Зробім Стаўбцоўшчыну чыстай

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

ПРАВЯРАЮЦЬ І КАЛЕГІ

Перад кіраўнікамі і жывёлаводамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў губернатарам вобласці пастаўлена задача –  навесці парадак на фермах і пастаянна яго падтрымліваць. Як ідуць справы ў гэтым плане ў адпаведных вытворчых падраздзяленнях сельгаставарыстваў раёна, – размова з начальнікам аддзела жывёлагадоўлі райсельгасхарча Галінай Шуранковай.

– Агульнавядома, што для забеспячэння належнага санітарнага стану жывёлагадоўчых аб’ектаў неабходна пастаянна сачыць за чысцінёй, добраўпарадкаваннем тэрыторый фермаў, выгульных пляцовак, пад’язных дарог, даільных памяшканняў і малочных блокаў. Першачарговая задача, якая на даны момант стаіць перад нашымі жывёлаводамі, – навядзенне парадку менавіта на тэрыторыях фермаў, бо тут больш за ўсё пытанняў. Адзначу, як станоўчае, што справа гэтая сёлета зрушылася з месца. Наладжана работа па вывазе гною, які ў пераважнай большасці гаспадарак накапляўся гадамі. А іменна, створаны звенні па вывазе і ўнясенні арганікі. Каб хутчэй гэта зрабіць, вяскоўцам дапамагаюць тэхнікай гарадскія арганізацыі.

– А як ажыццяўляецца кантроль за санітарным станам фермаў?

– З мэтай навядзення парадку на фермах упраўленнем райсельгасхарча арганізаваны куставыя выязныя ўзаемаправеркі. З запрашэннем кіраўнікоў, галоўных заатэхнікаў, галоўных ветурачоў і загадчыкаў фермаў гаспадарак, якія правяраюцца.  Падчас аб’езду фермаў звяртаецца ўвага не толькі на ўмовы ўтрымання жывёлы, а і на правільнасць яе кармлення. У прыватнасці, дэманструецца на практыцы размарожванне малодзіва і выпойванне ім маладняку з першых дзён жыцця.  Дарэчы, тэхналогіі кармлення і ўтрымання ўсіх груп жывёлы трэба ўдзяляць асаблівую ўвагу,бо ў гаспадарках не хапае цэхаў для сухастойных кароў, прафілакторыяў для цялят, індывідуальных домікаў для нованароджаных цялят. Адным словам, каб атрымліваць малако, патрэбна перш за ўсё належным чынам карміць і даглядаць жывёлу. Такую задачу ставіць перад жывёлаводамі старшыня райвыканкама Юрый Горлаў.

Па ініцыятыве старшыні райвыканкама, сумесна з кіраўнікамі і галоўнымі спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў, адзін раз на два тыдні праводзіцца аб’езд фермаў гаспадарак. Першы выезд адбыўся ў ААТ “Радзіма Якуба Коласа”, другі – у ААТ “Вішнявецкі-агра”, “Жацерава” і “Агранёманскі”. Гэта стымулюе жывёлаводаў, яны стараюцца навесці парадак, каб пакінуць аб сваіх падраздзяленнях добрае ўражанне.

– А як у сельгаспрадпрыемствах  падрыхтаваны да зімоўкі жывёлагадоўчыя памяшканні?

– Можна сказаць, няблага. Памяшканні пабелены і прадэзынфіцыраваны. Спазніліся з гэтай работай толькі ў ААТ “Вішнявецкі-агра”, і менавіта на МТФ “Мархачоўшчына № 2”. Што тычыцца размяшчэння жывёлы, то праблемы існуюць толькі ў ПДСУП “Профі-Аграцэнтр”, і асабліва на МТФ “Заямнае”, дзе будзе цяжка паставіць жывёлу пад дах.

Хачу звярнуць увагу і на неналежны санітарны стан малочных блокаў. Прэтэнзій няма толькі да ААТ “Вялікі Двор”. У  астатніх гаспадарках  малочныя патрабуюць сур’ёзнага рамонту, і менавіта падлога. Вельмі хвалююць і бытоўкі для жывёлаводаў, дзе практычна паўсюдна трэба праводзіць касметычны рамонт. У некаторых сельгаставарыствах такіх пакояў, дзе працаўнікі маглі б распрануцца і пагрэцца, наогул няма. А ў іншых да канца не абсталяваны. На людзях, якія працуюць на фермах, не трэба эканоміць, неабходна стварыць ім належныя бытавыя ўмовы.  Праяўляць пастаянны клопат, бо вытворчасць гэтая даволі складаная, а ў шэрагу сельгаспрадпрыемстваў адчуваецца недахоп жывёлагадоўчых кадраў.  

Гутарыла  Надзея БАТАЛКА

 

ВОСТРЫ РАКУРС: ПЛАЦІЦЬ ЗА ЧЫСЦІНЮ

У сярэднім у сельсаветах раёна пакуль толькі 78 працэнтаў прыватных домаўладальнікаў (каля 7 700 з усіх 9 948) заключылі дагавор з аб’яднаннем камунальных службаў на вываз, абясшкоджванне і перапрацоўку цвёрдых камунальных адходаў. У райцэнтры гэты паказчык куды вышэйшы  – на ўзроўні 98 працэнтаў.

Дарэчы, адметныя прыклады ёсць і ў сельскай мясцовасці. Да прыкладу, на 100 працэнтаў ахоплены дагаворамі Наваколасаўскі сельсавет. Добра вядзецца гэтая работа ў Вішнявецкім, Дзераўнянскім, Шашкоўскім, Літвенскім сельсаветах. І недастаткова – у Навасвержанскім, Заямнаўскім, Мікалаеўшчынскім сельсаветах.

– Апошнім часам работа па заключэнні дагавораў з боку АКС актывізавалася: непасрэдна да вяскоўцаў выязджаюць па графіку кантралёры абаненцкага аддзела. Аднак, на жаль, не ў кожным доме яны знаходзяць падтрымку і разуменне, – заключае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Андрэй Суднік.

Работнікі камунальнай службы тлумачаць людзям, што дзейнічае Пастанова Савета Міністраў № 571 ад 12 чэрвеня 2014 года, якою зацверджана палажэнне аб парадку разлікаў і ўнясенні платы за жыллёва-камунальныя паслугі. У раздзеле 12 гэтага дакумента ўказваецца на абавязковасць (!) заключэння дагавора на паслугу па вывазе, абясшкоджванні і перапрацоўцы цвёрдых камунальных адходаў у жылых дамах. Тарыф на яе фіксаваны, часткова кампенсуецца дзяржавай, і складае на аднаго пражываючага 5 093 рублі ў месяц.      

Для многіх вясковых жыхароў сёлета дабавілася і плата за яшчэ адну жыллёва-камунальную паслугу – водазабеспячэнне. На баланс АКС у гэтым годзе перададзена сельгаспрадпрыемствамі раёна 110,3 км сетак водаправода разам са збудаваннямі водазабеспячэння і водаадвядзення. Да таго, як адбылася іх перадача, сельскія жыхары на працягу дзясяткаў гадоў карысталіся водаправодам бясплатна. Сёння, у сувязі са зменай уласніка сетак, прыходзіцца ламаць старыя стэрэатыпы. Але іншага шляху няма. Камунальная служба – не дабрачынная арганізацыя і, да таго ж, на абслугоўванне перададзеных сетак неабходны сродкі. 

Аплата за ваду складае 1 117,7 рубля за 1 м3, калі ў доме ўстаноўлены лічыльнік, і 6 500 рублёў за 1 м3 – калі лічыльніка няма. Норма водаспажывання ў жылых дамах з водаправодам, каналізацыяй і ваннай з газавым або электранагравальнікам складае 190 літраў у суткі на аднаго пражываючага. У жылых дамах, абсталяваных водаправодам, каналізацыяй, ваннай з воданагравальнікам на цвёрдым паліве – 155 літраў у суткі на аднаго пражываючага, у жылых дамах, абсталяваных водаправодам без каналізацыі – 50 літраў у суткі з аднаго пражываючага, водакарыстанне з вулічных водазабораў – 35 літраў у суткі з аднаго пражываючага.

У аб’яднанні камунальных службаў падкрэсліваюць, што заключыць  дагавор на вываз, абясшкоджванне і перапрацоўку цвёрдых камунальных адходаў, як і своечасова ўносіць плацяжы за водаспажыванне і іншыя камунальныя паслугі лепш у добраахвотным парадку, чым у судовым.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *