ЗНАЎЦЫ СЛАВЕСНАСЦІ
Дзесяцікласніца СШ
№ 3 г. Стоўбцы Віялета Герасіменка была на падрыхтоўчых зборах да ўдзелу ў алімпіядзе Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць».
Каб трапіць у каманду Мінскай вобласці, Віялеце давялося паўдзельнічаць у чатырох турах гэтай міжнароднай алімпіяды і атрымаць перамогу. У конкурсе ўдзельнічалі творчыя пісьмовыя работы канкурсантаў.
Разам з Віялетай на ўсіх этапах гэтага інтэлектуальнага спаборніцтва была настаўніца рускай мовы і літаратуры Таццяна Урбан, якая не адзін раз ужо пацвердзіла свой прафесіяналізм у падрыхтоўцы вучняў да рэспубліканскіх і міжнародных турніраў, адкуль яны вярталіся з лаўрэацкімі дыпломамі.
ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫЯ СПАБОРНІЦТВЫ
Падыходзіць да завяршэння першы этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
У школах раёна лепшыя вучні маглі паспрабаваць свае сілы ў інтэлектуальных спаборніцтвах па 13 вучэбных прадметах. Тыя, хто набраў большую колькасць балаў, прымуць удзел у другім этапе раённай алімпіяды. Спаборніцтвы будуць праводзіцца па суботах у лістападзе. А цяпер у вучняў прыемныя восеньскія канікулы.
ПЕРАМОГА ДАСТАЕЦЦА МАЦНЕЙШЫМ
На базе СШ № 3 г. Стоўбцы прайшоў ІV раённы турнір юных матэматыкаў.
Паспаборнічаць прыехалі лепшыя вучні школ раёна. Для некаторых з іх турнір стане стартавай пляцоўкай для іншых алімпіяд і конкурсаў, таму што ён закліканы выявіць лепшых. Як для вучняў СШ № 3 г. Стоўбцы Мікіты Сазановіча і Максіма Мазуркевіча. Менавіта яны атрымалі перамогу ў раённым турніры і будуць прадстаўляць Стаўбцоўшчыну ў вобласці. Імя Мікіты Сазановіча як пераможцы алімпіяд не раз ужо гучала, і ён замацаваў свае пазіцыі як лепшы юны інфарматык рэспублікі.