У «Пяшчоты» ёсць сокі ад зямлі

Культура Нумары

image_pdfimage_print

Вакальны дуэт «Пяшчота» Мархачоўшчынскага сельскага клуба ўнікальны не толькі арыгінальнасцю і каларытнасцю яго дзвюх сімпатычных удзельніц, але і сваёй гісторыяй.

Гэтая гісторыя – у асабістых лёсах Тамары Хватавай і Вольгі Станкевіч (на здымку справа налева). Перш чым звязаць свой лёс з культурай, яны прайшлі працоўны шлях у іншай галіне. І што адметна – абедзве працавалі на аб’ектах аграпрамысловага комплексу. Тамара Серафімаўна – на прадпрыемствах мясамалочнай перапрацоўчай прамысловасці Гродзеншчыны, адкуль родам. Выйшла замуж і  пераехала на Стаўбцоўшчыну. І ў лёсе Тамары Серафімаўны, і ў лёсе Вольгі Аляксандраўны, як яны самі адзначаюць, вялікую ролю сыграў тадышні начальнік аддзела культуры Анатоль Грэкаў, які ніколі не праходзіў міма талентаў. Яны абавязаны яму тым, што могуць рэалізоўваць дадзеныя Богам таленты не толькі як аматарскае захапленне, але і ў прафесійнай дзейнасці. Анатоль Грэкаў заўважыў іх на сцэне ў гуртах мастацкай самадзейнасці. Так супрацоўніца Мархачоўшчынскага вузла паштовай сувязі Тамара Хватава ўзначаліла мясцовы сельскі клуб. Завочна закончыла потым інстытут культуры.

Вольга Станкевіч працавала на свінакомплексе ў Вішняўцы. Яе абаяльнасць на сцэне і выдатныя вакальныя здольнасці проста заварожвалі гледачоў. Так і Вольга Аляксандраўна перайшла працаваць у Мархачоўшчынскі клуб. Стварыўся адметны дуэт спявачак, якому ўжо 20 гадоў. Вольга Аляксандраўна завочна атрымала спецыяльнасць рэжысёра масавых святаў і абрадаў у Мінскім каледжы мастацтваў. З гэтага навучальнага года яе запрасілі працаваць у філіял Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў у Вішняўцы, дзе яна выкладае дзецям тэатральныя дысцпліны.

Вялікую долю іх часу па-ранейшаму займаюць канцэрты. Практычна ніводная ўрачыстасць у раёне не абыходзіцца без выступлення дуэта «Пяшчота».  І гэта сапраўдны «дэсерт» у кожнай канцэртнай праграме. Касцюміраваны дуэт вельмі прыязна і жыва ўспрымае публіка. Рэпертуар іх нумароў упісваецца і ў галасістасць сяпявачак, і ў характар сцэнічных касцюмаў. Люба паглядзець на іх на сцэне. Акрамя таго, яны абедзве з’ўляюцца ўдзельніцамі народнага тэатра «Гавязнянка» Вішнявецкага дома культуры  і вакальнага гурта «Раніца» пры ім. Гэта таксама вельмі адметны калектыў з фальклорным антуражам, які ўмее «запальваць» публіку.

Канешне ж, і на ўрачыстасцях, прыўрочаных да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу, дуэт «Пяшчота» не раз выйдзе на сцэну, каб падарыць працаўнікам палёў і фермаў радасць і выдатны святочны настрой. Тамара Хватава і Вольга Станкевіч па праве могуць лічыць гэтае прафесійнае свята сваім, на што ў іх працоўных кніжках ёсць адпаведныя запісы. Да таго ж, Вольга Станкевіч  чатыры сезоны запар была памочнікам камбайнера ў свайго мужа. Сямейны экіпаж быў навідавоку не толькі рэдкасцю свайго складу, але і вынікамі працы. У адзін з сезонаў Сяргей і Вольга Станкевічы занялі першае месца па намалотах у раёне і атрымалі грашовую прэмію, якая была так дарэчы ў іх сямейным бюджэце. Вольга Аляксандраўна – сапраўднае ўпрыгажэнне гэтага экіпажу. Калі  трэба – яна можа сесці за руль тэхнікі і выдатна справіцца. А папросяць заспяваць (што не раз было пры ўшанаванні пераможцаў жніва на полі) – разнясецца па жытнёвай прасторы яе залівісты моцны голас.

Няхай яшчэ доўгі час цешыць слых гледачоў самабытны дуэт «Пяшчота»!

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *