Грамадства: прававы аспект

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

ЗА ЗВАРОТАМІ – ПРАБЛЕМЫ ЛЮДЗЕЙ

Пракуратурай раёна прааналізаваны прычыны зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама стан законнасці пры разглядзе гэтых зваротаў дзяржаўнымі органамі, установамі і арганізацыямі раёна за першае паўгоддзе 2014 года.

У пракуратуру паступілі 83 звароты грамадзян, з якіх 51 – вырашаны. З агульнай колькасці вырашаных зваротаў задаволены тры, большая частка іх датычыла пытанняў следства і дазнання, а менавіта нараканняў на дзеянні і рашэнні следчых Следчага камітэта. Разам з тым, з 17-ці вырашаных зваротаў на дзеянні і рашэнні органаў дазнання абгрунтаванымі яны не прызнаны. Па пытаннях парушэння законнасці ў дзейнасці органаў папярэдняга следства ў райаддзел міліцыі ўнесена адно прадстаўленне, узбуджана пяць дысцыплінарных вытворчасцяў у адносінах да супрацоўнікаў РАУС, у выніку разгляду якіх да шасці супрацоўнікаў прыменены меры матэрыяльнага ўздзеяння.

Пракуратурай раёна вырашана пяць зваротаў грамадзян па пытаннях нагляду за выкананнем заканадаўства, у прыватнасці, працоўнага. Калектыўны зварот паступіў ад работнікаў свінатаварнага комплексу “Крамец” ААТ “Вішнявецкі-агра” ў сувязі з парушэннем кіраўніком гаспадаркі істотных умоў працы і нясвоечасовай выплаты заработнай платы за снежань 2013 года. Праверкай, праведзенай з выездам на месца, было ўстаноўлена, што па прычыне змяншэння выручкі ад рэалізацыі свіней, цяжкага фінансавага становішча гаспадаркі, яе дырэктарам быў выдадзены загад, якім істотна зменены ўмовы аплаты працы работнікаў. На незаконны загад вынесены пратэст з патрабаваннем ажыццявіць пераразлік памераў заработнай платы за снежань 2013 года ў адпаведнасці з вызначанымі калектыўным дагаворам тарыфнымі стаўкамі, каэфіцыентамі павышэння і выплатамі стымулюючага і кампенсуючага характару. Па факце нясвоечасовай выплаты заработнай платы дырэктар гаспадаркі быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.              

Варта адзначыць, што не паступала зваротаў грамадзян па пытаннях выканання жыллёвага заканадаўства, заканадаўства аб зямлі.

У мэтах абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян праведзена праверка захавання службовымі асобамі РАУС патрабаванняў заканадаўства пры вядзенні адміністрацыйнага працэсу, рэгістрацыі і вырашэння заяў і паведамленняў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Парушэнні ў рабоце супрацоўнікаў РАУС працягваюць мець месца, нягледзячы на неаднаразовыя заўвагі з боку пракуратуры раёна і ўнесеныя акты пракурорскага рэагавання. Да ліку найбольш сур’ёзных недахопаў трэба аднесці нерастлумачэнне асобам-удзельнікам адміністрацыйнага працэсу іх правоў і абавязкаў, непрыняцце ўсіх прадугледжаных законам мер для ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання абставін адміністрацыйнага правапарушэння. Па выніках праверкі начальніку РАУС унесена прадстаўленне. Такім чынам, да дзевяці супрацоўнікаў райаддзела міліцыі прыменены меры матэрыяльнага ўздзеяння. 

У цэлым пракуратурай раёна па выніках разгляду зваротаў грамадзян у першым паўгоддзі было ўнесена дзевяць актаў пракурорскага нагляду. Праведзены тры агульнанаглядныя праверкі выканання заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, у прыватнасці, у райвыканкаме, аб’яднанні камунальных службаў і садовым таварыстве “Улыбка-1”, у ходзе якіх выяўлены шэраг парушэнняў дзеючага заканадаўства. У ліку найбольш значных – фармалізм, валакіта, нерастлумачэнне заяўнікам парадку абскарджвання рашэнняў аб поўнай або частковай адмове ў задавальненні звароту ці аб пакіданні звароту без разгляду па сутнасці і т. п.

У пракуратуру раёна паступіла 19 зваротаў юрыдычных асоб. Усе яны вырашаны, большая палова гэтых зваротаў прызнана абгрунтаванай. Юрыдычныя асобы звяртаюцца ў пракуратуру, як правіла, з просьбай аб прад’яўленні іскаў у іх інтарэсах, абумоўленай, перш за ўсё, адсутнасцю на рахунку арганізацыі свабодных грашовых сродкаў для выплаты дзяржпошліны. На абарону правоў і законных інтарэсаў суб’ектаў гаспадарання пракуратурай накіраваны шэсць іскаў у эканамічныя суды, чатыры іскі – у агульныя суды.

Супрацоўнікамі пракуратуры падчас асабістых прыёмаў прыняты 75 грамадзян. У асноўным яны ішлі на прыём са скаргамі на пастановы РАУС аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, на пастановы па справах аб адміністрацыйным правапарушэнні, на рашэнні суда па грамадзянскіх справах, працоўных пытаннях. Прыём грамадзян па месцы жыхарства і работы ажыццяўляецца пракурорам раёна і яго намеснікам штомесяц у адпаведнасці з графікам. У 2014 годзе пракурорам раёна праведзены асабістыя прыёмы ў дзяржорганах, на прадпрыемствах раёна (Дзераўнянскі і Заямнаўскі сельвыканкамы, Навасвержанскі лесазавод, ДРБУ № 135, ААТ “Вішнявецкі-агра” і інш.).

Па выніках работы за першае паўгоддзе 2014 года пракуратурай раёна ў адрас старшыні райвыканкама накіравана інфармацыя аб прыняцці дадатковых арганізацыйна-практычных мер па ўдасканаленні работы са зваротамі грамадзян, па няўхільным выкананні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату”.

Дар’я АНІШЧУК, памочнік пракурора раёна

 

ТОРФАБРЫКЕТНЫ ЗАВОД… БЕЗ АБАВЯЗАЦЕЛЬСТВАЎ

Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №№ 1 і 3, а таксама заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб у ААТ “ТБЗ “Нёман”. 

У студзені бягучага года ў брыкетным цэху завода здарыўся няшчасны выпадак на вытворчасці, у выніку якога пацярпела транспарцёршчыца. Цялесныя пашкоджанні ў выглядзе ампутацыі правай верхняй канечнасці адносяцца да катэгорыі цяжкіх вытворчых траўмаў. Згодна з заключэннем Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, вынесенага па выніках расследавання данага няшчаснага выпадку, прычынамі яго паслужылі незахаванне адказнымі асобамі прадпрыемства, а таксама самой пацярпелай заканадаўства аб ахове працы. У адносінах да майстра змены, які з’яўляўся адказным за стан аховы працы ў брыкетным цэху, узбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 306 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Праверка паказала, што парушэнні правіл аховы працы і тэхнікі бяспекі ў дзейнасці ААТ “ТБЗ “Нёман” працягваюць мець месца і сёння. Да прыкладу, адсутнічаюць схема руху транспарту па тэрыторыі і знак абмежавання хуткасці, прыступкі лесвіц выраблены не з рыфленага металу, не ўсюды ёсць элементы парэнчавай агароджы і т. п.    

Парушэнні датычаць і абсталявання і ўтрымання тэрыторыі прадпрыемства. У прыватнасці, не агароджаны тэрыторыі цэхаў, якія прылягаюць да лясных масіваў і праз якія праходзяць чыгуначныя пуці, не ўпарадкавана складзіраванне металічных вырабаў і запасных частак, праходы і праезды не маюць у поўным аб’ёме цвёрдага пакрыцця, здараюцца затрымкі са своечасовым і рэгулярным абкошваннем тэрыторыі.

Праверкай выяўлены і факты парушэння адказнымі асобамі прадпрыемства правіл пажарнай бяспекі. Сярод іх – аддзелка гаручымі матэрыяламі шляхоў эвакуацыі, дымапранікальныя дзверы на лесвічнай клетцы, выкарыстанне ў памяшканні для сушкі пяску дымахода, выкананага без нарміраванага супрацьпажарнага раздзялення. 

Прызнаны нездавальняючым і ўзровень работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Так, заява па пытанні аказання матэрыяльнай дапамогі, якая паступіла ў ААТ “ТБЗ “Нёман” 22.01.2014, на момант праверкі захоўвалася ў машыністкі прадпрыемства ў папцы “Зыходныя дакументы па зваротах грамадзян”, аднак дакументаў, звязаных з разглядам звароту, там не было. Не сфарміравана справа і па выніках разгляду паступіўшага ў арганізацыю 22.02.2014 калектыўнага звароту жыльцоў дома № 2 пасёлка Нёман па пытанні правядзення капітальнага рамонту. У адказах на гэты і іншыя калектыўныя звароты жыльцоў названага дома дырэктар завода, парушаючы патрабаванні закона, парадак абскарджання не растлумачыў, нягледзячы на адмову ў задавальненні патрабаванняў.

Дзейнасць ТБЗ “Нёман”, накіраваную на барацьбу з карупцыяй, таксама нельга назваць адэкватнай існуючым патрабаванням. Так, на заводзе створана і функцыянуе камісія па супрацьдзеянні карупцыі, аднак адпаведны загад, а таксама палажэнне аб дзейнасці – адсутнічаюць. Першае пасяджэнні камісіі на працягу 2013 года прайшло толькі 8-га жніўня. На пасяджэннях разглядалі пісьмо аддзела ДАІ райаддзела міліцыі аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці вадзіцеля прадпрыемства за парушэнне правілаў дарожнага руху, прадстаўленне пракуратуры раёна аб ухіленні парушэнняў падатковага заканадаўства і іншыя. Аднак гэтыя пытанні не адносяцца да асноўных задач камісіі па супрацьдзеянні карупцыі, ухіленні прычын і ўмоў, якія яе выклікаюць. Прадугледжаныя планам работы пытанні антыкарупцыйнай накіраванасці ўвогуле засталіся па-за ўвагай.   

Ёсць і іншыя недахопы. Спецыяліст па кадрах, згодна са службовымі абавязкамі, дзейнасць ажыццяўляе па фарміраванні і вядзенні асабістых спраў работнікаў. Аднак на яго абавязкі па афармленні абавязацельстваў дзяржаўнай службовай асобы не ўскладзены, што не адпавядае патрабаванням Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”. Неналежнае замацаванне даных службовых абавязкаў негатыўна сказваецца і на якасці работы. Як вядома, для недапушчэння ўжывання службовага становішча ў асабістых і іншых мэтах дзяржаўная службовая асоба дае пісьмовае абавязацельства ў пэўных абмежаваннях, устаноўленых арт. 17 данага закона, да яе даводзіцца інфармацыя аб прававых наступствах у выпадку, калі такое абавязацельства не будзе выканана. На ААТ “ТБЗ “Нёман” падобныя пісьмовыя абавязацельствы не былі аформлены ў адносінах да галоўнага бухгалтара, начальніка ўчастка здабычы, загадчыцы цэнтральнага склада, хаця апошняя, у прыватнасці, працуе на гэтай пасадзе з лютага 2008 года.

Парушэнні заканадаўства на ААТ “ТБЗ “Нёман” выкліканы халатнымі адносінамі адказных асоб да сваіх службовых абавязкаў, а таксама недастатковым кантролем з боку кіраўніцтва прадпрыемства. Па выніках праверкі ў адрас дырэкцыі завода ўнесена прадстаўленне аб ухіленні выяўленых недахопаў.

Аляксей КУТАС, памочнік пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *