На Стаўбцоўшчыне

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

ДЗЕНЬ ПРЫЗЫЎНІКА: З САЛДАЦКАГА СТРОЮ – ШКОЛА ЖЫЦЦЯ

Апошні дзень кастрычніка на Стаўбцоўшчыне стаў днём прызыўніка: 54 прызыўнікі асенняга прызыву ўрачыста атрымалі павесткі ў войска. Для навабранцаў, у якіх неўзабаве пачнецца новы жыццёвы этап, гэта і знаёмства з гісторыяй свайго краю, і адбітак у душы вобраза Радзімы, пачуццяў доўгу і патрыятызму… У многіх за плячыма – вышэйшыя навучальныя і сярэднія спецыяльныя ўстановы, а таксама першыя крокі на шляху прафесійнага майстэрства.

Раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў уручыў кожнаму маладому чалавеку павестку, даў свой афіцэрскі наказ.

– Тэрміновая ваенная служба ў рабят будзе праходзіць ва ўнутраных і пагранічных войсках, спецназе, паветрана-дэсантных і іншых прэстыжных войсках нашай рэспублікі, – падкрэсліў ваенкам. – Пры выбары роду войскаў улічваліся пажаданні будучых салдат і іх ступень здароўя. Адпраўкі ў войска пройдуць з 14 па 26 лістапада.

Шасцёра з 54-х “асенніх” прызыўнікоў будуць служыць у рэзерве. Адзін з іх – праграміст- “айцішнік” Вадзім Казлоў пасля заканчэння ўніверсітэта аказаўся запатрабаваным у Нацыянальным цэнтры электронных паслуг. Вадзім на прызыўным участку сустрэўся са сваім былым аднакласнікам – Вадзімам Рамейкам. Аднакласнік закончыў БНТУ і вярнуўся ў свой раён. Працуе на філіяле ААТ “Кіруючая кампанія холдынгу “Мінскі маторны завод” у г. Стоўбцы, а на бліжэйшы год папоўніць рады пагранічнікаў. 

Асаблівасцю гэтага прызыву з’яўляецца і тое, што двое прызыўнікоў, Вячаслаў Скрыннік і Уладзіслаў Гайко, ідуць на службу ўжо малодшымі камандзірамі – падчас вучобы ў ВНУ яны прайшлі навучанне на ваеннай кафедры.

Да моладзі звярнуўся з цёплымі пажаданнямі бывалы салдат, адзін з актыўных членаў раённай арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Іван Карніцкі:

– Віншую вас з уступленнем у школу жыцця! У арміі ўсё для вас будзе новым. Я прызываўся Стаўбцоўскім райваенкаматам 31 год таму. Тады гэта быў Афганістан, гарачая кропка… Вам такога, на шчасце, не прыйдзецца зведаць. Служыць будзеце дома, у Беларусі. Нясіце службу так, каб мы маглі спакойна спаць, мірна працаваць…  

Калі рабяты ўжо вярталіся ў аўтобус, яны зусім па-іншаму паглядзелі на вадзіцеля аўтапарка № 17 Івана Карніцкага, які на камфартабельным аўтобусе даставіў іх у музей: і ў лёсе, і ў прафесіяналізме гэтага чалавека, які так нечакана і з розных бакоў раскрыўся перад імі, кожны з прызыўнікоў можа знайсці для сябе нешта важнае, рэальнае, без чаго наўрад ці магчыма  адслужыць нармальна і, тым больш, пражыць жыццё. Працягваць эстафету армейскай службы – гонар для мужчыны.

Служыце годна, землякі, мы ў вас верым!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ        

 

АБНАЎЛЕННЕ: ЗІМА – З ПРЫРОДНЫМ ГАЗАМ

Лагоднае надвор’е сёлетняй восені спрыяе калектыву райгаза актыўна праводзіць работы па пракладцы вулічных размеркавальных сетак па заказе кааператыва “Колокольчик” – жыхароў вёскі Зарэчча Дзераўнянскага сельсавета. Працаўнікі газавай службы настроены здаць аб’ект да канца каляндарнага года.

А ў вёсцы Барок гэтага ж сельсавета ўжо ідуць пуска-наладачныя работы, як і ў вёсцы Баханы. Ці трэба гаварыць, якая выгода будзе для вяскоўцаў ужо ў гэтым сезоне ацяпляць свае дамы прыродным газам.

 

УЛОННЕ: «РЭВІЗІЯ» ЛЯСНЫХ КУЛЬТУР

Восень для лесаводаў Кульскога лясніцтва – пара “рэвізіі” лясных культур.

Асноўныя пасадкі прайшлі вясною, а цяпер у лесаводаў сезонны клопат пра дапаўненне лясных культур або падсадкі на месца тых, што не прыжыліся. Яны падсаджваюць бярозу, сасну, дуб, елку. Восеньскія пасадкі невялікія – занялі прыкладна 18 гектараў. Пасадачны матэрыял – якасны, узяты з пітомніка Стаўбцоўскага доследнага лясгаса.

 

АДПАЧЫНАК: У ПАЛЯЎНІЧЫМ ДОМІКУ

Расіяне пераадолеюць тысячу кіламетраў, каб сустрэць Новы год у паляўнічым доміку ў вёсцы Заменка Цясноўскага сельсавета.

Гэты аб’ект агратурызму належыць ТАА “БелОхотТур”, прыватнай арганізацыі, якая ажыццяўляе дзейнасць у нашым раёне і прапаноўвае турыстам такі від адпачынку як аматарскае паляванне. На такі турызм ёсць попыт як у нашых суайчыннікаў, так і ў грамадзян Расійскай Федэрацыі.

Паляўнічы домік у Заменцы не бывае пустым восенню і зімою. Ён можа прыняць 12 чалавек. На тэрыторыі турыстычнага аб’екта ёсць лазня, мангал. Акрамя таго, можна скарыстаць такія паслугі – пакатацца на каноэ па Усе, якая працякае побач. І наогул, гэта ямаланаселеная вёска на ўскрайку лесу прыцягвае турыстаў сваёй прыгажосцю і цудоўнымі краявідамі.

 

ДЭМАГРАФІЯ: КОЛЬКІ НАС?

Згодна з інфармацыяй Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці, колькасць насельніцтва Стаўбцоўскага раёна па стане на 1 кастрычніка 2014 года склала 40 170 чалавек. За студзень – верасень 2014 года ў раёне нарадзілася 401 дзіця, на пяць дзяцей больш, чым за адпаведны мінулагодні перыяд. Памерлі за гэты перыяд 572 чалавекі, на 26 чалавек менш чым за такі ж час летась.

У раёне за 9 месяцаў года зарэгістраваны 264 шлюбы і 104 іх скасаванні, адпаведна на 12,6 і 14 працэнтаў менш мінулагодняга.

За студзень – верасень 2014 года міграцыйны прырост раёна склаў 103 чалавекі.

 

НА ФІНІШЫ ГОДА: ЧАС ЗАКАЗАЦЬ КАЛЯНДАР

Калектыў стаўбцоўскай друкарні ў гэтыя апошнія месяцы года зарыентаваны на навагоднюю прадукцыю. У першую чаргу – гэта розныя календары на 2015 год.

У ліку першых заказ на гэтую прадукцыю зрабіў аддзел унутраных спраў райвыканкама, выконваюцца падобныя заказы і для іншых арганізацый раёна. Работнікі друкарні гатовы выканаць эксклюзіўныя заказы.

Па-ранейшаму паслугі друкарні запатрабаваны не толькі мясцовымі арганізацыямі, але і арганізацыямі  іншых гарадоў. У аб’ёме выкананых паслуг бланачная прадукцыя складае пераважную большасць.

 

МЕДЫЦЫНА: СЯСТРЫНСКІ ДОГЛЯД

З 1 лістапада на базе Дзераўнянскай участковай бальніцы адкрылася аддзяленне сястрынскага догляду на 20 ложкаў.

Попыт на гэтыя паслугі высокі. Асноўнай задачай такога аддзялення з’яўляецца кваліфікаваны догляд хворых пажылога і састарэлага ўзросту. У першую чаргу ў аддзяленне прымаюцца адзінокія людзі, якія пакутуюць на хранічныя захворванні і маюць патрэбу ў медыцынскім і сацыяльным доглядзе.

Медыцынскія работнікі кругласутачна сочаць за станам здароўя пацыентаў, аказваюць ім санітарна-гігіенічную і маральна-псіхалагічную падтрымку. Паслугі аддзялення сястрынскага догляду платныя і складаюць 80 працэнтаў ад памеру пенсіі пенсіянераў усіх катэгорый.

Акрамя аддзялення сястрынскага догляду ў Дзераўнянскай участковай бальніцы працягвае функцыянаваць стацыянар на 30 ложкаў, дзе праходзяць лячэнне сельскія жыхары бліжэйшых населеных пунктаў.

 

ПАКУЛЬ СПІЦЬ ПРЫРОДА

Кожны год, пачынаючы з лістапада, цэнтральная раённая бальніца згодна з графікам выклікае на планавы медыцынскі агляд жывёлаводаў, механізатараў і працаўнікоў іншых катэгорый сельскагаспадарчай вытворчасці. Гэта час адноснага зацішша ў штодзённых сялянскіх буднях.

Спецыялісты аддзялення прафілактыкі раённай бальніцы абследуюць працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці, пры патрэбе яны праходзяць стацыянарнае ці амбулаторнае лячэнне. Медыцынскі агляд плануецца завяршыць да красавіка, калі пачынаюцца веснавыя палявыя работы.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *