Не абмяжоўвацца абкошваннем і ўборкай тэрыторыі

Нумары Прамая лінія

Па выніках месячніка добраўпарадкавання адбылася прамая тэлефонная лінія з галоўным дзяржаўным санітарным урачом раёна Ігарам КУНЦЭВІЧАМ. У паступіўшых тэлефанаваннях былі ўзняты праблемы, якія пакуль не знайшлі свайго вырашэння. Над імі неабходна працягваць працаваць. І пры гэтым памятаць, што фактычна невычэрпным рэсурсам выступаюць супрацоўніцтва з людзьмі, павышэнне ўзроўню іх санітарнай культуры з адначасовым “выкошваннем” такога заганнага стэрэатыпу як “мая хата з краю”. 

– Старасту з вёскі Семенчыцы турбуе стан пустыра за вясковымі могілкамі. Раней там была дагледжаная паша, цяпер – запусценне…

– Дзякуй за інфармацыю. Раней кожны такі кавалак зямлі быў на ўліку. Больш актыўную пазіцыю павінен заняць ваш сельскі выканаўчы камітэт. Безумоўна, з  удзелам старасты,  усіх вяскоўцаў. Магчымасці для гэтага шырокія. Мы рэкамендуем замацоўваць пустыя тэрыторыі за прадпрыемствамі, арганізацыямі, што працуюць на вашай тэрыторыі. На дапамогу сельвыканкамам прынята і распараджэнне раённага выканаўчага камітэта № 190Р ад 06.10.2014 “Аб выдзяленні тэхнікі”. Прадугледжана, што сельгаспрадпрыемствы будуць выдзяляць касілкі для абкошвання пустыроў, участкаў, якія не выкарыстоўваюцца для сельскагаспадарчых патрэб. Канешне, самі часцей выходзьце на суботнікі, прыцягвайце да іх моладзь.

 – Паступіў зварот ад імя жыхароў Аталезі: як добраўпарадкаваць парк у цэнтры аграгарадка?

 – Вы правільна ўзнімаеце пытанне. Старшыні Шашкоўскага сельвыканкама ўжо ўказвалася на неабходнасць навядзення там парадку. Падзвіжак пакуль няма. Няскошаная расліннасць, агульная недагледжанасць – гэтага быць не павінна. Вы, напэўна, адчулі, што з прыходам новага старшыні райвыканкама пытанне навядзення парадку атрымала новы імпульс. У Літве нядаўна прайшло свята вёскі, акурат да яго былі вырашаны пытанні з акультурваннем многіх тэрыторый і аб’ектаў, з пустымі ўчасткамі і безгаспадарнымі пабудовамі, рамонтам платоў… У планах на гэты год яшчэ адна вёска – Скамарошкі. Калі  такая традыцыя захаваецца і ў наступным годзе, выгляд нашых населеных пунктаў зменіцца кардынальна. Але і вяскоўцам на чале са старастамі таксама трэба прыкладаць намаганні, каб падтрымліваць створаную базу ў нармальным стане, развіваць яе.

Вы разумееце, што сёння добраўпарадкаванне разглядаецца куды шырэй,  чым толькі абкошванне і ўборка смецця на прылеглай тэрыторыі. Пытанне гэтае шматграннае. Яно патрабуе творчага  падыходу, ландшафтных ідэй, эстэтычнага ўдасканалення. Менавіта так падыходзяць мясакамбінат, райгаз, Стаўбцоўская ПМК, РБУ, аддзяленне Беларусбанка.

– Чаму камунгас не заўсёды своечасова ачышчае ад пяску пешаходныя дарожкі? 

– Навядзенне парадку нельга зводзіць да адной камунальнай службы. Калі мы хочам жыць у добраўпарадкаваным горадзе, то павінны падключацца і самі. Прадпрыемствы павінны своечасова прыбіраць замацаваныя за імі тэрыторыі. Актыўнасць у гэтым праяўляюць стаўбцоўскія ПМК, электрасеткі, у адрозненне, напрыклад, ад ПМС, Мінскагратранса, энергазбыта. Санітарны дзень – чацвер, і яго ніхто не адмяняў.

– На ўчастку вуліц ад Казлова да Магістральнай няма куды выкінуць абгортку… У двары дома няма дзе гуляць дзецям… 

– Вы правільна заўважаеце. Не на ўсіх вуліцах горада з інтэнсіўным рухам устаноўлены ўрны для смецця, хаця АКС неаднаразова прапаноўвалі зрабіць гэта. І кожная дзясятая дваровая тэрыторыя не мае неабходных архітэктурных формаў, гульнявога абсталявання для дзяцей. Рашэннем райвыканкама  АКС абавязалі абсталёўваць па адным двары ў месяц, аднак работы гэтыя вядуцца марудна. Сёлета абсталявана дваровая тэрыторыя па вуліцы Багінскага, 4, часткова распачаты работы па вуліцах  Калініна, 9, і Свярдлова, 25. Патрэбнасць, як вы самі бачыце, намнога большая. Як варыянт – да добраўпарадкавання двароў, клумбаў, вуліц, пад’ездаў і т. п. варта заахвочваць вас, жыльцоў. Лічу, АКС неабходна аб’явіць сярод жыльцоў конкурс з уручэннем прызоў. Падобны конкурс праводзіўся ў свой час для жыхароў вуліцы Гагарына. Пры зацікаўленасці абодвух бакоў будзе і вынік.

– Недалёка ад нас, на месцы безгаспадарнага дома па завулку 17 Верасня, ізноў узнікла звалка…

 – Вясною тут быў наведзены парадак, у тым ліку і ў рамках суботнікаў. Калі вы жывяце недалёка, сачыце, калі ласка, за парадкам. Ніхто, акрамя бліжэйшых суседзяў, смецця да вас не панёс.

– Дзякуй, у нас у вёсцы ўстанавілі кантэйнеры для збору смецця. Так будзе пастаянна?

– Так. Паступова мы ўкараняем і ў вёсках кантэйнерную сістэму збору цвёрдых бытавых адходаў. Зручна для вас, бо выкінуць смецце можна ў любы час. Мяркуем, што гэта выключыць смеццевыя “дыверсіі” ў лясныя масівы, на прыпыначныя пункты і пустыры. Але турбуе тое, што не ўсе жыхары населеных пунктах раёна заключылі дагавор з АКС на вываз смецця (станоўчае выключэнне – аграгарадок Дзераўная). Незразумела, бо паслуга гэтая даступная, большасць выдаткаў на яе кампенсуе дзяржава.

 – Яшчэ не позна зрабіць прышчэпку ад грыпу? Колькі яна каштуе для пажылога чалавека?

– Прышчэпку ад грыпу лепш за ўсё рабіць за 3-4 месяцы да прагнозаў на пад’ём захваральнасці, таму кастрычнік – лістапад – самы спрыяльны перыяд, каб паспеў выпрацавацца напружаны імунітэт. Бясплатна вакцынуюцца асобы групы рызыкі: дзеці, цяжарныя, людзі з хранічнымі захворваннямі і пажылыя. Да імунізацыі здаровых работнікаў, якім не паказана бясплатная вакцына, у нас актыўна падключыліся прафсаюзы, наймальнікі. Напрыклад, філіял маторнага завода, Фрэор Рэфрыгерайшн, ПМК-233, мясакамбінат, сельгаставарыствы “Жацерава” і “Вялікі Двор”. Даказана, што сярод 100 прывітых 95 чалавек – не захварэюць на грып, 5 – 30 чалавек – могуць захварэць, аднак у больш лёгкай форме, без ускладненняў. 20-30 чалавек – пазбегнуць захваральнасці на іншыя рэспіраторныя інфекцыі. Усе прапанаваныя вакцыны – ад кітайскага, расійскага, французскага і іншага вытворцаў – якасныя, праходзяць жорсткі кантроль. Для правядзення вакцынацыі вам трэба звярнуцца ў паліклініку.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *