Сапраўдны гаспадар

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Чвэрць стагоддзя рупіцца на брыгадзірскай пасадзе Сяргей Пяткевіч. Пачынаў працаваць брыгадзірам у калгасе імя Гастэлы. Пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума прыехаў у  гаспадарку па накіраванні. Застаўся верным сваёй прафесіі і тады, калі аб’ядналіся дзве суседнія гаспадаркі пад адзінай назвай “Рубяжэвічы”. На даны момант адзіны ў таварыстве брыгадзір, таму і работы ў яго дастаткова.

– Сяргей Пяткевіч адукаваны і вопытны спецыяліст, – гаворыць намеснік дырэктара Ірына Атрушкевіч. – Адказна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў. Хварэе душою за агульную справу. Заўсёды параіцца, як лепш паступіць у той ці іншай сітуацыі. Сапраўдны гаспадар. Не праедзе  міма, калі ўбачыць на полі вялікі камень – абавязкова спыніцца і ўбярэ.

Сяргей Мікалаевіч, да таго ж, і сціплы чалавек. Па характары спакойны і ўраўнаважаны, умее ладзіць з людзьмі.

– Штатных паляводаў у нас толькі чатыры на ўсю гаспадарку, – расказвае брыгадзір, – а палявыя работы  цяпер выконваюць механізатары, якія працуюць на сучаснай тэхніцы. Падчас сяўбы, догляду пасеваў і ўборкі сельгаскультур кантралюю разам з галоўным аграномам якасць работ. Восенню мой асноўны аб’ект – бульбасховішча. Сачу за сарціроўкай і закладкай клубняў.

Сёлета ў таварыстве атрымалі неблагую ўраджайнасць другога хлеба. Накапалі з кожнага гектара 271 цэнтнер бульбы, усяго сабралі 1 680 тон. Самым ураджайным выдаўся чырвоны нямецкі сорт “белароса”, які аддзячыў больш як 400 цэнтнерамі з гектара. Бульбу паступова рэалізоўваем спажыўцам. Вельмі спадабаўся мінчанам айчынны сорт “крыніца”, які разварваецца. Карыстаецца попытам і “брыз”.

Як толькі бульба будзе ўпарадкавана, брыгадзір пераключыцца на вываз арганікі. А зімою, як і звычайна, пойдзе ў чарговы адпачынак. У астатнія пары года зрабіць гэта даволі праблематычна, бо работы хапае з раніцы да позняга вечара. Хатнюю гаспадарку даглядае ў асноўным жонка, якая працуе дыспетчарам на мехдвары ў Тонаве.

Сяргей Пяткевіч прымае актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці, з’яўляецца  дэпутатам сельскага Савета па Тонаўскай выбарчай акрузе. Ідуць да яго вяскоўцы з рознымі пытаннямі.

– Самыя надзённыя  –  дарогі і вада, – даводзіць дэпутат. – Пасля таго, як вёска перастала быць цэнтральнай сядзібай таварыства, зачыніліся паштовае аддзяленне і Дом культуры.  Людзі ўжо прызвычаіліся, збіраюцца і чакаюць, калі прыедзе паштовая машына, каб атрымаць карэспандэнцыю і своечасова аплаціць паслугі. Стараюся, каб зімою былі пачышчаны дарогі, бо дабрацца да нас бывае праблематычна. Шмат і іншых праблем, але не ўсе, на жаль, можна вырашыць. І адна з найпершых – як затрымаць моладзь на вёсцы.

Як расказвае Сяргей Мікалаевіч, у свой час і сам думаў адпрацаваць паложаны тэрмін і паехаць у горад. Хоць сам вясковы хлопец, родам з Заямнага, але, гледзячы на іншых, таксама цягнуўся да цывілізацыі.

Аднак затрымаўся і не шкадуе, што звязаў свой лёс з вёскай. Сяргея Пяткевіча паважаюць аднавяскоўцы, бо чалавек ён шчыры і гаспадарлівы. За добрасумленную працу яго вылучае сярод іншых кіраўніцтва таварыства.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *