Міліцэйскі веснік

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

2-га лістапада раённаму аддзелу ўнутраных спраў споўнілася 75! Яго супрацоўнікам, шаноўным ветэранам міліцыі – баявога характару і сумленнага служэння!

ЛЕПШЫЯ ПА ПРАФЕСІІ

Конкурс прафесійнага майстэрства назваў імёны самых дасведчаных: оперупаўнаважаны па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Аляксандр Валовіч (у тым ліку і на ўзроўні вобласці), начальнік аддзела ДАІ Дзмітрый Воранаў, начальнік фінчасці Вера Траццяк.

Па выніках агляду-конкурсу УУС Мінаблвыканкама і МУС Рэспублікі Беларусь Часлаў Гарэлік неаднаразова прызнаваўся лепшым сярод участковых інспектараў міліцыі, а сёлета – сярод оперупаўнаважаных крымінальнага вышуку.     

На конкурсах былі пераможцамі ў асобных намінацыях: інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Вадзім Гарохавік – у фізічнай падрыхтоўцы, старшы інспектар групы кадраў Ала Сцефановіч – у веданні нарматыўных дакументаў.  

У ВЕТЭРАНСКІМ СТРАІ

Райаддзел міліцыі цесна супрацоўнічае з саветам ветэранаў міліцыі. Узначальвае яго Анатоль Драбовіч. У саставе арганізацыі – 35 ветэранаў міліцыі. Сёлета віншавалі з 80-годдзем аднаго са старэйшых таварышаў – Уладзіміра Канаша. Ветэраны сумесна з дзеючымі супрацоўнікамі наведалі музей-сядзібу “Дзяржынава”. Працуюць і над стварэннем у будынку РАУС свайго музея. Актыўны ўдзел у гэтым прымае ветэран міліцыі Марыя Хлапіцкая.

МІЛІЦЭЙСКАЯ СЯМ’Я

У райаддзеле – свае дынастыі: Рыбакоў, Гарохавікаў, Касматовічаў. Служаць разам муж і жонка Зянько, двое братоў Кудрэвічаў, двое братоў Сачукоў, Юлія Белавусава разам з братам Андрэем Васіным.

Оперупаўнаважаны Дзмітрый Канавал з’яўляецца бацькам чацвярых дзяцей, а яго калегі – участковы інспектар Андрэй Клочка, міліцыянеры-канваіры Віктар Грышан і Баляслаў Янкоўскі – татамі траіх дзяцей.

ВАЛЕЙБОЛЬНЫ КАСЦЯК

Два гады запар валейбольная каманда райаддзела трымае першынство сярод калег з Дзяржынскага, Нясвіжскага і Уздзенскага раёнаў. Касцяк яе складаюць старшы інспектар-дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы Андрэй Васін (капітан), старшы ўчастковы інспектар Аляксандр Кільчэўскі, начальнік крымінальна-выканальніцкай інспекцыі Уладзімір Кухарчык, участковы інспектар Андрэй Клочка, інспектар ДАІ Антон Хадакоўскі, інжынер МРЭА ДАІ Уладзімір Супрановіч.  

ГІСТОРЫЯ СВЕДЧЫЦЬ

У 1939 годзе было ўтворана ўпраўленне НКУС па Навагрудскай вобласці, у састаў якога ўвайшоў Стаўбцоўскі аддзел НКУС.  У гады вайны на франтах і ў партызанскіх атрадах змагаліся І. Я. Клімаш, М. А. Крукаў, А. Я. Савін, К. Д. Суднік, Р. Г. Цеўшчакаў  і іншыя.

Пасля вызвалення Беларусі 2-га ліпеня 1944 года аператыўная абстаноўка ў раёне заставалася напружанай. У першых радах барацьбы з бандытызмам знаходзіліся аператыўныя супрацоўнікі райаддзела: Л. С. Астапенка, Н. П. Стасялько і іншыя.

У 1951 годзе супрацоўнікі крымінальнага вышуку раскрылі буйныя крадзяжы збожжа – каля 100 тон – у райпрамкамбінаце. У 1951-1952 гадах супрацоўнікі аддзела прынялі ўдзел у аперацыі па затрыманні шпіёнаў-дыверсантаў у Налібацкай пушчы.

У 60-х гадах у крымінальным вышуку працавалі В. П. Слабоднік, П. М. Някрасаў, Т. І. Кутас. Іх барацьба са злачыннасцю ўвянчалася змяншэннем колькасці забойстваў, грабяжоў. Паспяхова было раскрыта “гучнае” забойства Івана Жукоўскага і яго сястры ў вёсцы Паласня.

У 70-я гады службу крымінальнага вышуку папоўнілі В. І. Савасценя, Г. М. Уласік, І. І. Рэкець. Дзякуючы іх прафесіяналізму раскрывальнасць злачынстваў дасягнула ў 1975 годзе 97,4 працэнта. Была раскрыта і серыя крадзяжоў з магазінаў у 1977 годзе. Барацьбе са злачыннасцю прысвяціў сваё жыццё былы начальнік аддзялення І. І. Сімончык.

З 1956 года па 1992 год нёс службу на адным участку ўчастковы інспектар міліцыі А. К. Дзяржынскі, узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”.

ПАД ІХ КІРАЎНІЦТВАМ

На працягу 75-гадовай гісторыі райаддзел міліцыі ўзначальвалі: С. С. Сяроў, С. Я. Рыгалаў, Разнаглазаў (іншых звестак не знойдзена), А. Д. Захараў, М. В. Цвяткоў, С. Ф. Клюкін, А. І. Мацвееў, М. А. Крукаў, В. Ф. Гайчук, І. І. Язвінскі, В. Я. Рыбальчанка, Р. М. Лісавец, М. А. Лукша, М. І. Груша, У. І. Лобач, А. М. Савасцей, А. А. Гладун. З 2014 года – І. А. Мамайка.

ГЕРОІ З НАМІ

Дружыннік Іван Гайдук у 1962 годзе пасмяротна ўзнагароджаны медалём “За адвагу”. Яго імем названы вуліцы ў райцэнтры (на ёй знаходзіцца райаддзел міліцыі) і ў Рубяжэвічах. На баявым пасту трагічна загінуў старшы інспектар райаддзела міліцыі Карл Угольнік. Пры выкананні службовых абавязкаў абарваліся жыцці Івана Белячкова, Аляксандра Рубіна і Аляксандра Дубатоўкі.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *