П’янству – бой!

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

За дзевяць месяцаў бягучага года выяўлены і ўзяты на ўлік 75 дарослых жыхароў раёна, хворых на алкагалізм. З дыспансернага ўліку зняты 76 чалавек, яшчэ 18 – у сувязі са смерцю. Зафіксаваны чатыры “свежыя” выпадкі «алкагольнага псіхозу». У аддзяленнні інтэнсіўнай тэрапіі пралечаны 25 такіх хворых, лячэнне іх “вылілася” ў 75 ложка-дзён. Кошт аднаго дня лячэння складае 1 557 969 рублёў.

За восем месяцаў ад атручэння этылавым спіртам памерлі пяць чалавек, чацвёра – ад выпадковых утапленняў, пяць – у выніку суіцыду. Большасць з загінуўшых ужывалі перад гэтым спіртное.

 

СЛОВА – СТАРШЫНІ КАМІСІІ: ДЗЕНЬ ЦВЯРОЗАСЦІ – УСТАНОЎКА НА СВЯДОМУЮ АДМОВУ АД АЛКАГОЛЮ

Са жніўня бягучага года на Стаўбцоўшчыне кожны трэці чацвер месяца – Дзень цвярозасці.

Гэтая даволі-такі забытая ідэя штомесяц нагадвае пра тое, што адсутнасць культуры ўжывання спіртнога нярэдка абарочваецца “невясёлымі” дыягназамі, глыбокімі сацыяльнымі “нарывамі”, такімі як п’янства, алкагалізм і іншы негатыў, які абавязкова суправаджае гэтыя з’явы. Параўнальная статыстыка па колькасці рэалізаваных алкагольных напіткаў на душу насельніцтва (у разліку на абсалютны алкаголь) за першыя паўгоддзі 2013 і 2014 гадоў выглядае на Стаўбцоўшчыне наступным чынам: 10,02 літра і 9,4 літра адпаведна. Як бачна, намецілася невялікае зніжэнне ва ўжыванні спіртнога, якое рэгулярныя дні цвярозасці і ў цэлым комплекс праведзеных  прафілактычных мерапрыемстваў прызваны замацаваць.

– Дзейнічае раённы план мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму, прафілактыцы правапарушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін на 2011 – 2015 гады, – адзначае намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісі па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і суіцыдаў Сяргей ШЭСЦЕЛЬ. – Удзел ва ўвасабленні плана бяруць раённы выканаўчы камітэт і яго структурныя падраздзяленні, сельвыканкамы, грамадскія арганізацыі, суб’екты гаспадарання, свяшчэннікі. Пытанні эфектыўнасці прынятых прафілактычных мер сістэматычна выносяцца на разгляд выканкама і выканкамаў усіх тэрытарыяльных узроўняў, абмяркоўваюцца падчас адзіных дзён інфармавання, вучобы ідэалагічнага актыву. Нельга не сказаць пра дні прафілактыкі, якія знайшлі адабрэнне ў моладзі раёна.        

– Якая роля належыць камісіям па барацьбе з п’янствам?  

– На месцах, у працоўных калектывах, функцыянуюць 40 камісій па барацьбе з п’янствам. У сельвыканкамах і ўстановах адукацыі функцыі названай камісіі ўскладзены на такія фарміраванні як грамадскі пункт аховы правапарадку і саветы прафілактыкі. Штоквартальна на пасяджэнні раённай камісіі мы заслухваем справаздачы кіраўнікоў працоўных калектываў, службаў і сельвыканкамаў, дзе фіксуецца найбольш фактаў вырабу і продажу самагону, назіраецца рост злачыннасці на глебе злоўжывання спіртнымі напіткамі. Лічу, нам неабходна больш укараняць у практыку выязныя пасяджэнні.

За дзевяць месяцаў 2014 года прайшло 109 пасяджэнняў сельскіх грамадскіх пунктаў аховы правапарадку. На іх разгледжаны 604 чалавекі, 339 з іх – злоўжываюць спіртным (найбольш – у Налібацкім, Дзераўнянскім сельсаветах), 158 асоб, якія дапусцілі насілле ў сям’і (найбольш – у Заямнаўскім сельсавеце). Вынікам можна лічыць тое, што 34 чалавекі былі перакананы ў неабходнасці прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Ёсць сярод іх і абавязаныя асобы. Адметна, што  некаторымі гаспадаркамі (“Агранёманскі”, СЖК «Налібакі», “Вялікі Двор”) прафінансавана праходжанне гэтага лячэння.

– Сельскім выканаўчым камітэтам належыць стаць ініцыятарамі, каардынатарамі гэтай работы.

– Так, яны праводзяць аналіз крымінагеннай абстаноўкі на сваёй тэрыторыі і прымаюць меры індывідуальнай прафілактыкі да тых, хто злоўжывае спіртным. Арганізавана ўзаемадзеянне і абмен інфармацыяй, узгоднены план сумесных мерапрыемстваў з райаддзелам міліцыі, цэнтральнай раённай бальніцай, камісіяй па справах непаўналетніх і суб’ектамі гаспадарання. У інфармацыйнае поле  мяркуем шырэй прыцягнуць камунальную службу, даныя адкуль могуць таксама паслужыць добрую службу для недапушчэння прытонаў і т. п.

– На пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх сустракаюцца выпадкі ўжывання спіртнога ўжо з дзіцячага ўзросту. Разглядаюцца не толькі хлопцы, а і дзяўчаты…

– Прафілактычнай рабоце сярод падлеткаў надаецца асаблівая ўвага. Хаця ніводзін з іх не пераведзены з прафуліку пад дыспансернае назіранне, тым не менш у бягучым годзе на ўлік пастаўлены 23 падлеткі (у 2013 годзе – 15). Вучань Аталезскай школы, будучы нецвярозым, “даў” раёну два злачынствы…  Пакуль нельга назваць дастатковай работу наркалагічнай службы, прадстаўнікі якой павінны часцей выязджаць у нядобранадзейныя сем’і. Грамадскі рэзананс атрымалі міжведамасныя акцыі – “Дом без насілля”, “Бяспечнае суседства”, “Цвярозая моладзь – здаровая нацыя” і інш.

– Не сакрэт, што не зжыты факты продажу спіртнога непаўналетнім, таго ж п’янства на рабочым месцы. 

– Супрацоўнікі міліцыі прымяняюць  адміністрацыйныя і іншыя меры, аднак работа гэтая патрабуе пастаяннага ўдасканалення, гібкасці, мабільнасці. У лістападзе – снежні сумесна з інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне пройдуць праверкі выканання заканадаўства ў сферы ліцэнзавання аптовага і рознічнага гандлю алкагольнымі напіткамі. Інфармацыя аб выяўленых фактах, у тым ліку продажу алкаголю непаўналетнім, неадкладна паступіць у аддзел эканомікі для вырашэння пытання аб пазбаўленні суб’екта гандлю ліцэнзіі на продаж спіртных напіткаў.

Палова з 1974-х адміністрацыйных правапарушэнняў, выяўленых сёлета міліцыяй, звязана з распіваннем алкагольных напіткаў або знаходжаннем у грамадскім месцы ў нецвярозым стане. 433 асобы прыцягнуты да адказнасці паўторна на працягу года. Фактычна кожны дзясяты выпадак п’янства – на рабочым месцы. Напрыклад, у сельгаставарыствах “Каганец” – 12 фактаў, “Агранёманскі” – 11, “Вішнявецкі-агра” – 9, “Радзіма Дзяржынскага”, “Рочавічы” і “Рубяжэвічы” – па 8, а таксама ў райспажыўтаварыстве – тры, ПМК-233, аб’яднанні камунальных службаў, рамонтна-будаўнічым упраўленні і цэнтральнай раённай бальніцы – па 2. Аб большасці гэтых парушэнняў паведаміла адміністрацыя названых прадпрыемстваў. Нельга ўтойваць падобныя факты і далей. А камісіям па прафілактыцы п’янства варта актывізаваць сваю работу, каб умацоўваць у працоўных калектывах грамадскую бяспеку і дысцыпліну.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПРАФІЛАКТЫКА: БЕЗ ГЭТАГА МОЖНА ЖЫЦЬ

Раённым выканаўчым камітэтам зацверджаны мерапрыемствы, прапанаваныя аддзелам адукацыі, спорту і турызму на 2014-2015 гады па прафілактыцы антыалкагольнай залежнасці сярод вучняў.

У праграме на бягучы год – конкурс на лепшы куток прафілактыкі, выпуск календара на 2015 год “Я – здаровая краіна” і буклетаў для бацькоў “Ваша дзіця змяніла паводзіны?”, стварэнне антыалкагольнай рэкламы і піяр-акцыя “Рэкламны лістапад”, марафон здароўя, праваслаўныя калядныя чытанні… 

У 2015 годзе калейдаскоп цікавых і карысных сустрэч працягнецца. Адкрые год месячнік па барацьбе з п’янствам сярод непаўналетніх, прававыя гульні “Моладзь і шкодныя звычкі: перспектывы развіцця”. Яго рытм падхопіць прафілактычны дэкаднік “Стаўбцоўскі раён – тэрыторыя здаровых, разумных і паспяховых”, а таксама выступленне агітбрыгад – “Мы разам і мы супраць”. На раённым бацькоўскім сходзе будзе абмеркавана актуальная тэма – “Арганізацыя сумеснай дзейнасці настаўнікаў, бацькоў і грамадскасці па прафілактыцы дзіцячага курэння, алкагалізму і наркаманіі”. Чакае моладзь спартыўны фестываль, флэш-моб “Мы за здаровы лад жыцця”, велапрабег “Мы супраць алкаголю!”, інфарм-дайджэст “Не – алкаголю”, форум-тэатр “Ад п’янства да злачынства – адзін крок”. Пройдуць акцыі “Дзень сям’і” і “Без гэтага можна жыць”.   

 

ДАГАВОР ЗДАРОЎЯ

Шэраг прадпрыемстваў раёна фарміруюць здаровы лад жыцця сярод сваіх работнікаў зусім не галаслоўна.

Так, філіял ААТ “Кіруючая кампанія холдынгу “Мінскі маторны завод” у г. Стоўбцы, філіял РУП “Мінскэнерга” Стаўбцоўскія электрычныя сеткі, РУ “Стоўбцырайгаз” заключылі дагаворы са школай № 3 горада на аказанне паслуг па выкарыстанні спартыўнай залы. Цэнтральная раённая бальніца заклікае ў плавальны басейн, бо мае дагавор з фізкультурна-аздараўленчым комплексам у суседним пасёлку Гарадзея.

Больш чым у тры разы вырасла колькасць дагавораў і іншага кшталту, але таксама з прафілактычным ухілам, у мэтах грамадскай бяспекі. Гэта дагаворы арганізацый з цэнтральнай раённай бальніцай,  згодна з якімі вадзіцелі праходзяць перадрэйсавы агляд. Дарэчы, з 6 па 10 лістапада на Стаўбцоўшчыне прайшла прафілактычная акцыя «Цвярозы вадзіцель». З пачатку года здарылася 17 ДТЗ, адзін чалавек загінуў і 22 – траўміраваны. Тры ДТЗ  – па віне нецвярозых вадзіцеляў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *