Ад маладых чакаюць ідэй

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

У Стоўбцах прайшла традыцыйная восеньская сустрэча моладзі – злёт маладых спецыялістаў. Іх самасцвярджэнне ў прафесіянальным і асабістым плане  прыпадзе акурат на год наступны, які аб’яўлены ў нашай краіне Годам моладзі. 

Мяркуючы па рэгістрацыйных спісах, дзе кожны з удзельнікаў пакінуў сваю “візітку”, яны прадстаўляюць 12 прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Гэта філіял Мінскага маторнага завода ў г. Стоўбцы, лясгас, электрасеткі, аўтапарк, мясакамбінат, райспажыўтаварыства, дарожныя арганізацыі, сельгаставарыствы, школы і дзіцячыя садкі, бальніца і ўстановы культуры. Сёлета наш раён папоўніўся больш чым сотняй маладых спецыялістаў. На гэтыя кадры, адметныя глыбінёй ведаў і патэнцыялам ініцыятывы, ускладаюцца вялікія надзеі і, безумоўна, спадзяванні на іх далейшае замацаванне ў раёне.

Можна прывесці багата канкрэтных прыкладаў, для каго Стаўбцоўшчына ператварылася з месца размеркавання ў другую радзіму. Сярод іх і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель, які на злёце ад імя раённай выканаўчай улады вітаў свежае кадравае папаўненне. Ураджэнец Гродзеншчыны, ён здолеў прэзентаваць Стаўбцоўшчыну, дзе з задавальненнем працуе апошнія 16 гадоў, стварыў сям’ю і пусціў карані. Дынаміка і поступ развіцця стаўбцоўскага краю відавочныя ў першую чаргу па тым, што ў нас  рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты. Найбольш значныя сярод іх – прыватнае прадпрыемства “Фрэор Рэфрыгерайшн”, будаўніцтва завода высокатрывалага чыгуннага ліцця на базе філіяла Мінскага маторнага завода, узвядзенне фізкультурна-аздараўленчага комплексу, турысцкі праект “Панскі маёнтак “Сула”, што за 30 кіламетраў ад райцэнтра, і іншыя.

Дарэчы, Сяргей Шэсцель унёс слушную прапанову раённаму камітэту БРСМ і аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, якія традыцыйна займаюцца падрыхтоўкай злёту, – не на словах арганізаваць для маладых спецыялістаў знаёмства з унікальным “маёнткам” і спектрам паслуг, якія аказваюцца яго наведвальнікам. Выступоўца, прызваўшы маладых дзяліцца цікавымі ідэямі, быць не толькі прафесіяналамі, а і грамадскімі актывістамі, лідарамі, расказаў пра бліжэйшыя планы. Да прыкладу, у будучым годзе на Стаўбцоўшчыне, радзіме песняра Якуба Коласа, неабходна зладзіць фестываль пад брэндам “Родны кут”, аб’яднаўшы намаганні філіялаў музея, аграсядзібаў і, зразумела, райспажыўтаварыства (як вядома, Белкаапсаюз раскручвае сетку сваіх магазінаў пад брэндам “Родны кут”).                 

Пакуль у маладых спецыялістаў пытанняў больш, чым адказаў (гэта звязана з уладкаваннем у калектыве, побытам на новым месцы і т. п.), таму на сустрэчу былі запрошаны кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама, якія могуць аказаць дапамогу з іх вырашэннем. Так, з актуальнай інфармацыяй перад прысутнымі выступілі галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Тэрэза Загорская, а таксама прадстаўнік Беларусбанка Таццяна Храмянкова. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Таццяна Буката засяродзіла ўвагу на дзейнасці ў раёне такога грамадскага фарміравання як савет маладых спецыялістаў і, адпаведна, на магчымай перспектыве кар’ернага росту, папаўнення рэзерву кіруючых работнікаў.

Своеасаблівыя вынікі злёту падвяла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анастасія Віслаўская, якая не магла не нагадаць: “Наступны год аб’яўлены Годам моладзі. Аднак не варта арыентавацца толькі на гучныя лозунгі, маштабныя акцыі. Пачынаць варта са свайго прадпрыемства, арганізацыі. Упэўнена, у кожным калектыве вашы свежыя ідэі, прапановы будуць асабліва запатрабаванымі”.      

А занатаваць свае думкі можна было ўжо прама на злёце – і ў прапанаванай анкеце, і – для сябе – у кніжцы-штодзённіку, уручанай кожнаму маладому спецыялісту на памяць аб сустрэчы. Аздобілі яе артысты раённага Цэнтра культуры, сярод іх зала асабліва цёпла вітала спявачку Аляксандру Варывоцкую – сімпатычнага маладога спецыяліста.

ДЛЯ ПАДТРЫМКІ

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прадугледжаны льготны крэдыт для маладых спецыялістаў, выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія размяркоўваюцца не па месцы жыхарства бацькоў. Выплата па крэдыце складае 25 працэнтаў ад стаўкі рэфінансавання, ці 5 працэнтаў гадавых, тэрмін выплаты – пяць гадоў. Сума крэдыту – да 15-кратнага памеру бюджэту пражытачнага мінімуму, ці больш за 20 мільёнаў рублёў, на якія можна набыць халадзільнік, тэлевізар, неабходную мэблю.

Маладыя спецыялісты могуць стаць у чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў па месцы рэгістрацыі (калі гэта маладая сям’я – па месцы рэгістрацыі мужа або жонкі). Пазачарговага права ў іх няма (акрамя радыеактыўна забруджаных раёнаў), таму размеркаванне жылля, якое цяпер будуецца паводле дзяржзаказу, ідзе па агульным спісе.

Нарматыў жыллёвай плошчы на аднаго чалавека складае 20 м2. Крэдытуецца 90 працэнтаў кошту гэтых метраў, астатнія 10 працэнтаў уносяцца з уласных сродкаў. Пры будаўніцтве жылля ў сельскай мясцовасці нарматыў на аднаго чалавека складае 30 м2, пры ўмове, што забудоўшчык працуе і жыве на вёсцы. Ільготны жыллёвы крэдыт выдаецца на 20 гадоў пад тры працэнты гадавых пры ўмове, што муж і жонка працуюць у малых гарадах з колькасцю жыхароў да 20 тысяч чалавек.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель сярод маладых спецыялістаў; удзельнікаў злёту сустракаюць валанцёры БРСМ.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *