Бліц-апытанне: МАЛАДЫЯ ІДУЦЬ У АРМІЮ

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

Ідзе чарговы асенне-зімовы прызыў моладзі ў войска. 54-м прызыўнікам раёна, запрошаным раённым камітэтам БРСМ і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ў музей-сядзібу “Дзяржынава”, урачыста ўручаны павесткі, і гэтымі днямі хлопцы, пераапрануўшы джынсы на армейскую форму, становяцца ў салдацкі строй. У іх – новы этап жыцця.

З якімі думкамі ён пачынаецца?.. На якія развагі наводзіць?.. І ўвогуле, што пакідае пасля сябе наша моладзь на “гражданцы”?.. На гэтыя і іншыя пытанні мы папрасілі адказаць прызыўнікоў.

Руслан ДЗЯМЯНКА, вёска Старына

– Працую ў гімназіі № 1 г. Стоўбцы настаўнікам фізікі і працоўнага навучання. У школе першы год пасля ВНУ. Калегі прынялі ў калектыў нармальна. Кіраўніцтва гімназіі дало мне нагрузку, большую за стаўку. Усё складваецца добра. І я за некалькі месяцаў новага навучальнага года паспеў адаптавацца да вучняў. Думаю, мае веды спатрэбяцца і ў арміі. На бліжэйшы год з настаўніка перакваліфікуюся ў сувязіста. Служыць буду недалёка, у Баранавічах. Прыйшла, што называецца, мая чарга: мой старэйшы брат звольніўся ў запас год таму з войскаў Міністэрства ўнутраных спраў. Стаўлюся да арміі станоўча. Гэта доўг кожнага маладога чалавека. З войска буду званіць сваім блізкім, сябрам, з якімі разам гуляў у футбол, музыку слухаў…

Андрэй ФІЛІПОВІЧ, вёска Ніўнае

– Настрой самы баявы! Я працую ў Мінску, на ААТ “Агат”, інжынерам-праграмістам. У мяне вельмі цікавая работа – займаюся ваеннымі распрацоўкамі для войскаў супрацьпаветранай абароны. На гэты завод трапіў год таму па размеркаванні пасля заканчэння БНТУ. У вольны час люблю займацца актыўным адпачынкам, пачытаць інтэрнэт-артыкулы. Знаходжу час і на забаўляльныя мерапрыемствы. Мой брат адслужыў у войску (у Слуцку, у войсках супрацьпаветранай абароны) і перадаў эстафету мне. Праўда, я іду служыць у рэзерв. Вельмі рады, што знайшоўся такі кампрамісны варыянт: можна адслужыць, а гэта абавязкова трэба, і пры гэтым не пакідаць работу, той занятак, які табе падабаецца, дае магчымасць развівацца.

Яўген САЧУК, аграгарадок Горкі

–Ужо больш за год працую будаўніком на Мінскім метрапалітэне. Закончыў прафесійна-тэхнічны ліцэй № 5 у горадзе Мінску, атрымаў прафесію праходчыка на паверхневых работах. Парою бывае цяжкавата, але ж я трэніраваны – займаюся лёгкай атлетыкай, футболам… Калі прыязджаю на выхадныя дадому, дапамагаю бацькам па гаспадарцы. Пасля арміі буду вырашаць наконт далейшай вучобы. Цяпер на паўтара года іду ў сувязісты. Часць знаходзіцца ў Баранавічах. Тата абрадаваўся таму, што я атрымаў павестку (сам жа служыў!), а мама хвалюецца за мяне… Я адзін сын, самы старэйшы з трох дзяцей у сям’і. Але не трэба хвалявацца – буду званіць усім родным, сябрам як у сваёй вёсцы, так і ў Мінску. Колькі хопіць грошай, а закончацца – буду пісаць…

Уладзіслаў ЛАЎРЫНОВІЧ, пасёлак Наваколасава

– Служыць буду ў Мар’інай Горцы ў спецназе – там, куды і хацеў трапіць. Гэта паведамленне ўсцешыла і бацькоў, і маю дзяўчыну. Мне цяпер 20. Планую добра адслужыць, каб далей будаваць сваё будучае. Са жніўня працую на ААТ “Керамін” тэхнікам-электрамеханікам. Завочна паступіў у Акадэмію мастацтваў на першы курс гукарэжысёрскага факультэта. Музыка – маё захапленне. У музычнай школе займаўся па класе духавых інструментаў і кларнета, апошнім часам усё большая цяга да электрагітары. Мая электратэхнічная адукацыя дапамагае мне ў гэтым. Спрабую рабіць аранжыроўкі класічных твораў. Сачыняю вершы… Але ў бліжэйшыя паўтара года буду пісаць пісьмы і з нецярпеннем чакаць зваротных лістоў…

Аляксандр МАЗУРАНТАЎ, аграгарадок Рубяжэвічы

– Атрымаў пасля школы сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Мірскім мастацкім каледжы і працую ў Дзяржынску зборшчыкам мэблі. За амаль два гады працы зразумеў, што работа мне падабаецца. Збіраць прыходзіцца пераважна корпусную, мяккую мэблю. Паглядзім, пасля арміі можна будзе і сваю справу адкрыць… Я магу быць і сталяром-станочнікам, і рэзчыкам па дрэве. З дрэва выразаю сувеніры – прыгожыя шкатулкі. Раздорваю іх сябрам. Да службы ў арміі падыходжу сур’ёзна, з разуменнем таго, што гэта справа кожнага мужчыны. Служыць буду ў рэзерве. Мне прапанавалі быць кінолагам, я згадзіўся. Калісьці дома ў мяне быў сабака. Думаю, спраўлюся і пастараюся не падвесці маму (яна за мяне перажывае) і брата.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *