Кантроль, бяспека

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

ДА ВАС КРОЧЫЦЬ СЯМЕЙНЫ МІЛІЦЫЯНЕР

17 лістапада служба ўчастковых інспектараў міліцыі адзначыла 91-ю гадавіну з дня ўтварэння. Пра дзейнасць тых, каго называюць народным або сямейным міліцыянерам, расказвае намеснік начальніка райаддзела міліцыі-начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Руслан ХАРУТА.

– Сёння ў свядомасці многіх людзей участковы асацыіруецца з чалавекам, які скрупулёзна шукае схаваны ў доме самагон і, зразумела, выклікае пачуцці, далёкія ад захаплення. У некага прыходзяць на памяць вобразы герояў тэлесерыялаў…

– Гэта цалкам заканамерна: прафесія ўчастковага – з ліку важных у органах правапарадку. Менавіта яны, супрацоўнікі першага звяна, ведаюць, што адбываецца ў населеных пунктах, на вуліцах, у дамах і нават у асобна ўзятых сем’ях. Яны працуюць з людзьмі, заўсёды навідавоку. Ва ўсе часы ўчастковы інспектар быў галоўным сувязным звяном паміж міліцыяй і насельніцтвам.

– Сучасны ўчастковы чым-небудзь асаблівым адрозніваецца?

– Як правіла, да яго звяртаюцца з рознымі пытаннямі, незалежна ад таго, уваходзяць яны ў яго абавязкі ці не. Больш таго, у вачах людзей ён – увасабленне ўлады, таму адказвае і за раскрывальнасць злачынстваў, і за санітарны стан населеных пунктаў. Невыпадкова, што сучаснаму ўчастковаму прыходзіцца быць універсалам: дэтэктывам, экспертам, эканамістам, псіхолагам… Здаецца, відавочныя ўсе крытэрыі, каб назваць участковага сямейным міліцыянерам.

– Асноўныя намаганні ўчастковых накіраваны на глебу сямейна-бытавых адносін?

– Размова ідзе не толькі пра сямейна-бытавыя адносіны. У службе ўчастковых інспектараў райаддзела міліцыі служаць 17 участковых інспектараў.  Дзякуючы іх прафесіяналізму з пачатку года ўдалося стабілізаваць аператыўную абстаноўку ў раёне. Аднак пэўныя праблемы застаюцца. Значных намаганняў па-ранейшаму патрабуюць асабістая і маёмасная бяспека грамадзян, прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў, у прыватнасці, звязаных з  нанясеннем цялесных пашкоджанняў на бытавой глебе, у адносінах да састарэлых…

– У апошнія гады кіруе гэтай няпростай службай жанчына…

– Сапраўды, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Юлія Белавусава – адна з нямногіх жанчын у рэспубліцы, якія нясуць службу на такім адказным пасту. Юлія Міхайлаўна ўзначальвае падраздзяленне на працягу чатырох гадоў. Яе першымі памочнікамі з’яўляюцца в. а. намесніка начальніка аддзела Сяргей Печанко, які доўгі час сам працаваў участковым інспектарам, а таксама маладыя супрацоўнікі – Ірына Дзяржаўская (каардынуе работу з нядобранадзейнымі сем’ямі, абавязанымі асобамі), Аляксандр Пархімовіч (адказвае за дазвольную сістэму), Дзяніс Макарэвіч (забеспячэнне правапарадку).

Участковым інспектарам міліцыі кіраўніцтвам райаддзела створаны ўсе ўмовы для паспяховай службовай дзейнасці. Гэта новыя службовыя кабінеты, пастаяннае абнаўленне аўтапарку, першачарговае выдзяленне камп’ютарных  і іншых тэхнічных сродкаў. Лепшых вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці на працягу многіх гадоў дасягаюць Павел Карніцкі, Дзмітрый Дарашчук, Яўген Санько. «Старажылы» службы – Андрэй Новікаў, Аляксандр Кільчэўскі, Руслан Пазняк, Вячаслаў Лісоўскі. З веданнем справы нясе службу на сваім адміністрацыйным участку Аляксандр Макарчук. Новыя для іх участкі работы паспяхова асвойваюць Арцемій Зянько (сёлета браў удзел у абласным конкурсе сярод участковых інспектараў міліцыі) і Андрэй Клочка, у сям’і якога, між іншым, гадуюцца трое дзяцей. Ёсць вынікі ў рабоце Аляксандра Капскага, Андрэя Сыча. Нельга не адзначыць “гарадскіх” участковых – Аляксандра Мазура, Уладзіміра Шчарбацэвіча, Дзмітрыя Якжыка, Івана Шэпцефраця, Сяргея Каменку. І ад намаганняў участковых інспектараў міліцыі, у тым ліку, залежыць стабільнасць у нашай дзяржаве. 

Гутарыла  Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ФЛІКЕР ЗБЕРАЖЭ АД НАЕЗДУ

У суботу, 8-га лістапада, паміж 19 і 19.30, на аўтадарозе Навагрудак – Парачаны –Нясвіж, паблізу Новай Вёскі, пад коламі аўтамабіля загінуў мясцовы пенсіянер…

71-гадовы мужчына вёў у руках веласіпед, калі на яго наехаў аўтамабіль «Хундай». Ад атрыманых траўмаў пешаход загінуў на месцы здарэння. На ім была цёмная вопратка і ніводнага, хоць бы самага маленькага, флікера-светлячка. Як на бяду, не быў абазначаны катафотамі і веласіпед. А шэрыя восеньскія прыцемкі, ды яшчэ з дажджом, рабілі восеньскую дарогу непрагляднай. Пра сустрэчным раз’ездзе вадзіцель не заўважыў на ёй чалавека…

У жніўні на гэтым жа ўчастку дарогі таксама адбылася дарожная аварыя са смяротным зыходам. Тады загінуў вадзіцель легкавога аўтамабіля, двое дзяцей-пасажыраў атрымалі траўмы. Увогуле з пачатку года на дарогах Стаўбцоўшчыны абарваліся жыцці двух чалавек, 24 – паранены (толькі за лістапад – адзін чалавек загінуў і трое параненых). Самая распаўсюджаная прычына дарожна-транспартных здарэнняў для данай пары года – наезд на пешаходаў і веласіпедыстаў.

У сувязі з небяспекай, якую тоіць непрадказальная восеньская пара, пешаходам (у тым ліку людзям састарэлым) неабходна ў абавязковым парадку абазначыць сябе і сваю вопратку флікерамі, а лепш за ўсё – святлоадбівальнай камізэлькай. Веласіпедысты павінны абсталяваць свае веласіпеды катафотамі (чырвоны – ззаду, аранжавыя – з бакоў, спераду – ліхтар белага колеру),.

Вадзіцелям падчас туману, дажджу і іншых неспрыяльных пагодных умоў пры сустрэчным раз’ездзе раім абавязкова скідваць хуткасць і быць гатовымі да экстраннага тармажэння – у выпадку, калі перашкоду заўважыце ў апошні момант. Павышаныя меры бяспекі і ўвагі неабходны ў ранішнія часы, калі ўсе спяшаюцца на работу, у школу і т. п., а вулічнае асвятленне, на жаль, ёсць не на ўсіх пешаходных пераходах.

На дарогах раёна ў лістападзе праведзена прафілактычная акцыя “Пешаход”. 

Дзмітрый ВОРАНАЎ, начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *