Футбол

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

ЮНЫЯ ЧЭМПІЁНЫ ВОБЛАСЦІ

Разам з дарослымі футбалістамі ўдзельнічае ў спаборніцтвах і рэзерв – юныя аматары скуранога мяча.

Добрую падрыхтоўку паказалі выхаванцы Стаўбцоўскай ДЮСШ. У ходзе чэмпіянату вобласці сярод юнацкіх камандаў нашы рабяты 2000-2001 гадоў нараджэння радавалі перамогамі. Яны занялі прызавое месца і трапілі ў фінал.

Гульні фінальнага турніру праводзіліся на стадыёне “Юнацтва”. І перад сваімі прыхільнікамі нашы хлопцы выдатна сябе праявілі. З лікам 3:0 яны перамаглі сапернікаў з Пухавічаў, камандзе Бярэзінскага раёна забілі на адзін гол больш і таксама ў свае вароты не прапусцілі – 4:0. А вось з равеснікамі з Нясвіжа гульня была роўная і ўпартая, у выніку зафіксавана нічыя – 0:0. Паколькі і несвіжане адолелі іншых сапернікаў, для вызначэння пераможцаў давялося падлічваць рознасць мячоў. У нашых выйшла плюс 7, у несвіжан – плюс 4. Такім чынам каманда трынаццаці-чатырнаццацігадовых навучэнцаў груп футбола Стаўбцоўскай ДЮСШ стала чэмпіёнам вобласці. Віншуем з перамогай!

 

А ДЗЕРАЎНЯНЦЫ – ДРУГІЯ

Паспяхова выступіла на спаборніцтвах абласной спартакіяды “Каласок” сярод дзяцей і юнацтва аграгарадкоў і вёсак зборная каманда малодшай групы футбола Дзераўнянскай ДЮСШ. У занальным турніры нашы юныя футбалісты адолелі каманды Нясвіжскага, Клецкага, Капыльскага і Уздзенскага раёнаў. Затым на фінальнай стадыі ў Салігорску рабяты з Дзераўной узялі верх над сапернікамі з Мінскага і Маладзечанскага раёнаў. І толькі гаспадарам поля ўступілі, у выніку занялі другое месца.

Добрую гульню паказалі Ілья Супрановіч, Арсеній Гаптар, Аляксандр Бітэль, Данііл Віцько, Яўген Галушка. Рыхтаваў каманду да спаборніцтваў трэнер ДЮСШ Сяргей Сахар.

 

СПАБОРНІЧАЛІ 16 КАМАНДАЎ

Масавымі сталі спаборніцтвы па міні-футболе на прызы раённага савета Аграпрамысловага саюза. На зялёным дыване стадыёна “Юнацтва” стараліся паказаць уменне 16 камандаў, рабяты практычна з усіх сярэдніх школ раёна.

Пераможныя галы, шквал эмоцый! У выніку прызавыя месцы занялі каманды адпаведна другой, трэцяй гарадскіх школ і гімназія № 1. Вызначаны і лепшыя ігракі. Узнагароды шыкоўныя – кубкі-статуэткі, медалі. Дырэкцыя Стаўбцоўскай ДЮСШ вельмі ўдзячна тут І. І. Меляшкевічу, І. М. Загдаю. Важна падтрымаць рабят, такая ўвага заахвочвае да спорту. Ці ж паўтараць, што для ўсіх гэта крыніца здароўя, а самыя здольныя павераць у свае магчымасці.

 

НА СЁМЫМ МЕСЦЫ

Фінішавала першынство Мінскай вобласці па футболе. Чэмпіёнам стала каманда «Жодзіна-2007».

Жодзінцам для поспеху неабходна было адолець каманду «Зорка-РФАЦ-Вікторыя» з Пухавіцкага раёна. У матчы, які поўнасцю абслугоўвала брыгада арбітраў са Стоўбцаў у складзе Р. Шкварчанкі, А. Філіповіча, І. Аляшкевіча і інспектара Г. Макася, перавага гаспадароў поля была адчувальнай. Яны і перамаглі з лікам 3:0 і сталі ўладальнікамі галоўных прызоў абласнога чэмпіянату. Шанц стаць мацнейшымі быў і ў ФК «Любань» і «Маладзечна-ДЮСШ». Але яны згулялі ўнічыю – 2:2, і занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.

На чацвёртым – «Зорка-РФАЦ-Вікторыя». ФК «Старыя Дарогі» і «СМІ аўтатранс» са Смалявіцкага раёна таксама не выявілі мацнейшага – 0:0. Гэтыя калектывы размясціліся на далейшых прыступках турнірнай табліцы – пятай і шостай.

А дзе ж стаўбчане? Камандзе «Нёман-Агра» тры ачкі дасталіся без барацьбы. І ў Барысаў, як было вызначана календаром, не давялося ехаць. ФК «Барысаў» зняўся з розыгрышу, і яго сапернікам аўтаматычна залічвалася тэхнічная перамога з лікам 3:0. Аднак 15 набраных ачкоў нёманцам не хапіла, каб падняцца вышэй за сёмае месца. Аналіз выступлення нашых футбалістаў будзе дадзены пазней. Адначым толькі, што ўсяго ўдзельнікамі чэмпіянату Мінскай вобласці 2014 года з’яўляліся 20 калектываў. І павіншуем з поспехам нападаючага «Нёмана-Агра» Дзмітрыя Даўбейку. Ён стаў лепшым бамбардзірам чэмпіянату – на рахунку Дзмітрыя 33 галы, праведзеныя ў вароты сапернікаў.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *