І з акордамі міліцэйскага вальса

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Свечка Гуманнасць, свечка Мудрасць, свечка Законнасць… На шыкоўным святочным торце ў гонар 75-годдзя раённага аддзела ўнутраных спраў райвыканкама з’яўляецца ўсё больш свечак-сімвалаў. Паступова ўпрыгожваюць імі торт на працягу двухгадзіннай канцэртнай праграмы шаноўныя госці і ўмудроныя жыццёвым вопытам ветэраны міліцыі. Кожны знаходзіць для сваёй свечкі ганаровае месца і, прыгадваючы перажытае, адпраўляе ўласны наказ, пажаданні ў заўтрашні дзень міліцыі…

Трывалым падмуркам у будучае служыць цесная сувязь райаддзела, які вырашае актуальныя задачы па ахове правапарадку на Стаўбцоўшчыне, з ветэранскай міліцэйскай арганізацыяй. Менавіта пераемнасць пакаленняў – адна з непарушных традыцый – умацоўвае міліцэйскі калектыў. Пра мінулае і сучаснае, службовае і асабістае, чым насычана жыццё райаддзела, красамоўна расказвалі кадры спецыяльна падрыхтаванага відэафільма – “На варце закона”. Памяць пра тых, каму служба па ахове правапарадку каштавала самага дарагога – жыцця, была ўшанавана мінутай маўчання…

З нагоды юбілею з цёплымі віншаваннямі звярнуліся да супрацоўнікаў міліцыі старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, старшыня арганізацыі ветэранаў райаддзела міліцыі Анатоль Драбовіч. Удзел у свяце прынялі прадстаўнікі шматлікіх раённых структур органаў праваахоўнай сістэмы і прадпрыемстваў раёна, калегі з суседніх раёнаў. Ад імя ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама прывітаў калектыў-юбіляр начальнік штаба (дарэчы, колішні работнік райаддзела міліцыі) Васіль Малікаў, уручыў каштоўны падарунак – ноўтбук.

Шэраг супрацоўнікаў райаддзела за шматгадовую і добрасумленную службу адзначаны граматамі і падзякамі. Для некаторых супрацоўнікаў юбілейная дата стала кропкай адліку ў атрыманні чарговага спецыяльнага звання. Асабліва хвалюючы момант – запрашэнне на сцэну раённага Цэнтра культуры бацькоў супрацоўнікаў міліцыі для ўручэння падзячнага пісьма за выхаванне сына або дачкі… Увогуле, свята выдалася багатым на кветкі, падарункі і… сюрпрызы. Калі супрацоўнікі міліцыі выступаюць у ролі вядучых і ў ролі адной вакальнай “каманды” пад кіраўніцтвам старшага інспектара групы кадраў Алы Сцефановіч, – гэта можна лічыць амплуа, да якога ўсе прызвычаіліся. А міліцэйскі вальс, якім адкрывалася свята, – гэта новая грань творчых талентаў работнікаў райаддзела міліцыі. Павіншаваць іх прыйшлі і члены клуба ўсходніх адзінаборстваў “Абаронца Айчыны” разам са сваім нязменным кіраўніком Рыгорам Мамайкам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *