На адаптацыю – у прафілакторый

Нумары Прамая лінія

image_pdfimage_print

Прафілактыцы п’янства і алкагалізму была прысвечана прамая тэлефонная лінія з удзелам начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Юліі БЕЛАВУСАВАй і ўрача псіхіятра-нарколага цэнтральнай раённай бальніцы Паўла АСЦЮКЕВІЧА.

Прыводзім адказы Юліі Белавусавай на некаторыя пытанні, якія хвалююць тых, хто жыве побач з залежнымі ад алкаголю людзьмі.

– Ці можа лячэбна-працоўны прафілакторый выправіць хворага на алкагалізм, калі ён не жадае прызнаваць сваю хваробу?

– Законам прадугледжана для гэтага маса шанцаў. Працэдура накіравання ў ЛПП выглядае так, што грамадзянін пасля трох і больш разоў прыцягнення на працягу года да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў стане алкагольнага (наркатычнага, таксічнага або інш.) ап’янення, праходзіць медыцынскі агляд. Мэта яго – устанавіць наяўнасць або адсутнасць хранічнага алкагалізму (наркаманіі, таксікаманіі) і іншых захворванняў, якія могуць перашкаджаць яго знаходжанню ў ЛПП. Пры атрыманні станоўчага заключэння з боку медыкаў міліцыя выносіць такому грамадзяніну папярэджанне аб магчымасці накіравання ў ЛПП. Калі папярэджанне не дзейнічае і ў далейшым грамадзянін учыняе на працягу года ў стане алкагольнага ап’янення новае правапарушэнне, то ён праходзіць паўторны медагляд. Пасля дакументы аб яго накіраванні ў ЛПП пападаюць у суд. Рашэнне аб накіраванні ў ЛПП прымае суд. Тэрмін знаходжання ў ЛПП – 12 месяцаў. Пасля шасці месяцаў ён можа быць скарочаны, калі ў чалавека не будзе спагнанняў. За гэты час ёсць магчымасць не толькі пераадолець залежнасць ад алкаголю, а і падрыхтаваць сябе да адаптацыі ў грамадства.

– Чалавек любіць выпіць, але быццам бы не “буйны”. Чаго яго ізалявалі ад родных?

– У ЛПП накіроўваюцца не толькі “буйныя”, а і парушальнікі працоўнай дысцыпліны па прычыне злоўжывання алкагольнымі напіткамі. Як правіла, гэта нядбайныя бацькі, у якіх былі адабраны дзеці і змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне. Такія гора-бацькі абавязаны кампенсаваць дзяржаве выдаткі, а яны ад працы “хаваюцца”. У бягучым годзе іх ізалявана 12 чалавек.

– Чаму няма дня цвярозасці ў самагоншчыкаў?

– У гэтым годзе работнікамі міліцыі праведзена 138 рэйдавых мерапрыемстваў па выяўленні тых, хто займаецца вырабам, а таксама захоўвае і рэалізуе спіртаўтрымліваючыя вадкасці, самагон і брагу. Вынік – 63 парушэнні. Знішчана 26 міні-заводаў і самагонных апаратаў, канфіскавана 180 літраў самагону, 4 358 літраў брагі, амаль 70 літраў спірту і іншых фальсіфікаваных спіртных напіткаў. Калі ў вас ёсць інфармацыя пра тых, хто вырабляе самагон, можаце паведаміць у міліцыю па тэлефонах: 5-32-76, 5-19-15 або 102.

– Муж прапівае заробак. Ці магу я атрымліваць грошы за яго? 

– Так.  Сёлета ў пракуратуру раёна накіравана восем матэрыялаў для вырашэння пытання аб абмежаванні ў дзеяздольнасці тых, хто па прычыне працяглага п’янства паставіў сваю сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча. Па рашэнні суда чацвёра жыхароў раёна ўжо прызнаны абмежаванымі ў дзеяздольнасці ў частцы атрымання заработнай платы. Па матэрыялах участковых інспектараў міліцыі раённым аддзелам Следчага камітэта і пракуратурай узбуджана сем крымінальных спраў прэвентыўнай накіраванасці.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *