумесна са спецыялістамі Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі падрыхтавалі метадычны рынг для настаўнікў-дэфектолагаў «Як стаць прафесіяналам».

Традыцыйна апошні дзень марафону –  дзень упраўленца. Маладых кіраўнікоў, прадстаўнікоў рэзерву кіруючых кадраў сустракалі педагогі Старасвержанскай СШ. На многія «Як?» атрымалі педагогі адказ падчас сустрэчы. Як працаваць з нарматыўнай прававой дакументацыяй? Як арганізаваць кантроль і самакантроль? Як пісаць аналітычную даведку? Як скласці план работы па ліквідацыі выяўленых недахопаў? На гэтыя і многія іншыя пытанні адказалі дырэктар Н. І. Аляшкевіч, намеснік дырэктара Н. М. Клаўшун і настаўнікі Т. І. Кізевіч і В. П. Пяўнёва. І не толькі адказалі, а прадэманстравалі сваю работу наглядна.

Ва ўстановах адукацыі падводзяцца  вынікі сустрэч, педагогі дзеляцца пачутым і ўбачаным. IV педагагічны марафон «Развіццё і самаразвіццё  маладога педагога» сапраўды стаў маштабным метадычным мерапрыемствам і спрыяў павышэнню педагагічнага і метадычнага майстэрства спецыялістаў адукацыі.                      

 Ганна ГАЛЯНОВІЧ, метадыст аддзела адукацыі, спорту і  турызму райвыканкама

 

З ПРАФЕСІЙНАЙ КАМПЕТЭНЦЫЯЙ

У кожнага педагога ўстановы адукацыі штогод  у  кастрычніку з’яўляецца магчымасць прыняць актыўны ўдзел у правядзенні педагагічнага марафону кіруючых работнікаў і спецыялістаў Мінскай вобласці.

 У нашай школе ў фармаце  ІV педагагічнага марафону «Раз-віццё і самаразвіццё маладога педагога» прайшоў дзень метадычнай службы. 

Эстафету педагагічных ідэй установы адукацыі з цікавасцю падхапілі госці –  намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце школ раёна.

Усвядоміць свае прафесійныя матывы прысутныя змаглі ў працэсе  ўдзелу ў  трэнінгу, які метадычна граматна правяла малады педагог-псіхолаг А. У. Еўстраценка. Творчую справаздачу як адну з сучасных  формаў  абагульнення эфектыўнай педагагічнай практыкі прапанавала класны кіраўнік 8 класа А. А. Супрун. Сумесна са сваімі вучнямі Алена Аляксандраўна  стварыла вобраз класнага кіраўніка, які цвёрда крочыць па шляху  самаразвіцця і самаўдасканалення і ўпэўнена вядзе за сабой вучнёўскі  калектыў.

Не пакінула раўнадушнымі гасцей школы і ідэя стварэння віртуальнага кабінета класнага кіраўніка. Змястоўнымі напрацоўкамі ў гэтым накірунку падзялілася кіраўнік   школьнага  метадычнага аб’яднання  класных  кіраўнікоў Т. М. Сасноўская. У якасці эфектыўнага сродку прафесійнага развіцця педагогаў прэзентавана выданне школьнага  інфармацыйна-метадычнага  часопіса «Новы погляд», актыўнымі карэспандэнтамі якога з’яўляюцца педагогі ўстановы адукацыі, а рэдактарамі – намеснікі дырэктара.

 Мерапрыемствы, прапанаваныя ў рамках дня метадычнай службы, дапамаглі ўбачыць мноства педагагічных ідэй, вопыт установы адукацыі, якія неабходна асэнсаваць і прымяняць  у прафесійнай дзейнасці з мэтаю развіцця і самаразвіцця.

Ірына КЛАЧКО, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «Вішнявецкая СШ»

 

ЧАРАЎНІЦТВА СВАІМІ РУКАМІ

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі ў нацыянальнай сістэме адукацыі па-ранейшаму застаецца значнай установай  дадатковай адукацыі дзяцей. Ён мае шмат магчымасцяў па арганізацыі змястоўнага адпачынку, развіцці творчых  здольнасцяў дзяцей і моладзі, шырокага прыцягнення іх да ўдзелу ў аб’яднаннях па інтарэсах. Шырока і поўна дзейнасць Цэнтра творчасці была прадстаўлена ў час традыцыйнага вераснёўскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Прайшлі прэзентацыі дасягненняў педагогаў і вучняў, адбыўся паказ лепшага вопыту работы, знаёмства з арыгінальнымі ідэямі і формамі работы. Прэзентацыя лепшых праектаў Цэнтра адбылася на радыёхвалі «Минская волна». На выставе-кірмашы «Рознакаляровая мазаіка» можна было пазнаёміцца з мастацкімі работамі розных гурткоў. Выставы «Беларускія матывы», «Нашы рукі не для суму», «Вернісаж талентаў», «Чараўніцтва сваімі рукамі» адбыліся ва ўстановах адукацыі раёна, на прадпрыемствах горада,  вітрынах магазінаў, у дзіцячай раённай бібліятэцы.

Заўсёды бацькамі і вучнямі  з цікавасцю ўспрымаюцца майстар-класы педагогаў дашкольнай адукацыі. Гульнявыя, музычныя, канцэртна-захапляльныя, пазнавальныя праграмы, конкурсы малюнкаў на асфальце сабралі шмат дзяцей і стварылі сапраўднае свята.

Тыдзень устаноў дашкольнай адукацыі быў распланаваны ў выглядзе тэматычных дзён з арыгінальнымі назвамі. Вучні і педагогі змаглі пабыць на творчых і гульнявых пляцоўках, выставе-кірмашы, паўдзельнічаць у экскурсіі па гуртках  Цэнтра творчасці. Прэзентацыі гурткоў і майстар-класы прайшлі не толькі ва ўстановах адукацыі райцэнтра, але і ў сельскіх школах. Гэта дазволіла многім вучням у аграгарадках і вёсках пазнаёміцца з дзейнасцю Цэнтра творчасці і знайсці сабе справу па душы.

Гэты тыдзень стаў своеасаблівай візіткай Цэнтра творчасці, садзейнічаў павышэнню прэстыжу ўстановы дашкольнай адукацыі, знаёмству бацькоў і вучняў з работай канкрэтных аб’яднанняў па інтарэсах.

Галіна ЖУКАВА, культарганізатар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі

 

ВОПЫТ ЛЕПШЫХ – ЗДАБЫТАК УСІХ

У рамках ІV педагагічнага марафону педагогі ўстаноў дашкольнай адукацыі раёна прынялі ўдзел у педагагічнай майстэрні «Вопыт лепшых – здабытак усіх» у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці «Радуга».

З дакладам на тэму «Сучасны кіраўнік дашкольнай установы адукацыі – якім яму быць?» перад маладымі спецыялістамі і кіраўнікамі выступіла загадчыца гэтай дашкольнай установы Л. А. Логвін.

Вопытныя педагогі М. М. Семяняка, Т. К. Кухарчык, С. У. Мяжынская далі майстар-класы «Веды і ўменні педагога – заклад творчасці выхаванцаў». Прэзентацыя вопыту праходзіла з выкарыстаннем нетрадыцыйных тэхнік у выяўленчым мастацтве, цікавых формаў работы ў тэатральнай дзейнасці, з дэманстарцыяй сюжэтна-ролевых гульняў.

Падчас сустрэчы маладым спецыялістам прадаставілася магчымасць задаць пытанні вопытным калегам, прыняць удзел у майстар-класах, атрымаць рэкамендацыі і практычныя матэрыялы для работы.

Аксана ДАВЫДЗЕНКА, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *