Футбол

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

УСТУПАЙ У ГУЛЬНЮ!

Днямі стаўбчане сталі сведкамі спартыўнай падзеі – рэгіянальнага абласнога фіналу рэспубліканскага турніру па футболе “Кубак Coca-Cola. Уступай у гульню!”, які праводзіцца сярод юнакоў 2000-2001 гадоў нараджэння.

Гэта сумесная акцыя, арганізаваная ўнітарным прадпрыемствам “Кока-кола Бевриджиз Белоруссия” сумесна з Асацыяцыяй “Беларуская федэрацыя футбола” і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, дазваляе не толькі папулярызаваць і развіваць футбол на самых розных узроўнях, але і прыцягваць падлеткаў да масавай фізкультуры, вучыць іх культуры здаровага ладу жыцця.

Кампанія Coca-Cola, вядомая як пастаянны спонсар буйных і спартыўных падзей, сярод якіх Алімпійскія гульні і Чэмпіянат свету па футболе, ужо трэці год дапамагае адкрываць у Беларусі юныя футбольныя зоркі. “Уступай у гульню!” – пасыл своечасовы і надзвычай важны, і школьнікі яго падхапілі. У гэтай гульні, акрамя падарункаў ад Coca-Cola, разыгрываецца галоўны прыз – пуцёўка на  рэспубліканскі фінал Кубка  Coca-Cola, які адбудзецца ў сталічным футбольным манежы.

На фінальныя гульні прыбылі восем аматарскіх школьных камандаў Мінскай вобласці. У другой падгрупе, дзе выступалі прадстаўнікі нашага раёна – вучні школы № 3, разгарнулася асабліва ўпартая барацьба.

На першае месца выйшла каманда Салігорскага раёна, на другое – Барысаўскага, наша каманда – на трэцяе. Першае месца ў першай падгрупе заваявала каманда Любанскага раёна. А калі на зялёным полі адбылася фінальная сустрэча, то стаў відавочны абсалютны пераможца гульні – каманда Салігорскага раёна.

На ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў прыбыў старшыня федэрацыі футбола Мінскай вобласці Алег Чыкун. Карыстаючыся магчымасцю, мы задалі яму некалькі пытанняў.

– Гэтая акцыя вельмі важная і карысная, – падкрэсліў Алег Вікенцьевіч. – З улікам узросту футбалістаў – 2000-2001 гады нараджэння, якія робяць першыя крокі. Першы этап гульняў фактычна пачынаўся на ўзроўні школ, паміж класамі. Потым былі раённыя спаборніцтвы. Далей – рэгіянальныя паўфіналы. Іх было два – у Стоўбцах, на якім мы цяпер прысутнічаем, і ў пасёлку Чысць Маладзечанскага раёна. Удзел бралі практычна ўсе раёны Мінскай вобласці. Па выніках дзвюх паўфінальных сустрэч было вылучана па чатыры каманды, якія і сустрэліся сёння ў  абласным фінале, разыгралі пуцёўку ў рэспубліканскі фінал.

– Як глядзіцца стаўбцоўская каманда на фоне іншых?

– Само пападанне ў абласны фінал, у “васьмёрку” мацнейшых камандаў Мінскай вобласці – хіба гэта не дасягненне?! Добра і тое, што на Стаўбцоўшчыне працягваюцца даўнія  футбольныя традыцыі.

– Як вы ацэньваеце ўмовы, створаныя для выступлення ўдзельнікаў камандаў?

– Сонца сёння няма, халодны вецер… Аднак гэта выключна футбольнае надвор’е, якое дало дзецям магчымасць паказаць прыгожы футбол. У дзіцячай спартыўна-юнацкай школе падрыхтаваны раздзявалкі. Прыём наладжаны адпаведны. Скажу, што стаўбчане заўсёды гасцінна прымаюць удзельнікаў спаборніцтваў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота аўтара   

 

ДВА КРОКІ НАЗАД. А ШТО ДАЛЕЙ?

Загаловак артыкула – паводле славутага ленінскага выразу. Хаця, калі дакладна, то футбалісты стаўбцоўскай каманды “Нёман-Агра” ў выніковым размяшчэнні першынства Мінскай вобласці ў параўнанні з мінулагоднім чэмпіянатам страцілі не дзве, а тры пазіцыі. Летась занялі чацвёртае месца, сёлета ж – сёмае. Зірнем на дыяграму папярэдніх сезонаў. Парадуюць вышынёй слупкоў 2010 і 2011 гады, яны сталі пераможнымі для стаўбчан. У 2012-м да прызавой прыступкі нашы крыху не дасягнулі, занялі другое месца, цяпер спусціліся яшчэ ніжэй.

Нагадаем, што першынство Міншчыны-2014 праведзена па змененай сістэме. Спачатку каманды спаборнічалі ў дзвюх падгрупах, дзе мэтай было трапіць у першую чацвёрку з васьмі ўдзельнікаў. Чацвёртае месца занялі, аднак жа цяпер улічаны былі толькі ачкі, набраныя ў сустрэчах паміж сабой фіналістаў. І стаўбчане апынуліся на апошнім, восьмым месцы. Вынікі першых матчаў на фінальнай стадыі з камандамі Маладзечна і Жодзіна – паражэнні з лікам адпаведна 0:4 і 3:8 – паставілі кропку на амбіцыях нёманцаў, сапернікі рушылі далёка наперад. Далей сітуацыя істотна не мянялася. А падняцца з восьмага на сёмае месца дазволіла “дэмабілізацыя” ФК “Барысаў”. Каманда з імем футбольнай сталіцы рэспублікі не падтрымала гучны імідж флагмана беларускага спорту БАТЭ, знялася з розыгрышу.

Мы ўжо не чэмпіёны, але стаўбцоўская футбольная каманда па-ранейшаму ў дзясятцы мацнейшых у вобласці? На жаль, і гэта крыху не так, калі больш уважліва глянуць на футбольны ранжыр. Барысаў, як было вышэй сказана, па-за канкурэнцыяй. БАТЭ – чэмпіён краіны на працягу раду апошніх гадоў, стадыён у Барысаве лепшы ў рэспубліцы. Прызавыя пазіцыі ў вышэйшай лізе беларускага футбола штогод пацвярджае салігорская каманда “Шахцёр”. Там жа высокі клас дэманструе “Тарпеда-БелАЗ” з Жодзіна, дастойна трымаецца ФК “Слуцк”. ФК “Гарадзея” настойліва імкнецца ў мацнейшы дывізіён. У першай лізе выступаюць таксама “Іслач” (Мінскі раён” і “Смалявічы-СТІ”, у другой лізе – клубы з Дзяржынска, Маладзечна, Клецка. Сапраўды сенсацыйным стала выступленне уздзенскай каманды “Беліта-Вітэкс”. Уздзенцам толькі крыху не хапіла духу, каб у свой першы сезон у чэмпіянаце рэспублікі заняць прызавое месца ў другой лізе.

Такія вось нядаўнія нашы сапернікі. Крыўдна, але нас абганяюць. І ў чэмпіянаце вобласці спаборнічаем не з самымі мацнейшымі камандамі тых жа Жодзіна, Смалявіч, Дзяржынска, Маладзечна, Клецка.

Зразумела, фінансавыя магчымасці камандаў, што прадстаўляюць вялікія гарады і маюць шэраг прадпрыемстваў, не параўнальныя з нашымі. Аднак жа дастаткова часам і аднаго багатага спонсара, аб чым сведчыць прыклад цукровых Гарадзеі і Слуцка, парфумнай беліта-вітэксавай Узды. Няхай бы ў свой час і наша кіраўніцтва прывабіла ў раён падобных апекуноў, якія дапамаглі б узняць сацыяльную сферу, у тым ліку і спорт.

Але і грошы не дапамогуць, калі няма талентаў, тым больш у аматарскім футболе, які прадстаўляюць першынствы рэгіёнаў. Вось тут нам грэх скардзіцца. Некаторыя футбалісты, якія кавалі перамогі ў 2010-2012 гадах, сёння на відных ролях і ў рэспубліцы. Самы яскравы прыклад, наша гордасць – Аляксандр Карніцкі. Сваё рэнамэ аднаго з мацнейшых паўабаронцаў рэспублікі ярка праявіў ён сёлета выступленнямі за чэмпіёнскае БАТЭ. Вадзім Жук выступае ў маладзёжнай зборнай Беларусі. На слыху ў вядучых трэнераў Максім Талейка, Алег Каракін, Валерый Карніцкі, Аляксей Рудзянок. Хлопцы стараюцца дапамагчы і сваёй першай, роднай камандзе.

Спадзяванне, што спаўна рэалізуе свае здольнасці Дзмітрый Даўбейка. 33 галы на рахунку лепшага бамбардзіра чэмпіянату вобласці. Верныя стаўбцоўскай камандзе “Нёман-Агра” Вадзім Уставіч, Віталь Даўнаровіч, Дзмітрый Філіпчык, Андрэй Шпадарук, Сяргей Космач, Арцём Сукала, Аляксандр Крамко, іншыя ігракі. Футбольныя групы ДЮСШ павінны даць калектыву маладое папаўненне. Багаты вопыт у трэнера “Нёман-Агра” Андрэя Мікалаевіча. Так што, згодна з той жа ленінскай тэрміналогіяй, пасля невялікага адступлення павінен быць і крок наперад.

Відавочнае паляпшэнне матэрыяльнай базы для развіцця спорту ў Стоўбцах. Неўзабаве ўступіць у строй фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Чакаецца абнаўленне трыбун для гледачоў на стадыёне “Юнацтва”. І, безумоўна, неабходна спонсарская падтрымка нашаму спартыўнаму клубу.

Усе мы добра інфармаваны. Калі нават і не з’яўляемся балельшчыкамі той ці іншай папулярнай каманды, назіраем з экранаў тэлевізараў, які ажыятаж выклікаюць футбольныя матчы. Так, футбол па папулярнасці стаў спортам нумар адзін амаль ва ўсім свеце. Нават больш – гэта сацыяльная з’ява, поспехі ў ім – прэстыж для краіны, рэгіёна, горада. Перамогі любімай каманды паляпшаюць настрой яе прыхільнікам, літаральна акрыляюць іх. Пачаткоўцы футбольнай справы, якія сочаць падчас тэлетрансляцый за дзействам зорак, стараюцца заўважыць тэхнічныя дзеянні, каб пасля самім іх асвоіць. А можа больш уважліва прыслухоўваюцца да названых сумаў кантрактаў, што вылічваюцца мільёнамі еўра ці долараў. Калі ласка, развівайце свой талент, няхай вабіць зорнае святло маякоў. Недасягальна далёка тыя Месі, Ранальда, Ібрагімовіч? Дык паследуйце прыкладу свайго земляка Аляксандра Карніцкага, які яшчэ нядаўна выступаў за “Нёман-Агра”. Мясцовая каманда – першая прыступка, дзе варта зарэкамендаваць сябе, унесці ўклад у поспех роднага клуба. А майстэрства без упартай працы, пралітага на трэніроўках поту не прыйдзе.

Як рэкі жывяцца сотнямі крыніц і рачулак, так і сталыя каманды – рэсурсамі масавага футбола. Але глянем на праблему і шырэй. Ужо даволі цывілізавана выглядае гарадскі стадыён “Юнацтва”. Зялёны дыван штучнага пакрыцця футбольнага поля дазваляе праводзіць спаборніцтвы і трэніроўкі ад ранняй вясны да позняй восені. А калі адліжна, няма вялікага снегу, то і зімой. Толькі прыгледзімся, часта яно пустуе. Вядома, трэніруюцца і выступаюць футбалісты “Нёман-Агра”. Праводзяцца турніры, нават міжнародныя, толькі пераважна з удзелам дзяцей, юніёраў. А дарослыя, наша працоўная і студэнцкая моладзь? Хіба не знойдзецца жадаючых паспрабаваць сілы, падмацавацца адрэналінам у спартыўнай барацьбе? І дадаць да працоўных поспехаў калектыву яго спартыўную славу, хаця б на мясцовым узроўні.

Скажаце, штогод праводзіцца розыгрыш кубка раёна. Ды хіба замяняе гэты хуткацечны турнір з удзелам лічаных камандаў спаборніцтвы паўнавартасныя? Магчыма правесці чэмпіянат раёна па кругавой сістэме, улічваючы вялікую занятасць вяскоўцаў, і праблематычна. Але ж разыграць раённы кубак не дзеля “галачкі”, а масава з поўнай зацікаўленасцю многіх – цалкам рэальна. А каманды? Яны збяруцца. Добры прыклад падае сфарміраваная апошнім часам футбольная каманда райвыканкама.

У нас неблагая спартыўная база, якая паляпшаецца. Стадыёны “Меліяратар” у Дзераўной, “Юнацтва” ў Стоўбцах, школьныя стадыёны на сяле. Іх жа прызначэнне – кіпець жыццём, служыць справе ўсталявання здаровага ладу жыцця.

Стоўбцы – хаця і невялікая, але прыкметная кропка на спартыўнай, футбольнай карце. У нас выраслі суддзі па футболе міжнароднай катэгорыі. На гарадскім стадыёне выступалі ў афіцыйных матчах дубліруючыя саставы мацнейшых камандаў краіны падчас правядзення чэмпіянатаў СССР. Ладзіліся і міжнародныя сустрэчы. Усё гэта – слаўная гісторыя. Традыцыі варта аднаўляць, прадаўжаць, развіваць.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

1 комментарий по теме “Футбол

  1. Лушче бы Coca-Cola посодействовала в завершении реконструкции стадиона. А то на трибунах сидеть не на чем.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *