Міншчына крочыць наперад

Нумары У аблвыканкаме Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

На мінулым тыдні ў Вілейскім раёне адбылася выязная прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры для рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

Як развіваецца Мінская вобласць? З якімі праблемамі сустракаюцца сельская гаспадарка, прамысловасць, і як яны вырашаюцца? На гэтыя і іншыя пытанні адказаў старшыня аблвыканкама.

Аб ВРП (валавым рэгіянальным прадукце)

Мінская вобласць дасягнула нядрэнных вынікаў па росце валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП). За дзевяць месяцаў бягучага года тэмп росту ВРП склаўся на ўзроўні 104,4 % пры прагнозе 101,7-102 %. Гэта лепшы вынік сярод рэгіёнаў вобласці. Сямён Шапіра адзначыў: “Такога выніку ўдалося дасягнуць за кошт паспяховай работы Беларуськалія ў гэты перыяд. Таварыства працуе на поўную магутнасць. Апошнім часам намецілася тэндэнцыя павышэння цэн на яго прадукцыю, а гэта сур’ёзная крыніца паступлення валюты ў краіну”. Разам з тым у вобласці ёсць іншыя прамысловыя гіганты, вынікі работы якіх не задавальняюць. У першую чаргу гэта тычыцца ААТ “БелАз”. Трывогу таксама выклікаюць прадпрыемствы Барысава, якія вырабляюць вузлы і агрэгаты і рэалізуюць іх на расійскім рынку. “З-за складанай сітуацыі на аўтамабільным рынку Расіі пакутуюць і нашы прадпрыемствы. Таму распрацоўваюцца прапановы па дыверсіфікацыі вытворчасці, выпуску новых відаў прадукцыі, збыт якой не будзе залежаць ад аднаго пакупніка”, – растлумачыў Сямён Шапіра.

Экспарт

У вобласці за дзевяць месяцаў бягучага года адзначаны рост асноўных прагнозных паказчыкаў. Разам з тым не дасягнуты намечаныя мэты па экспарце прадукцыі. Як сказаў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна, для павелічэння аб’ёмаў паставак за мяжу распрацаваны спецыяльны план. Павялічыць экспарт плануецца ў першую чаргу за кошт паставак мясной і малочнай прадукцыі. “Мы ставім задачу перад мясакамбінатамі і малочнымі заводамі павялічыць колькасць змен, каб вырабляць і адпраўляць больш гатовых прадуктаў з высокай дабаўленай вартасцю ў Расію і за кошт гэтага павялічыць даходы ад экспарту…”.

Інвестары праяўляюць зацікаўленасць

Сямён Барысавіч расказаў журналістам аб тым, якую зацікаўленасць праяўляюць інвестары да зямель Мінскай вобласці, да сельгаспрадпрыемстваў. Напрыклад, да гаспадарак у Валожынскім і Маладзечанскім раёнах. Адна замежная кампанія просіць у арэнду 200 тысяч гектараў зямлі. Інвестар гатовы ўкласці ў сельскую гаспадарку 300 мільёнаў долараў ЗША. “Мы прапанавалі Крупскі, Бярэзінскі, Барысаўскі, Пухавіцкі і Чэрвеньскі раёны. Усё сур’ёзна адбумаем, вызначым сацыяльныя арыенціры, сыравінныя зоны”.

Фермерства

Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна – таксама за развіццё фермерства на тэрыторыі вобласці. Многія фермеры даказалі на справе, што могуць добра гаспадарыць на зямлі. Напрыклад, у Стаўбцоўскім, Крупскім, Лагойскім, Маладзечанскім раёнах фермеры атрымалі ад 380 да 480 цэнтнераў бульбы з гектара. “У многіх раёнах ёсць пакуль незанятыя землі. Яны могуць быць выкарыстаны фермерскімі гаспадаркамі. Сёння яны займаюцца бульбай, агародніцтвам, а заўтра прыйдуць і ў жывёлагадоўлю. 50-60 % жыхароў Міншчыны працуюць у прыватнікаў. Там, дзе добры гаспадар, і зарплаты добрыя. Таму працэсы, якія цяпер адбываюцца ў сельскай гаспадарцы з удзелам прыватнікаў, будзем стымуляваць”, – паведаміў губернатар.

Статак свіней павялічыцца

Мінская вобласць плануе да канца 2015 года павялічыць статак свіней да 880 тысяч. Старшыня аблвыканкама напомніў, што з-за пагрозы АЧС статак свіней зменшыўся амаль на 150 тысяч. З 180 дробных фермаў прыйшлося закрыць 130, дзе ўтрымлівалася 109 тысяч свіней. Зараз на Міншчыне статак свіней складае 660 тысяч. “У адпаведнасці з планам па выніках 2015 года мы павінны выйсці на 828 тысяч галоў свіней, але, паводле нашых разлікаў, павялічым статак да 880 тысяч”, – зазначыў Сямён Барысавіч. Па яго словах, у рэгіёне ёсць усе рэзервы для павелічэння колькасці свіней за кошт адкрыцця новых сучасных свінакомплексаў. Вядзецца будаўніцтва буйных комплексаў у Слуцкім, Салігорскім і Любанскім раёнах. “У Мінскай вобласці робіцца ўсё неабходнае, каб статак свіней быў адноўлены. Гэтая задача будзе выканана”, – рэзюмаваў Сямён Шапіра.

Аб гандлі

–       Сёння ў вобласці з’яўляюцца буйныя гандлёвыя сеткі, уласныя прадпрыемствы. І гэта аб’ектыўны працэс. Няхай спажыўкааперацыя канкурыруе, зніжае цэны, шукае новыя падыходы і формы. Але нельга закрываць і магазіны крокавай даступнасці. Манапалізму быць не павінна.

За навядзенне парадку

“Мы вызначыліся, што бюджэт размяркоўваецца па раёнах, і старшыні райвыканкамаў маюць права распараджацца гэтымі грашыма на свой погляд. Гэта абгрунтаваная мера. Размеркаванне сродкаў знаходзіцца пад строгім кантролем аблвыканкама. У першую чаргу грошы будуць накіроўвацца на навядзенне парадку ў населеных пунктах. Вялікія сродкі будуць укладвацца ў развіццё Мінскага раёна – Бараўлянаў, Мачулішчаў, Калодзішчаў, Калядзічаў… Таксама ў планах прывесці ў парадак і некаторыя раённыя цэнтры. Сярод іх – Дзяржынск, Стоўбцы, Мар’іна Горка. Але сама дрэнна выглядае, на мой погляд, Барысаў. Патрэбна змяняць воблік і гэтага горада”, – канстатаваў старшыня аблвыканкама.

Сямён Барысавіч расказаў прадстаўнікам масмедыя аб тым, што ў Барысаве адкрылася лінія па вырабе запалак. Ён засяродзіў увагу і на пытанні аб кошце жылля. Пры будаўніцтве жылля кошт аднаго квадратнага метра павінен раўняцца сярэдняй зарплаце па вобласці, памножанай на каэфіцыент 1,2. Калі пакупнікі жадаюць мець жыллё павышаных спажывецкіх якасцяў, а не тыпавых, то кошт можа быць і вышэйшы.

Аб дармаедстве

–       З дармаедствам патрэбна змагацца. У нас некаторыя грамадзяне нідзе не працуюць, але жывуць у поўным дастатку. Яны не плацяць падаткаў, але карыстаюцца ўсімі льготамі, якія дае дзяржава. Мне здаецца, што людзям, якія працуюць і плацяць падаткі, непрыемна, што хтосьці бясплатна карыстаецца такімі ж паслугамі, як яны, – выказаў думку Сямён Барысавіч Шапіра на пытанне аб новым законе аб дармаедстве.

Акрамя прэс-канферэнцыі са старшынёй аблвыканкама С. Б. Шапірам, журналістам была дадзена магчымасць пазнаёміцца з работай некаторых аб’ектаў Вілейшчыны: дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Надзея – ХХІ ст.”, аб’екта прыдарожнага сэрвісу “Украінскі дворык”, мемарыяльнага комплексу памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” ў вёсцы Заброддзе, ААТ “Будматэрыялы” (ТМ Vilario), Вілейскай мэблевай фабрыкі. Таксама прадстаўнікі масмедыя паглядзелі літаратурна-музычную кампазіцыю «С войны: Листки походной тетради», прысвечаную падзеям Першай сусветнай вайны.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *