Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат»: Першапраходцы на рынку напаўняльнікаў

Нумары У перапрацоўшчыкаў

image_pdfimage_print

Па выніках работы за дзевяць месяцаў бягучага года аб’ём вытворчасці ў грашовым выражэнні склаў на Стаўбцоўскім філіяле ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат” 146 працэнтаў адносна леташняга перыяду. Перапрацоўчы канвеер працуе стабільна, з вельмі добрай перспектывай. Так, сёлета тут завершана рэалізацыя інавацыйнага праекта “Арганізацыя новай вытворчасці фруктова-ягадных напаўняльнікаў для малочнай і кандытарскай прамысловасцяў”, кошт якой перасягнуў 65 мільярдаў рублёў.

– У рамках рэалізацыі праекта было распрацавана больш за 500 лабараторных узораў фруктовых напаўняльнікаў для такіх папулярных відаў прадукцыі як «зярнёны» тварог, глазураваны сырок, тварожная паста, фруктова-ягадны кефірны прадукт, ёгурт двайны і ёгурт змешаны, – адзначае дырэктар філіяла Сяргей ПРАСМЫЦКІ. – Заключаны дагаворы на пастаўку нашай новай прадукцыі з буйнымі прадпрыемствамі рэспублікі (“Молочный Мир”, “Беллакт”, Мінскі малочны завод № 1, Вілейскі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны завод”, “Милкавита”, “Бабушкина крынка”, Бярозаўскі сыраробчы камбінат і інш.). Ім ужо рэалізавана больш за 19 тон фруктова-ягадных напаўняльнікаў.

– Сапраўды, гэта можна лічыць добрым пачаткам…

– Для нас, айчынных першапраходцаў у даным накірунку, гэта асабліва прыемна.  Арганізацыя новай вытворчасці фруктова-ягадных напаўняльнікаў запатрабавала максімальна напружанай работы. І яна працягваецца, бо мала атрымаць напаўняльнікі. Неабходна, каб яны падыходзілі да прадукцыі, выпушчанай малочнымі заводамі. Мы распрацавалі план наведвання малочных заводаў рэспублікі (а гэта больш за 20 прадпрыемстваў), дзе сустракаліся з тэхнолагамі, адбіралі ўзоры фруктова-ягадных напаўняльнікаў, што выкарыстоўваюцца імі пры вырабе малочных прадуктаў. Стварылі сваю групу спецыялістаў для адпрацоўкі гэтых узораў у лабараторных умовах. Работа ішла тонкая, карпатлівая – дапрацоўка вялася па колеры, водары, смаку, кансістэнцыі для самых розных відаў малочных прадуктаў. У выніку было распрацавана і зацверджана 13 відаў рэцэптур з рознымі смакамі. Для дэгустацыі ўзоры фруктова-ягадных напаўняльнікаў былі адпраўлены ў Ніжні Ноўгарад (прадпрыемства “Гамми”), а таксама ў Маскву (ТАА “Торгпродукт”) і Санкт-Пецярбург (ТАА “Нордин”). У верасні нашы спецыялісты наведалі 23-ю міжнародную выстаўку прадуктаў харчавання і напіткаў “Весь мир питания” ў Маскве, дзе таксама паспяхова прайшлі дэгустацыі нашых напаўняльнікаў, ладзіліся дзелавыя сустрэчы і перамовы з патэнцыяльнымі кліентамі.  

– Сяргей Сяргеевіч, у вас былі планы і па ўкараненні інавацыйнай упакоўкі.

– Вядзецца работа па выпуску прадукцыі ў інавацыйнай упакоўцы bag-in-box. Сёння ў такой упакоўцы ўжо прадстаўлены спажыўцам сок бярозава-яблычны ёмістасцю пяць літраў, а таксама  сок бярозавы ёмістасцю як пяць, так і дзесяць літраў. Попыт на даны від прадукцыі высокі, асабліва ў гандлёвай сетцы горада Мінска.    

– Над чым цяпер працуе прадпрыемства?

– Цяпер прадпрыемства працуе над выпускам сокаў і нектараў у зручнай упакоўцы аб’ёмам 0,25 л. Займаемся фасоўкай саленняў і квашанняў у вакуум-упакоўку для далейшай рэалізацыі ў гандлёвыя сеткі. Аб’ём рэалізацыі прадукцыі па прадпрыемстве за дзевяць месяцаў 2014 года склаў 211 працэнтаў адносна ўзроўню мінулага года. Такі салідны скачок забяспечыла нам заключэнне дагавораў з буйнымі гандлёвымі сеткамі рэспублікі накшталт ТАА “Евроторг”, ААТ “Дорорс”, ЗАТ “Доброном”, ГС “Рублёвский” і іншымі.

– Акрамя Беларусі, у якія краіны пастаўляецца прадукцыя Стаўбцоўскага філіяла?

– Праз тавараправодную сетку Гарадзейскага цукровага камбіната наша садавіна-агароднінная прадукцыя знайшла трывалыя рынкі збыту ў Расійскай Федэрацыі, Казахстане, Узбекістане, Арменіі. У бліжэйшых планах – і Кітай, куды з дапамогай тавараправоднай сеткі ТАА “Белорусская Сахарная Компания” мяркуем рэалізоўваць сокі і нектары.   

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *