Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны чатыры шлюбы, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі пяцёра маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: двайняты Марыя і Дар’я Курыльчык, Уладзіслаў Дзеранцяеў, Данііл Круцько і Артур Каладзінскі.

Зямны шлях закончыўся для 11-ці чалавек.

У пажарнай часці згадалі два вогненныя здарэнні. Агнём, выкліканым парушэннем правіл пажарнай бяспекі пры ўстройстве пячнога ацяплення, моцна пашкоджана лазня ў Атцэдзе, у садовым таварыстве “Сябры”. Са Сверынава паступіла паведамленне аб загаранні дачы. Папярэдняя прычына здарэння – падпал.

Міліцыяй зарэгістравана 125 паведамленняў аб правапарушэннях, у ходзе якіх узбуджана восем крымінальных спраў, у пяці з іх устаноўлены падазраваемыя. Так, невядомы абрабаваў магазін райспажыўтаварыства ў Любкаўшчыне. Нецвярозы злодзей, будучы ў будынку аўтастанцыі, паквапіўся на рукзак на адным з сядзенняў.   

Пракуратурай раёна праведзены аналіз выканання арганізацыямі раёна патрабаванняў працоўнага заканадаўства ў частцы своечасовай выплаты работнікам заработнай платы. Па выніках аналізу ў адносінах да кіраўнікоў ААТ “Дзераўное”, ААТ “Аталезь-агра” і ААТ “Радзіма Дзяржынскага” складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, якія накіраваны ў суд раёна для разгляду. Дырэктар ААТ “Шашкі” афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці паўторнага парушэння закона.  

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй працы ў рамках месячніка па ахове працы (з 1 па 30 лістапада) ажыццяўляюцца выезды на прадпрыемствы ў складзе мабільных груп. На месцах вядзецца праверка.

Суд прыгаварыў да пазбаўлення волі на адзін год 35-гадовую жыхарку Мікалаеўшчыны, раней судзімую, якая ўхілялася ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі. 56-гадовы  стаўбчанін асуджаны за паўторнае кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення: ён абмежаваны ў волі на два гады з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі на пяць гадоў, штрафам на суму 45 млн руб. і прымяненнем спецмеры – канфіскацыі аўтамабіля “Нісан-патрол”. На 1,5 млн руб. аштрафавана 41-гадовая жыхарка Аталезі, якая захоўвала ў гаспадарчай пабудове самагонны апарат, 80 літраў брагі. На аналагічным папаўся і жыхар Дзераўной, у якога канфіскавана 300 літраў брагі і шэсць літраў самагону.   

ДАІ выявіла 184 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – восем вадзіцеляў-бяспраўнікаў і двое нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх, жыхар Стоўбцаў, – паўторна на працягу года, у сувязі з чым аўтамабіль пастаўлены на штрафстаянку, уладальніку пагражае яго канфіскацыя), 24 недысцыплінаваныя пешаходы. Здарылася чатыры дарожныя аварыі. На шчасце, у іх ніхто не пацярпеў.

“Хуткая” выязджала да хворых 152 разы, у прыватнасці восем зваротаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ         



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *