Ушанавалі памяць Анатоля Грэкава

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Другі раз на стадыёне “Юнацтва” прайшоў турнір па футболе памяці Анатоля Грэкава. Гэтага абаяльнага, інтэлігентнага, заўсёды з добразычлівай усмешкай чалавека ў нашым раёне ведаюць як былога начальніка аддзела культуры. Але шэсць гадоў (1979 – 1985 гг.) яму давялося працаваць дырэктарам Стаўбцоўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. За гэты час ён унёс у спартыўнае жыццё раёна адметны ўклад: пабудавана новае памяшканне ДЮСШ, зроблена перапланіроўка спартыўнай зоны тэрыторыі, створаны Клуб аматараў футбола, футбольныя каманды дублёраў былога СССР праводзілі свае матчавыя гульні на нашым стадыёне. Анатоль Васільевіч быў не толькі аматарам спорту, але і сам працаваў трэнерам па гандболе, быў спартыўным каментатарам, ініцыятарам і рэжысёрам вялікіх спартыўна-мастацкіх святаў, захопленым калекцыянерам.

Два гады, як пайшоў ён з жыцця. Але след ад яго стасункаў са спортам застаўся. Дома ім было сабрана практычна ўсё пра футбол: значкі, праграмкі матчаў, маркі, футболкі, магніты з выявамі спартыўнага жыцця, календары, кубкі турніраў, асабістыя нататкі-інфармацыі з матчаў, мячы з аўтографамі, вымпелы айчынных і замежных спартыўных клубаў, постыры. Уражвае асабістая бібліятэка кніг на спартыўную тэматыку. Усе матэрыялы аб спорце (так хацеў сам Анатолій Васільевіч, так вырашыла і яго сям’я) будуць перададзены ў дар музею будучага фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Турнір памяці становіцца традыцыйным. 17 кастрычніка 2014 года ў нашым горадзе адбыўся другі традыцыйны турнір памяці Анатоля Грэкава сярод юнакоў 2000 года нараджэння.

Яго арганізатары – дырэктар ДЮСШ С. І. Жук, старшыня Мінскай абласной федэрацыі футбола, рэферы ФІФА Алег Чыкун, спонсары Генадзь Макась, Міхаіл Радзіон і іншыя – дасканала прадумалі праграму турніру спаборніцтваў.

У турніры прымалі ўдзел восем камандаў: ФК “Гарадзея”, ФК “Арбіта-1”, ФК “Арбіта-2”, ДЮСШ Стоўбцаў, ДЮСШ Узды, ДЮСШ Ст. Дарог, ДЮСШ Дзераўной, ДЮСШ Дзяржынска. На жаль, наша каманда не змагла заняць прызавое месца. Барацьба за першае, другое, трэцяе месцы была нялёгкай. За першае месца змагаліся каманда ФК “Гарадзея” – ФК “Арбіта-2”. Перамогу атрымала каманда ФК “Гарадзея” з лікам 2:1.

Другое месца заняла каманда ФК “Арбіта-2” горада Мінска. За трэцяе-чацвёртае месцы змагаліся ФК “Арбіта-1” – ДЮСШ Ст. Дарог. Гульня скончылася з лікам 1:1. Уладальнік кубка за 3-е месца вызначыўся ў серыі пенальці з лікам 6:5, перамогу атрымала каманда ДЮСШ Ст. Дарог.

Камандзе-пераможцы турніру спецыяльны Кубак памяці Анатоля Грэкава ўручыла Галіна Іосіфаўна Грэкава. Прызёры атрымалі медалі, а лепшыя футбалісты ў асобных намінацыях адзначаны спецыяльнымі кубкамі. Лепшым варатаром турніру прызнаны Яўген Дзмітрук з каманды ДЮСШ Ст. Дарог, лепшым абаронцам стаў Дзмітрый Крыўко (ФК “Гарадзея”), іграком турніру назвалі Яраслава Іваніцкага (ФК “Арбіта-2”), нападаючым – Арцёма Шуляка (ДЮСШ Узды), а прыз сімпатый гледачоў уручаны Аляксандру Маліноўскаму (ДЮСШ Стоўбцаў).

Что датычыць арганізацыі спаборніцтва, то трэба адзначыць, што кранальнымі былі многія моманты. Удзельнікі турніру ўсклалі кветкі на магілу Анатоля Грэкава. На стадыёне ўсе ўдзельнікі  турніру схілілі галовы ў хвіліне маўчання, прагучаў расказ аб жыцці і здзейсненых справах Анатоля Грэкава. Падкрэслівалася шматбаковасць таленту і захапленняў гэтага чалавека.

Лаура КАСПЯРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *