З паклонам і ўдзячнасцю – зямлі і чалавеку

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У мінулую пятніцу ў горадзе Узда Мінскай вобласці прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2014” – урачыстае падвядзенне вынікаў работы аграпрамысловага комплексу і сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці.

Горад Узда гасцінна сустракаў перадавікоў усіх галін вытворчасці і сацыяльнай сферы. На плошчы раскінулася выстава-продаж прадукцыі сельскагаспадарчай, перапрацоўчай прамысловасці, творчых майстэрань. Кожны раён Мінскай вобласці быў прадстаўлены сваёй “аграсядзібай”. Наш раён прадстаўлялі Стаўбцоўскае райспажыўтаварыства, філіял “Стоўбцы” ААТ “Мінскі мясакамбінат” і Стаўбцоўскі філіял ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”. Афармленне ўсёй выставы-продажу нашых прадпрыемстваў было прысвечана славутаму земляку, класіку беларускай літаратуры Якубу Коласу і героям яго твораў. Можна было выпіць кубачак кавы ў імправізаваным кафэ і дакрануцца да спадчыны Якуба Коласа. Наведваючы ўсе «аграсядзібы» Мінскай вобласці, старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра з шаноўнымі гасцямі свята дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Рэспублікі ад Мінскай вобласці прыпыніліся і каля «аграсядзібы» нашага раёна. Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў сустрэў гасцей хлебам-соллю, удзельнікі калектыву мастацкай самадзейнасці “Коласавы землякі” сардэчна запрашалі адведаць стаўбцоўскіх прысмакаў, палюбавацца вырабамі з саломкі, цеста, дрэва і т. п. стаўбцоўскіх творчых майстэрань.

Госці абласнога свята і жыхары Уздзеншчыны мелі магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй “Міншчына – аграпрамысловая” і, безумоўна, з выставай хлебных караваяў. На памяць аб абласным свяце-кірмашы Сямён Шапіра пасадзіў дрэўца ў алеі пераможцаў каля Уздзенскага Дома культуры. А затым – прывітальнае слова старшыні аблвыканкама С. Б. Шапіры, узнагароджванне пераможцаў і святочны канцэрт “Уславім песняй народ працавіты” з удзелам зорак беларускай эстрады і калектываў мастацкай самадзейнасці вобласці.

Таксама віталі і ўзнагароджвалі пераможцаў абласнога свята-кірмашу “Дажынкі-2014” старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. П. Андрэйчанка, пасол РФ у Беларусі А. А. Сурыкаў, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання В. А. Седзін, старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Г. І. Кузняцоў. Затым з відэазваротам і віншаваннямі да аграрыяў Міншчыны звярнуліся старшыня ЦК КПРФ Г. Зюганаў і першы сакратар ЦК Кампартыі Украіны У. Сіманенка. Удзельнікі свята мелі магчымасць паглядзець дакументальны фільм “Вам, хлебаробы Міншчыны, прысвячаецца…”.

Сярод узнагароджаных Ганаровай граматай аблвыканкама на абласным свяце-кірмашы былі і прадстаўнікі нашага раёна:  ААТ “Вялікі Двор” (дырэктар В. Луцык), за землекарыстанне і добраўпарадкаванне – СФГ “Сула” (кіраўнік У. Радзевіч), ДДЛГУ “Стаўбцоўскі доследны лясгас” (дырэктар Г. Кажушка) і лепшыя механізатары, жывёлаводы раёна.

Свята, распачатае на Уздзенскай зямлі, знайшло працяг на нашай слаўнай Стаўбцоўшчыне. У суботу на ўрачыстасць, прысвечаную Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, у Старасвержанскім Цэнтры культуры сабраліся перадавікі-аграрыі, ветэраны, якія аддалі хлебаробскай справе ўсё сваё ўменне і старанне, прадстаўнікі ўсіх галін вытворчасці і сацыяльнай сферы раёна. Каля Старасвержанскага Цэнтра культуры раскінуліся падворкі-выставы. Скамарохі сардэчна запрашалі ўсіх гасцей свята на дэгустацыю стаўбцоўскай прадукцыі.

Гукі музыкі. Святочны канцэрт-узнагароджванне “Хвала і пашана працоўным рукам” распачаў сваё дзеянне. На сцэну запрашаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Горлаў. Юрый Мікалаевіч прымае сімвалічны хлеб “Ураджай-2014” і шчыра віншуем ўсіх са святам.

Словы ўдзячнасці за добрасумленную працу і высокія паказчыкі выказаў аграрыям і першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзяніс Колесень. Затым старшыня райвыканкама Юрый Горлаў і яго першы намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзяніс Колесень прыступілі да ўручэння ўзнагарод рупліўцам палёў. Ганаровыя граматы, падзякі, падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюзаў работнікаў АПК атрымалі пераможцы спаборніцтва на ўборцы збожжавых, зернебабовых культур і рапсу, пераможцы спаборніцтва на веснавых палявых работах і нарыхтоўцы кармоў, лепшыя сярод маладых хлебаробаў, гаспадаркі, якія прынялі актыўны ўдзел у асенніх кірмашах. Ганаровыя граматы абласнога камітэта прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу ўручыла загадчыца аддзела арганізацыйнай і кадравай работы данага камітэта А. С. Кечка, а намеснік старшыні раённага савета ветэранаў А. М. Палянскі ўзнагародзіў Ганаровай граматай абласнога савета ветэранаў кіраўніка СФГ “Сула” У. У. Радзевіча за аказаную матэрыяльную падтрымку ветэранам вайны і працы раёна.

Урачыстыя моманты свята аздаблялі нумары канцэртнай праграмы ў выкананні мастацкіх калектываў раёна. У гонар пераможцаў гучалі песні, выконвалі танцавальныя і музычныя нумары. Былі зроблены фота на памяць.

Прыемна, што павіншаваць са святам і выказаць словы ўдзячнасці за добрасумленную працу нашым аграрыям прыехалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Міхайлавіч Іванчанка, прадстаўнікі Дзяржынскага раёна, малочнага завода № 1 г. Мінска.

Святы закончыліся, але верыцца, што зарад добрага настрою, яркіх эмоцый, якія атрымалі ўдзельнікі абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2014” і раённага свята, прысвечанага работнікам АПК, будзе натхняць жыхароў Стаўбцоўшчыны на яшчэ большыя працоўныя дасягненні.

Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *