Дарога дадому

Нумары Сям'я

image_pdfimage_print

Перш чым перажыць вялікае гора ў асабістым лёсе – пазбаўленне бацькоўскіх правоў у адносінах да траіх дзяцей, у свае 33 гады яна прайшла нялёгкі шлях.

Нарадзілася ад маці з алкагольнай залежнасцю, у якой пяцёра дзяцей былі ад розных мужчын. Ці трэба гаварыць, чым было напоўнена яе дзяцінства, што прыйшлося перажыць ранімай дзіцячай душы. У выніку яна ў нейкай ступені паўтарыла шлях маці. Рана няўдачна выйшла замуж – раз, потым другі. Цярпела здзекі, пабоі. Неўладкаванасць і поўная неабароненасць штурхнулі яе да згубнай чашы віна. На яе жыццёвым шляху сустракалася больш раўнадушных, нават бессардэчных людзей, чым уважлівых і добрых.

Было прынята рашэнне аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў.

З такой рэпутацыяй ёй няпроста стала жыць далей. У сельскагаспадарчым кааператыве, дзе яна працавала, на яе адну згрузілі адказнасць за страты малочнай прадукцыі. Сталі вылічваць з заработнай платы, на пражыццё нічога не заставалася. Яна ўкрала грошы, каб прахарчавацца. Аказалася ў месцах пазбаўлення волі. Пасля турмы трэба было думаць, як жыць.

Цудам Божым можна назваць сустрэчу Людмілы з чалавекам, які стаў яе мужам. Яны сустрэліся ў сельскагаспадарчым кааператыве, калі працавалі ў Нясвіжскім раёне. Уладзімір настолькі стаў яе надзейнай апорай у жыцці, што Людміле захацелася навярстаць упушчанае – стаць добрай жонкай, руплівай гаспадыняй, захавальніцай такога скарбу як сямейны ачаг. Яна ведае цану гэтаму скарбу.

Яны пераязджаюць у Стаўбцоўскі раён, уладкоўваюцца на працу ў ААТ “Агранёманскі”, атрымліваюць жыллё – свой дом. У ранейшай сям’і Уладзіміра былі праблемы, якія паўплывалі на рашэнне суда пакінуць з ім дачку Дзіяну. Сын Павел ужо дарослы, вучыцца ў ліцэі. Ён цяпер з радасцю прыязджае ў Залужжа на выхадныя, сагрэты любоўю і клопатам. Ва Уладзіміра і Людмілы нарадзілася дачка Валерыя – дзяўчынцы паўтара годзіка.

Уладзімір падтрымаў рашэнне Людмілы вярнуць  у сям’ю траіх дзяцей, у адносінах да якіх яна пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Яны сталі шукаць, дзе знаходзяцца дзеці. Вялікую дапамогу ў гэтым пошуку аказала метадыст сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Антаніна Сідарэня. Яна ўстанавіла, што трое дзяцей Людмілы Казлоўскай выхоўваюцца ў дзіцячай вёсцы “Истоки” ў Мінскім раёне. Людміла падала іск у суд на аднаўленне ў бацькоўскіх правах.

Вясною бягучага года адбылося першае пасяджэнне ў судзе Мінскага раёна. Згодна з заканадаўствам была выслухана думка Васіля, які на той момант адзін з траіх дзяцей меў узрост большы за 10 гадоў. Ён сказаў, што ўсе дзеці хочуць да сваёй мамы. Першы суд адмовіў Людміле ў задавальненні іскавых патрабаванняў, матываваўшы рашэнне адсутнасцю яе блізкага кантакту з дзецьмі. Дзеці часта знаходзіліся на аздараўленні ў Італіі. Калі яны вярнуліся, Людміла стала часта ездзіць да іх у дзіцячую вёску “Истоки”. Яны з Уладзімірам купілі машыну, муж адвозіў Людмілу, заўсёды з падарункамі для дзяцей. Гадавалую дачку яна пакідала ў дваюраднай сястры ў Смалявіцкім раёне, якая прыкладвае шмат сіл, каб дапамагчы Людміле вярнуць сваіх дзяцей. 

На ўсіх пасяджэннях суда прысутнічала вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама Алена Гамза. У сваім заключэнні Алена Станіславаўна адзначыла, што орган апекі і папячыцельства не бачыць ніякіх абставін, якія б маглі перашкаджаць вяртанню дзяцей у кроўную сям’ю. Па месцы жыхарства сям’і створаны належныя ўмовы для пражывання, развіцця і выхавання непаўналетніх дзяцей. Каб зрабіць такі вывад, прадстаўнікі сектара аховы дзяцінства і вучэбна-педагагічнага комплексу “Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”, дзе навучаецца Дзіяна, пастаянна бываюць у гэтай сям’і з таго часу, як яна перасялілася ў Стаўбцоўскі раён. У адну з такіх паездак мы накіраваліся разам. Чысты, утульны дом, падрыхтаваныя саленні і кансерваванні на зіму, цёплыя даверлівыя адносіны маці і дзяцей – гэта прыемна назіраць, не ў кожнай добранадзейнай сям’і такое можна ўбачыць. У той прыезд мы і зрабілі гэты здымак, дзе Людміла з дачкою Валерыяй і Дзіянай, якая таксама стала для яе дачкою.

У кастрычніку бягучага года адбылося чарговае пасяджэнне суда Мінскага раёна. Пакуль праходзілі неаднаразовыя судовыя пасяджэнні, сярэдняй Каці ўжо споўнілася 10 гадоў, і суд цяпер на падставе заканадаўства ўлічыў думку дзесяцігадовай дзяўчынкі, якая сказала, што яна хоча ехаць да італьянскай мамы. Васіль сваю думку не памяняў, сямігадовая Настачка таксама хоча да сваёй мамы. На настойлівасць біялагічнай маці не разлучаць родных сясцёр і брата, а вярнуць іх ёй, суд прапанаваў зрабіць судовую псіхолага-псіхіятрычную экспертызу ў адносінах да маці і дзяцей. Гэтая паслуга платная, і для сям’і Казлоўскіх яна складае вялікую суму. Аднак яны пайшлі на такія растраты. І гэта пры тым, што Людміла ў дэкрэтным адпачынку, яна з’яўляецца асобай, абавязанай вяртаць дзяржаве фінансавыя расходы на ўтрыманне дзяцей, у адносінах да якіх пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Паводле дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” яна мае вялікую запазычанасць. Акрамя таго, у сям’і выхоўваюцца двое дзяцей і ёсць немалыя расходы на пастаянныя паездкі да траіх дзяцей, якія знаходзяцца ў дзіцячай вёсцы “Истоки”.

Назіраючы гэтую гісторыю, узнікае нямала пытанняў. Дзяржаўная служба аховы дзяцінства ставіць мэтай работу з біялагічнымі бацькамі і вяртанне дзяцей у свае сем’і. Да гэтага закліканы і прыёмныя бацькі. У даным жа выпадку прыёмная маці-выхавацель Наталля не толькі не дапамагае маці наладзіць адносіны з дзецьмі і аднавіцца ў сваіх бацькоўскіх правах, але і перашкаджае гэтаму. Яна ні разу не наведала разам з дзецьмі біялагічную маці, не пацікавілася, у якіх умовах жыве яе сям’я. Больш таго, у час, калі Людміла Казлоўская занялася пытаннем аднаўлення ў бацькоўскіх правах, актывізавалася работа па падрыхтоўцы дакументаў на ўдачарэнне Каці італьянскай сям’ёй. Прыёмная маці-выхавацель не павінна была дазваляць кантактаваць прыёмным дзецям з кандыдатамі на ўсынаўленне падчас судовага працэсу па аднаўленні правоў кроўнымі бацькамі. Зносіны ж дзяцей з італьянскай сям’ёй у гэты час працягваліся.

Мы назіраем неардынарны выпадак. Чалавек, які сумеў устаць пасля падзення, не атрымлівае падтрымкі. Людміла Казлоўская вымушана на зыходзе душэўных і фізічных сіл, несучы непасільныя матэрыяльныя растраты, даказваць, што яна мае права на выпраўленне зробленых у жыцці памылак і на падтрымку грамадства. Абараніць яе хочацца словамі Іісуса Хрыста з Евангелля ад Іаана (гл. 8, ст. 7): “Хто з вас бязгрэшны, няхай першы кіне ў яе камень”.

Вялікая апора для Людмілы Казлоўскай – удзел у яе лёсе і лёсе яе дзяцей спецыялістаў сектара аховы дзяцінства Стаўбцоўскага аддзела адукацыі, спорту і турызму, якія, як і ўсе нацыянальныя дзяржаўныя службы, што абараняюць правы дзяцей, закліканы рабіць усё для таго, каб дзеці, пазбаўленыя бацькоў, знаходзілі сем’і, а тым больш злучаліся са сваімі кроўнымі бацькамі.

Як вырашыцца лёс траіх дзяцей Людмілы Казлоўскай, пакажуць наступныя пасяджэнні суда. Цяпер праводзіцца псіхолага-псіхіятрычная экспертыза. Дай Бог сіл Людміле Казлоўскай даказаць усім, што яна мае права застацца маці, пад сэрцам якой біліся тры маленькія сардэчкі, тры чалавечкі, якіх могуць разлучыць межы дзвюх краін.

 

РАДАСЦЬ

За няпоўныя тры апошнія гады 15 сем’яў у нашым раёне зрабілі сябе шчаслівымі, прыняўшы рашэнне, якое прыраўноўваецца да подзвігу, – усынавілі 19 дзяцей. Чатыры сям’і ўсынавілі блізнят – адразу восем дзяцей.

Супрацоўнікі аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, выконваючы абавязак канфідэнцыяльнасці інфармацыі аб усынавіцелях, гавораць, што такой важкай статыстыкі ў нашым раёне яшчэ не было. І гэта радуе.

За апошнія тры гады дзве сям’і адноўлены ў бацькоўскіх правах, што таксама з’яўляецца надзвычай радаснай падзеяй.

Вядучая тэматычнай старонкі —  Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *