Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ: ПАДКАЗВАЕ РОБАТ

Сёлета ў ААТ “Каганец” здолелі істотна павысіць якасць малака. З пачатку года на перапрацоўчы завод адсюль адгружана гатункам “экстра” больш за палову прадукцыі. Прычым паступае якаснае малако не толькі з  фермы ў Засуллі, дзе ўстаноўлены робаты.

На МТФ “Ячонка” жывёлаводы стараюцца, каб малако залічвалі найвышэйшым гатункам, і ім гэта ўдаецца. Зарэчанскія працаўнікі таксама прыкладаюць намаганні і здаюць малако вышэйшым гатункам. Галоўны заатэхнік Вера Конюх лічыць, што ўсё залежыць менавіта ад сумленнай працы саміх жывёлаводаў.

– Малако з вымя ідзе стэрыльнае, чыстае, а пагаршаецца яго якасць пад уплывам чалавечага фактара, – сказала Вера Аляксандраўна. – Таму мы пагутарылі з людзьмі, папрасілі іх строга прытрымлівацца правілаў даення кароў. Зразумела, матэрыяльна зацікавілі. Мыйнымі сродкамі забяспечылі. Адным словам, ёсць усё для таго, каб атрымліваць якасную прадукцыю. І даяркі пайшлі насустрач, адказна ставяцца да сваіх абавязкаў, выконваюць належным чынам даручаную работу, за што ім вялікі дзякуй.

Галоўны заатэхнік патлумачыла, што на фермах дакладна наладжаны кантроль за якасцю малака. Адзін з паказчыкаў якасці – наяўнасць у малацэ саматычных клетак. Высокая іх канцэнтрацыя ў сыравіне не дазволіць атрымліваць высакаякасныя малочныя прадукты пасля перапрацоўкі. Таму, як толькі параметры перасягаюць дапушчальныя, адразу правяраюць кароў на мастыт. Хворым праводзяць адпаведнае лячэнне. А вось на робатах устаноўлены спецыяльныя апараты, якія бяруць аналіз ад кожнай каровы і аўтаматычна вызначаюць наяўнасць саматычных клетак. Як толькі выяўляецца праблема, робат папярэджвае аб гэтым, міргаючы  чырвоным святлом. Інфармацыя затым выводзіцца на камп’ютар.

– Аднак “экстра” – гэта не толькі саматыка, – працягвае гаворку Вера Аляксандраўна, – а і бактэрыяльнае абсемяненне малака.  Нашы жывёлаводы пастаянна падтрымліваюць у чысціні малакаправод, малочны халадзільнік і даільныя апараты. У кароўніках падлога заўжды пасыпана апілкамі. Падмываецца вымя кароў, выкарыстоўваюцца дэзынфіцыруючыя сродкі на аснове ёду. Яшчэ адзін немалаважны момант – пасля даення вымя абавязкова апрацоўваецца спецыяльным прэпаратам з мэтай надзейна закрыць сфінктар саска. Для гэтага ў наяўнасці шклянкі для акунання саскоў і сурвэткі.

Галоўны спецыяліст лічыць, што атрымліваць малако гатункам “экстра” можна максімальна. Але стопрацэнтнай здачы дабіцца вельмі цяжка. Хоць статак і абнаўляецца, усё ж на фермах яшчэ застаюцца старыя каровы, у якіх саматыка завышана па прычыне іх узросту. Такая жывёла нярэдка хварэе.

 

«ДЭКРЭТ» ДЛЯ КАРОВЫ

На МТФ “Жыгалкі” ААТ “Радзіма Якуба Коласа” праведзена рэканструкцыя цялятніка пад утрыманне сухастойных кароў.

Унутры памяшкання ёсць водапаілкі, зроблена металічная агароджа. Побач з забудовай забетанаваны выгульныя двары, таксама заліты бетонныя пляцоўкі для кармоў і выдалення гною. Такім чынам на ферме стала магчымым выдзеліць асобна сухастой тых кароў, што вельмі важна, бо гэты перыяд – свайго роду “дэкрэтны водпуск” для кароў, адпачынак ад “работы” даваць малако. 

У гэты час трэба сур’ёзную увагу ўдзяляць рэжыму ўтрымання і належнага кармлення цельнай жывёлы, каб атрымаць моцны і жыццяздольны маладняк.

Трэба дадаць, што ў гаспадарках раёна пакуль што існуе праблема з выдзяленнем сухастойных кароў.

 

КАЛІ Ў ДЭФІЦЫЦЕ АПІЛКІ

Існуюць асноўныя патрабаванні да памяшканняў, дзе ўтрымліваецца жывёла. У першую чаргу яны павінны быць сухімі і чыстымі.

Дзеля гэтага выкарыстоўваецца падсцілка, у прыватнасці, апілкі. У шэрагу гаспадарак раёна недахоп іх адчувальны. У сувязі з гэтым распрацаваны і складзены графік, згодна з якім дваццаць пяць дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў раёна будуць забяспечваць сельгаставарыствы такім падсцілачным матэрыялам. Кожнае прадпрыемства замацавана за адной з гаспадарак. Варта адзначыць, што пастаянна завозілі і завозяць апілкі ААТ “Вялікі Двор”, “Каганец”, ПДСУП “Профі-Аграцэнтр” і ТАА “СЖК “Налібакі”. Каровы тут чыстыя і якасць малака адпаведна высокая.

 

СЛУЖБА ЎРАДЖАЮ: РЫХТУЕЦЦА ПАДМУРАК

Каб дапамагчы сельгаспрадпрыемствам спаўна вывезці  арганіку з фермаў на палеткі, у раёне створаны чатыры міжгаспадарчыя механізаваныя атрады.

Два – у ДУП “Аўтапарк № 17” і па адным – у ААТ “Стаўбцоўскі райаграсэрвіс” і ААТ АБФ “ПМК-74 – Налібакі”. Укамплектаваны ў сельгаставарыствах  і свае звенні. Такім чынам, ёсць магчымасць штодзень вывозіць ад пяці да шасці тысяч тон арганікі, а ўсяго неабходна даставіць на палеткі каля 60 тысяч тон. Гэтымі днямі  атрады шчыруюць у гаспадарках.  Адначасова вядзецца і ўнясенне арганікі. На жацераўскіх палетках, па дамоўленасці ўпраўлення райсельгасхарча, завіхаецца атрад з Мінскага райаграсэрвіса. Вядуцца таксама перамовы аб аказанні дапамогі з Нясвіжскім аграсэрвісам. А вось у ААТ “Каганец”  шчыруе мехатрад нашага райаграсэрвіса. Рупяцца на гэтай рабоце і механізатары гаспадарак.

 

АДЗІН ЗА ЎСІХ

Уздым зябліва – адзін з важнейшых агратэхнічных прыёмаў, які дазваляе разгрузіць вясеннія  палявыя работы, садзейнічае захаванню вільгаці ў глебе, стрымлівае рост пустазелля і ў канчатковым выніку павялічвае ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур.

Аднак немалаважна вытрымліваць і тэрміны правядзення ворыва. Менавіта  для своечасовага і якаснага выканання данага аграпрыёму ў кожнай гаспадарцы сёлета выбраны адзін механізатар, за якім замацаваны магутны энерганасычаны трактар з абаротнымі плугамі. Працаўнік будзе пачынаць ворыва пасля першага ўкосу і выконваць гэтую тэхналагічную аперацыю да канца кастрычніка, што дазволіць своечасова правесці ўздым зябліва ў гаспадарцы. Пры гэтым кіраўніцтва матэрыяльна зацікавіць работніка. Для групы механізатараў, якім даверылі гэтую работу, быў праведзены семінар-вучоба  на базе ААТ “Агра-Дубінскае”  Валожынскага раёна, дзе аб тэхналогіі ворыва ім падрабязна расказаў кандыдат тэхнічных навук Якаў Яроцкі. 

 

ПАРУШЫЛІ АГРАПРЫЁМ

Тэхналагічная каляіна – адзін з элементаў інтэнсіўнай тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур.

Яе выкарыстанне значна павышае вытворчасць і якасць работы апырсквальнікаў, улічваючы даволі высокі кошт сродкаў аховы раслін. А таксама раскідвальнікаў мінеральных угнаенняў. Змяншае расход насення і дазваляе пазбегнуць траўміравання раслін па слядах колаў. Аднак у шэрагу гаспадарак нашага раёна даны   аграпрыём сёлета быў парушаны. Тэхналагічная каляіна не была нарэзана на трох з паловай тысячах гектарах збожжавых культур. У прыватнасці, у ААТ “Вішнявецкі-агра” – на 1416 гектарах, “Рочавічы” – 810, “Аталезь-агра” – 710, “Рубяжэвічы” – 420 і “Радзіма Дзяржынскага” –166. Кіраўнікам вышэйназваных гаспадарак дадзена распараджэнне гэтую работу завяршыць, але ў першых трох таварыствах яна дагэтуль не выканана.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *