Па-ранейшаму ў лідарах

Нумары Сельская гаспадарка

Хлебаробы ААТ “Вялікі Двор”, узначальвае якое Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Вольга Луцык, не здаюць заваяваных пазіцый і па-ранейшаму ў лідарах па ўраджайнасці збожжавых культур.

Сёлета намалочана ў сярэднім з кожнага гектара 58,5 цэнтнера збожжа. Па выніках уборачнай кампаніі таварыства прызнана пераможцам раённага спаборніцтва. Высокая адзнака дасягнута стараннай і сумленнай працай згуртаванага калектыву. Строгае прытрымліванне тэхналогіі вырошчвання, высяванне перспектыўных сартоў, інавацыі, што прымяняюцца ў вытворчасці, дазваляюць мець на бала-гектар высокі выхад збожжа, які сёлета склаў 150,4 кілаграма.

Кіруе раслінаводчай галіной Генадзь Бязушка. Дваццаць два гады, пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага  інстытута, працуе ён у таварыстве. З іх дванаццаць гадоў – на пасадзе  галоўнага спецыяліста. Увесь гэты час гаспадарка займае высокія месцы не толькі ў раённым, а і абласным, і рэспубліканскім спаборніцтвах. Генадзь Генадзьевіч у ліку лепшых у раёне і сярод сваіх калег. Да раней атрыманых ім працоўных узнагарод сёлета дабавілася і Ганаровая грамата аблвыканкама.

Генадзь Генадзьевіч расказвае, што сёлетняя ўборачная кампанія праходзіла ў напружаным рытме, але людзі ўбралі вырашчанае хутка і без страт. Уборцы паспрыяла і надвор’е. Хлеб вырас неблагі, прыкладна на такую ўраджайнасць і разлічвалі. Рупіліся ў полі сем экіпажаў. Лепшы вынік у Сяргея Сенькі, які заняў другое месца ў раённым спаборніцтве сярод камбайнавых экіпажаў. Намалацілі звыш тысячы тон Генадзь Райскі, Мікалай Тарабэш, Фінат Саітгарэеў. Вызначыліся вадзіцелі Міхаіл Кірыкеш, Васіль Ціткоў. Сярод маладых лепшы Ігар Мядзведзь, які  раней выходзіў і пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва.

Своечасова справіліся велікадворскія хлебаробы з дзяржзаказам, адгрузілі патрэбную колькасць збожжа і рапсу. Дарэчы, па ўраджайнасці масланасення рапсу таварыства на трэцім месцы, услед за агранёманцамі і СФГ “Сула”. Намалочана ў сярэднім 31,7 цэнтнера з гектара.

Самая высокая ў гаспадарцы і ўраджайнасць цукровых буракоў. Сёлета салодкія карані ўбіраюць уласным высокапрадукцыйным імпартным буракаўборачным камбайнам. Культура гэтая ў таварыстве рэнтабельная. Ураджайнасць складае звыш 500 цэнтнераў з гектара.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *