Свята вёскі: АГУЛЬНАЯ РАДАСЦЬ ВЯЛІКАЙ ГУМЕНАЎШЧЫНЫ

Культура Нумары

Вёскі, як і людзі, маюць сваю біяграфію, свой жыццяпіс. Паселішча, дзе сёння месціцца Вялікая Гуменаўшчына, згодна з гістарычнымі звесткамі ўтварылася ў 1591 годзе. Наконт назвы ёсць розныя версіі. Паводле адной з іх адметны след у заснаванні пакінуў пасланы сюды ігумен – святарскі чын. А можа, назвалі так вёску ад прыкметных пабудаваных тут гумнаў.

Больш як чатырохсотгоддзе – сівая даўніна. А вось сама сведка векавой гісторыі. Ядвіга Іосіфаўна Францкевіч, якой у сёлетнім чэрвені споўнілася роўна сто гадоў, у акружэнні дзяцей, унукаў, праўнукаў на лавачцы ля сваёй хаты прымала шчырыя віншаванні. І не толькі ад родных і аднавяскоўцаў, але і ад шматлікіх гасцей, якія завіталі на ўрачыстасць.

Прывітальныя словы і песні. Выказаўшы пашану, пад гукі духавога аркестра ўсе рушылі далей па асфальтаванай вуліцы. Так пачалося свята вёскі Вялікая Гуменаўшчына. Гаспадары запрашалі ўсіх да столікаў з пачастункамі. А там і далікатэсы: уласна прыгатаванае пячэнне, і гарбата, і малако, і мёд. Галоўнае ж, знаёмства з сем’ямі – дбайнымі гаспадарамі, шчырымі працаўнікамі. Дарэчы тут і фатаграфіі, прымацаваныя ці на прыстаўным стэндзе, ці ў рамачцы прама на плоце каля веснічак. Вось слаўны радавод Дзямянкаў. Гаспадыня дома Ядвіга Казіміраўна і шматдзетная сям’я Марыны і Дзяніса Ланкевічаў. Дачка і зяць з дзеткамі часта прыязджаюць у вёску, дапамагаюць матулі. Тое ж можна сказаць аб сям’і Янкоўскіх. Пра ваенныя дарогі Антона Францавіча нагадваюць і фатаграфіі, і чырвоная зорка на фасадзе дома. І сюды, да маці Ганны Уладзіміраўны, заўсёды спяшаюцца дзеці. Знаходзяць сваё шчасце і на радзіме  – як кажуць, дзе нарадзіліся, там і спатрэбіліся. Старанна працуюць у ААТ “Шашкі” механізатары Мікалай і Іван Кутасы, Валянціна Калодзінская, Галіна Петрашкевіч.

Ветэраны, хто шмат гадоў аддаў працы ў гаспадарцы, сённяшнія шчырыя рупліўцы, дзеці, якіх з далёкіх і блізкіх дарог заўсёды сагрэе цяпельца бацькоўскай хаты. І госці, запрошаныя на свята. Усе сабраліся на ўтульным двары, дзе прагучалі фінальныя акорды свята “Табой ганаруся я па праву, родная вёска мая!”

Дзейства распачала і далей вяла рэй Ніна Дубовік. Справядліва будзе сказаць, што дзякуючы Ніне Уладзіміраўне свята гэтае стала такім прыгожым, памятным. Былы дырэктар Шашкоўскай школы, актыўная і добразычлівая па натуры, Ніна Уладзіміраўна сваёй энергіяй, можна сказаць, заражае і падбадзёрвае іншых. Вельмі добра, што на сяле ёсць такія грамадскія актывісты. Ніна Дубовік узначальвае раённы камітэт Кампартыі Беларусі, уваходзіць у састаў рэспубліканскага ЦК. І бачыць прызначэнне сённяшняй партыі ў сапраўдным служэнні людзям.

Як і належыць, дбайна пастаралася, каб ва ўсіх быў святочны настрой старшыня Шашкоўскага сельвыканкама Святлана Якаўлева. А галоўнае, арганізавала людзей на добраўпарадкаванне сядзіб. Матыў па-жыццёваму просты: свята заіскрыцца, калі светлая святліца. Сама ж Святлана Расціславаўна адзначыла, згодна з рашэннем сельскага Савета, дбайных гаспадароў дыпломамі за перамогу ў конкурсе на лепшае падвор’е. Шыльдамі “Дом узорнага ўтрымання” будуць цяпер упрыгожаны сядзібы Генадзя і Чаславы Рагозаў, Іосіфа і Яніны Ясюкевічаў. Ды і ўвогуле чысціня і парадак паказваюць, што вёска гэтая і акуратная, і дружная. Нездарма ж удзячнасць прагучала ў адрас Алега Безручонка, які авансаваў свае сродкі для пракладкі камунікацый прыроднага газу.

Здатная вёска справамі сваіх людзей. Аб гэтым гаварылі ў прывітальных словах старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзій Казякоўскі, дырэктар ААТ “Шашкі” Валерый Ільюшэнка. Удзячнасць і благаславенне людзям выказаў свяшчэннік каталіцкага прыхода ксёндз Юзаф.

Здаецца, ніхто з сяльчан не быў абыдзены увагай, словамі пахвалы, віншаваннямі, падарункамі. Пачынаючы ад жанчыны з векавой біяграфіяй Ядвігі Іосіфаўны Францкевіч, пра якую тут ужо гаварылася, і да самай маленькай Сонечкі Азізавай, якой толькі чатыры месяцы. Чалавек – гэта цэлы свет, кожны заслугоўвае ўвагі, мае сваю адметнасць. Дружна віншавалі ветэрана працы, узнагароджанага Знакам Пашаны, Антона Канстанцінавіча Петрашкевіча. І Ванду Сушынскую, у якой акурат выпаў дзень нараджэння, Яніну Зянонаўну і Іосіфа Францавіча Ясюкевічаў з 55-годдзем сумеснага жыцця. Прывецілі школьнікаў, дзяцей з вёскі. І ветэранаў, інвалідаў, каму прэзентаваў падарункі Чырвоны Крыж. Ураджэнцаў Вялікай Гуменаўшчыны, шчырых сваіх працаўнікоў адзначылі прадстаўнікі аграбудфірмы “ПМК-74 – Налібакі”, райспажыўтаварыства, ПМС, Шашкоўскай школы, ААТ “ТБЗ Нёман”.

Якое ж свята без музыкі і песень? Выдатны настрой стваралі ўдзельнікі народнага духавога аркестра Стаўбцоўскай школы мастацтваў, калектываў Шашкоўскіх школы мастацтваў і сярэдняй школы. Асабліва дружныя апладысменты гучалі ў адрас вясковых жанчын, якія на знакаміты матыў выканалі свае “Гуменаўскія вечары”. Хораша гучала і паэтычнае слова. Ганна Петрашкевіч прачытала верш на польскай мове. Марыя Лябедзька (Янкоўская) прэзентавала свой паэтычны зборнік. У кніжцы, выдадзенай за ўласныя сродкі, яна пастаралася адзначыць вершаванымі радкамі і родных, і знаёмых, сваіх аднавяскоўцаў.

У гэты восеньскі дзень усім было цёпла і хораша. Выдатная традыцыя адраджаецца на Стаўбцоўшчыне – правядзенне святаў вёсак.

Пашана ўсім вам, Стаўбцоўшчыны вёскі,

Вялікія вёскі і сёлы малыя.

Жывіце ж усе вы  пад літасцю Боскай,

І радасць хай будзе для ўсіх неабдымнай.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *