Ахова працы: ПРЫЧЫНА ТРАЎМАТЫЗМУ – ЧАЛАВЕЧЫ ФАКТАР

Нумары Прамысловасць

image_pdfimage_print

На базе філіяла ААТ “Кіруючая кампанія холдынгу “Мінскі маторны завод”  у г. Стоўбцы адбылося  выязное пасяджэнне калегіі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама.

Як падкрэсліў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама, старшыня калегіі Алег Семянчук, мерапрыемства гэтае не экстраннае, а планавае. Пытанні стану работы па ахове працы ў раёнах разглядаюцца калегіяй перыядычна. Праводзіцца аналіз няшчасных выпадкаў, якія адбыліся на вытворчасці ў вобласці. Намячаюцца накірункі паляпшэння работы і шляхі вырашэння праблемы траўматызму з мэтай  захавання жыцця і здароўя людзей.

Удзельнікі мерапрыемства пабывалі ў цэхах філіяла, дзе азнаёміліся з умовамі працы работнікаў, створанымі для іх сацыяльна-бытавымі ўмовамі. Вучэбны клас па тэхніцы бяспекі і ахове працы, які аснашчаны камп’ютарамі для прыёму экзаменаў, а таксама стэнды з усёй неабходнай нагляднай інфармацыяй. Наведалі таксама завадскую сталовую, уласныя кандытарскі цэх і магазін, пункт аховы здароўя.

– Для плённай працы работнікаў у нас створаны ўсе ўмовы, толькі, на жаль, не ва ўсіх цэхах яны аднолькава добрыя, бо так пабудаваны завод, – сказаў на пасяджэнні дырэктар філіяла ММЗ Анатоль Молчан. – Мы ўдзяляем вялікую ўвагу здароўю сваіх людзей. У прыватнасці, захаванню тэмпературнага рэжыму. Наведваем  выставы, адкуль прывозім навінкі, напрыклад, сучасныя сродкі аховы. Аднак траўматызм у нас прысутнічае, і прычынай таму менавіта чалавечы фактар. Упэўнены, калі прытрымлівацца інструкцыі, то ніякай траўмы не здарыцца. А накірунак у гэтай справе на перспектыву – мадэрнізацыя вытворчасці.

З інфармацыяй аб дасягненнях раёна, яго інфраструктуры выступіў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель. Ён таксама адзначыў, што няшчасныя выпадкі, якія адбыліся на вытворчасці, з’яўляюцца вынікам парушэння правілаў аховы працы, адсутнасці кантролю за бяспечнай вытворчасцю работ, а таксама асабістай неасцярожнасці і недысцыплінаванасці пацярпелых.

Аб праведзенай рабоце па ахове працы на філіяле расказаў начальнік аддзела Аляксандр Манюк, падкрэсліўшы, што летась на мерапрыемствы па паляпшэнні ўмоў працы работнікаў патрачана ўдвая  больш грашовых сродкаў, чым было намечана. Сёлета запланавана правесці восем мерапрыемстваў з выдаткамі на суму мільярд 375 мільёнаў рублёў. І значная частка з іх ужо асвоена. Грамадскі кантроль за аховай працы на заводзе ажыццяўляюць шэсць інспектараў, якія праводзяць праверкі на ўсіх вытворчых участках і па выяўленых парушэннях складаюць прадпісанні. Усе выпадкі траўматызму на заводзе аналізуюцца, выяўлена, што ў большасці з іх прысутнічае чалавечы фактар. Як і ў апошнім з цяжкім зыходам, які адбыўся у верасні бягучага года. На прадпрыемстве ўкараняецца сістэма кіравання аховай працы.

З аналізам работы па прафілактыцы вытворчага траўматызму ў вобласці выступіла начальнік упраўлення дзяржаўнай экспертызы ўмоў і аховы працы камітэта па працы занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Аксана Кавалёва. Яна адзначыла, што з пачатку бягучага года ў вобласці загінуў на вытворчасці 31 чалавек. Нягледзячы на тое, што работа па стварэнні работнікам бяспечных умоў працы праводзіцца, знізіць вытворчы траўматызм пакуль што не ўдалося. Рост няшчасных выпадкаў назіраецца ў дзевяці раёнах. І ў прыватнасці ў Стаўбцоўскім, дзе адбыліся  чатыры цяжкія і два смяротныя выпадкі. Асноўныя прычыны – парушэнне пацярпелымі працоўнай і вытворчай дысцыпліны па ахове працы, невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі абавязкаў па ахове працы. Адзін з накірункаў работы па прафілактыцы траўматызму і паляпшэнні ўмоў працы – укараненне сучаснай сістэмы кіравання аховай працы (СКАП). Было падкрэслена, што даведзены графік нашым раёнам выконваецца. Для выяўлення парушэнняў і адначасова аказання кваліфікаванай дапамогі па пытаннях аховы працы на месцах, у раёнах створаны мабільныя групы.

Нізкімі тэмпамі  ажыццяўляецца перападрыхтоўка спецыялістаў па ахове працы. Сёлета прайшлі перападрыхтоўку на базе вышэйшай адукацыі толькі дванаццаць спецыялістаў. Не былі скарыстаны нават бюджэтныя месцы. Таму патрэбна прымаць меры дысцыплінарнай адказнасці да кіраўнікоў, якія не  выконваюць данае патрабаванне. Талонная сістэма папярэджання парушэнняў, а іншай, больш эфектыўнай пакуль не прапанавана, прымяняецца не ўсюды. Невысокі і грамадскі кантроль.

Як падкрэсліў дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Анатоль Садаўнічы, патрэбна ацэнка работы вызваленых спецыялістаў па ахове працы ў райвыканкамах – яны павінны дзейсна працаваць. Колькасць смяротных выпадкаў расце менавіта за кошт арганізацый камунальнай і сельскагаспадарчай накіраванасці.  32,3 працэнта ад колькасці загінуўшых на вытворчасці ў вобласці знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Патрэбна наводзіць парадак. Аб гэтым гаварыў і Прэзідэнт краіны. Што тычыцца праблемы не забеспячэння кваліфікаванымі спецыялістамі па ахове працы, то тых, хто мае дыпломы спецыялістаў, нямнога – каля 800 чалавек па ўсёй рэспубліцы. Таму патрэбна «расціць» іх самім – заключаць дагаворы з выпускнікамі школ, якія паступаюць вучыцца па гэтай спецыяльнасці. А гэта, на жаль, не робіцца. Ды і аб якіх выніках у рабоце па ахове працы можна гаварыць, калі бюджэт выдзяляе грошы для перападрыхтоўкі спецыялістаў, а яны не скарыстоўваюцца.

Аб дзяржаўным кіраванні аховай працы на тэрыторыі нашага раёна расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Лапко. Пры райвыканкаме створана камісія па прафілактыцы траўматызму і прафесійнай захваральнасці. Практыкуюцца выязныя пасяджэнні ў тыя арганізацыі, дзе дапушчаны траўматызм. У раёне створаны дзве мабільныя групы, якія ажыццяўляюць кантроль за аховай працы. Праводзяцца рэйды, выяўленыя парушэнні аператыўна ўхіляюцца, у асобных выпадках з кіраўнікамі ўзгадняюцца дадатковыя тэрміны выканання. Праводзіцца маніторынг. А таксама праверка ведаў кіраўнікоў і спецыялістаў па ахове працы, згодна з базай даных. На тых, хто такую праверку праігнараваў, рыхтуецца дакументацыя для прыняцця адпаведных мер. Усе арганізацыі ўкамплектаваны спецыялістамі па ахове працы, вакантнай пакуль застаецца толькі пасада ў ААТ “Рочавічы”, дзе спецыялісты не замацоўваюцца і дзе сёлета адбыўся смяротны выпадак.

Падвёў вынікі работы калегіі Алег Семянчук:

– Сістэма работы па ахове працы вядзецца ў рэспубліцы не адзін год, яна наладжана. Асноўныя яе накірункі выконваюцца і ў Стаўбцоўскім раёне.

Сёння  мы прайшлі па цэхах завода і на прыкладзе ўбачылі, як павінна быць арганізавана работа па ахове працы на вытворчасці. Зразумела, ёсць і ў маторнікаў недахопы. Аб гэтым сведчыць апошні выпадак траўматызму з цяжкім зыходам, таму патрэбна актывізаваць намаганні.

Хачу падкрэсліць, што вельмі многае ў ахове працы залежыць ад самога чалавека, бо менавіта 60 працэнтаў няшчасных выпадкаў на вытворчасці адбываецца па віне саміх работнікаў. Ад непрытрымлівання імі правілаў: не выкарыстоўваюцца спецадзенне і спецыяльныя сродкі аховы, работнікі па ўласнай ініцыятыве стараюцца ліквідаваць паломкі ў электраабсталяванні і т. п. Гэта прыводзіць да бяды. Патрэбна растлумачыць кожнаму чалавеку, што не толькі наймальнік, а і работнік нясе адказнасць за свае дзеянні. Пераканаць, а дзе і прымусіць клапаціцца не толькі аб сабе, а і берагчы  жыцці і здароўе калег. А іменна, супрацоўнічаць з наймальнікам у пытаннях аховы працы, указваць на недахопы, якія могуць прывесці да траўматызму. Наймальнік, у сваю чаргу, павінен прадугледзець за гэта матэрыяльнае заахвочванне.  Варта адзначыць, што найбольш траўманебяспечным участкам лічыцца сельская гаспадарка з яе шматпрофільнай дзейнасцю, таму гэтая галіна патрабуе асаблівай ўвагі.

Што тычыцца грамадскіх інспектараў, то гэтая справа важная. Выбраць інспектара – адно, трэба яшчэ яго навучыць, як працаваць. Каб павысіць прэстыж, выдаць спецыяльную форму або павязку на рукаве, каб яго ўсе бачылі і ведалі. Магчыма выдзеліць для чалавека на працягу рабочага дня і свабодны час, каб  ён меў магчымасць дэталёва прасачыць за прытрымліваннем работнікамі  правілаў аховы працы. Матэрыяльна зацікавіць. І гэта дасць плён.

Бясспрэчна, у пытаннях аховы працы робіцца многа, але праблема застаецца. Дарэчы, з 1 па 30 лістапада ў Мінскай вобласці аб’яўлены месячнік бяспекі працы.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *