Поспех Уладзіміра Радзевіча і яго каманды

Нумары Сельская гаспадарка

Сёлета ў СФГ “Сула”, упершыню з пачатку яе дзейнасці, а гэта чатырнаццаць гадоў, атрымана ў сярэднім 50 цэнтнераў збожжавых і 38 цэнтнераў азімага рапсу з кожнага гектара. Стабільна высокім ураджаем аддзячыла бульба. У гэтай справе тут дасягаюцца рэкордныя для Беларусі паказчыкі. У сярэднім фермер накопвае з кожнага гектара амаль 500 цэнтнераў выдатнай якасці клубняў. Рэнтабельнасць вытворчасці бульбы дасягнула 70 працэнтаў. Нядаўна на палетках фермерскай гаспадаркі     пабываў губернатар вобласці Сямён Шапіра. Сямён Барысавіч адзначыў паспяховасць работы кіраўніка СФГ і яго каманды і прывёў, як прыклад для ўсіх, уменне фермера зарабляць валюту на продажы бульбы за мяжу.

Варта нагадаць, што Уладзімір Радзевіч чатыры гады запар выходзіў пераможцам у конкурсе “Лепшы прадпрымальнік Мінскай вобласці”. А таксама двойчы станавіўся лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу “Лепшы прадпрымальнік года”.

– Уладзімір Уладзіміравіч, ваша гаспадарка год ад году прырастае па паказчыках і развіваецца. Адкрыйце сакрэт: з чаго складаецца поспех?

– Ёсць тры складаемыя паспяховай работы, але аснова любой вытворчасці –   людзі. Так сказаў мне бацька, Уладзімір Піліпавіч – заснавальнік СФГ “Сула” і мой першы дарадчык, калі ў пачатку сваёй дзейнасці звярнуўся да яго з такім пытаннем. На другім і трэцім месцах тэхніка і тэхналогія. У гэтыям я за сваю працоўную дзейнасць упэўніўся. Калектыў наш невялікі, але згуртаваны. Склаўся сапраўдны касцяк, якому па сіле любая работа. Дзякуючы ўзаемазамяняльнасці работнікі спраўляюцца выконваць усе палявыя работы своечасова і працуюць з поўнай аддачай. Не трэба нават праводзіць планёркі, бо кожны ведае, што неабходна зрабіць, і выконвае работу сумленна, як для сябе.

Дапамагае мне ў рабоце і валодае ўсімі вытворчымі працэсамі намеснік Анатолій Ваўчок. Гэта мая правая рука, так бы мовіць, надзейны тыл.  Заўсёды спакойна ад’язджаю ў камандзіроўку за мяжу, бо ведаю, што справа не спыніцца і ўсе пытанні, якія ўзнікнуць, будуць ім вырашаны станоўча.

Пасля службы ў арміі застаўся працаваць вадзіцелям Аляксандр Валадзько.  Паступова набіраўся вопыту, атрымаў пасведчанне  трактарыста-машыніста. На працягу дзевяці гадоў працаваў на збожжаўборачным і бульбаўборачным камбайнах, рамантаваў машыны, рухавікі, выконваў зварачныя і такарныя работы. Можна сказаць, вырас прафесійна на маіх вачах. Малады, хуткі на пад’ём, педантычны да кожнай дробязі. І летась, калі мне спатрэбіўся памочнік па тэхнічнай частцы, я даверыў яму пасаду механіка.    

Адзін са старэйшых работнікаў Алег Жытко – сапраўдны ўніверсал. Любую даручаную тэхналагічную аперацыю выканае. На яго плячах сяўба і ўборка ўсіх сельскагаспадарчых культур, якія вырошчваем. Яму падуладная самая складаная тэхніка, а маем шлейф сучасных сельгасмашын.

Не займаць вопыту Васілію Кажамяку. Ён і вадзіцель, і механізатар. Другі год запар праводзіць ворыва на ўсёй адведзенай пад культуры плошчы. На аўтамашыне і на трактары спраўна шчыруе Віктар Тарасевіч.

Спорыцца справа ў Андрэя Цярэшкі, у распараджэнні якога два пагрузчыкі. Вадзіцелі, якія прыязджаюць да нас загружацца, адзначаюць яго прафесіяналізм – ніколі каўшом па борце не ўдарыў. У Юрыя Тарасевіча  таксама ў распараджэнні пагрузчык, але на працягу росту раслін з дапамогаю апырсквальніка ён выконвае самую складаную і адказную работу – апрацоўвае пасевы супраць шкоднікаў і хвароб.

Сапраўдны віртуоз сваёй справы, майстар-наладчык Андрэй Анікейчык. У ім смела можна быць упэўненым: ён якасна і своечасова выканае ўсе такарныя, зварачныя, наладачныя работы. І на пагрузчыку завіхаецца, і за баранку аўтамашыны, калі ёсць патрэба, садзіцца.

Падабаецца, як працуюць маладыя хлопцы, якія прыйшлі да нас сёлета, – Сяргей Ніканчук і Міхаіл Рубін. Сяргею падуладны аўтамашына, трактар і камбайн. Міхаіл працуе механізатарам.

– Сёлетні год склаўся для вас няблага. А чым ён адметны, і якія намечаны   планы работы на будучы?

– Па-першае, надвор’е паспрыяла нам убраць збожжавыя і рапс без страт, не спатрэбілася нават дасушванне. Па-другое, без праблем выкапалі бульбу і ўпершыню завяршылі асноўныя работы ў пачатку кастрычніка. Харчовую бульбу рэалізавалі і прадалі пераважна ў Расійскую Федэрацыю. Заклалі ў бульбасховішча насенны фонд, палова з якога закантрактавана расійскімі фермерамі. Будзем набываць і садзіць новыя перспектыўныя сарты. Прычым не толькі замежнай, а і айчыннай селекцыі. У гэтым плане цесна супрацоўнічаем з РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па бульбаводстве і агароднінаводстве». Вырошчваем на сваіх землях для навукоўцаў элітнае насенне выведзеных імі сартоў. Калі гаварыць пра перспектыву ў бульбаводстве, то палову плошчаў у нас будуць займаць менавіта насенныя ўчасткі.

Далейшая наша работа немагчыма без будаўніцтва бульбасховішча, якое мы распачалі ў чэрвені. Яго ўмяшчальнасць пяць тысяч тон клубняў. Запраектаваны цэх, дзе будзе ўстаноўлена абсталяванне для дапрацоўкі, мыцця і фасоўкі бульбы. Ужо зроблены нулявы цыкл. Гэты праект патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў. Большую частку запланаванага зрабілі і будзем рабіць за ўласныя сродкі. Карыстаемся лізінгавымі пастаўкамі і крэдытамі. У прыватнасці, крэдытуемся ў банку, каб заказаць на Навасвержанскім лесазаводзе кантэйнеры для захоўвання бульбы. Засыпаць клубні валам немэтазгодна і нявыгадна. Калі ўсё пойдзе па плане, то наступнай восенню закладзём у два сховішчы шэсць тысяч тон бульбы. Вырасціць плануем удвая больш, чым сёлета. Менавіта за кошт павелічэння плошчаў. Кіраўніцтва раёна, за што вельмі ўдзячны, пайшло нам насустрач і выдзеліла дадаткова 250 гектараў зямлі. Такім чынам будзем мець каля 600 гектараў ворыўных зямель. Павелічэнню ўраджайнасці садзейнічае і паліў бульбы.

І надалей будзем цесна супрацоўнічаць з нашым даччыным прадпрыемствам ТАА “Аграцэнтр-Сула”, дзе будуецца вялікай умяшчальнасці бульбасховішча з сучаснымі лініямі перапрацоўкі бульбы. У перспектыве – наладзіць сувязі з кампаніяй “Онега”, якая спецыялізуецца на вытворчасці чыпсаў. 

– Уладзімір Уладзіміравіч, рэдакцыя газеты шчыра віншуе вас і ваш дружны калектыў з надыходзячым прафесійным святам. Жадаем далейшых поспехаў у нялёгкай сялянскай працы.

– Дзякуй. Хачу, у сваю чаргу, павіншаваць са святам калектывы  сельгаспрадпрыемстваў раёна, перапрацоўчай прамысловасці і ўсіх, хто мае самае непасрэднае дачыненне да сельскай гаспадаркі.

На здымках: 1) кіраўнік СФГ «Сула» Уладзімір Радзевіч (злева) з механікам Аляксандрам Валадзько; 2) намеснік Анатолій Ваўчок (злева) і механізатар Алег Жытко; 3,  4)  вадзіцелі Сяргей Ніканчук b Васілій Кажамяка; 5) майстар-наладчык Андрэй Анікейчык; 6, 7, 8) механізатары Юрый Тарасевіч, Андрэй Цярэшка і Міхаіл Рубін.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *