Чыстая вада. Артсвідравіна для Новага Свержаня

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

Сёлета за сродкі, выдаткаваныя на рэалізацыю доўгатэрміновай рэспубліканскай праграмы «Чыстая вада», на Стаўбцоўшчыне плануецца здаць у эксплуатацыю два аб’екты, а таксама ствараецца задзел на будучы год.

Як адзначыў намеснік дырэктара аб’яднання камунальных службаў па водаканалізацыйнай гаспадарцы Аляксандр Жыбуль, падрыхтавана праектная дакументацыя на рэканструцыю каналізацыйна-помпавай станцыі ў Наваколасаве, заключаны дагавор з падраднай арганізацыяй на правядзенне работ. Плануецца да канца года асвоіць на гэтым аб’екце ўсе выдаткаваныя сродкі –  мільярд 190 мільёнаў рублёў. І ўжо практычна асвоены ўсе сродкі – а гэта 600 мільёнаў рублёў – на будаўніцтве артсвідравіны ў Новым Свержані, якая будзе забяспечваць вадой школу і прылеглы жылы пасёлак. Для прыёмкі аб’екта ў эксплуатацыю створана камісія.

З дапамогай праграмы «Чыстая вада» сёлета фінансуецца правядзенне праектных работ па рэканструкцыі гарадскога водазабора «Альхоўка» (на даным этапе праект праходзіць экспертызу) і па рэканструкцыі каналізацыйна-помпавай станцыі і ачысных збудаванняў горада Стоўбцы. Калі будзе выдзелена фінансаванне, то гэтыя праекты ў наступным годзе атрымаюць практычнае ўвасабленне.

На наступны год праграмай прадугледжана будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў аграгарадку Заямнае. Пры тым, што ў раёне шмат дзе патрэбны і падобныя станцыі, і новыя артсвідравіны, праблемы з якасцю вады ў Заямным, у якой канцэнтрацыя жалеза ў 3-5 разоў перасягае дапушчальныя нормы, сапраўды маюць першачарговае значэнне. Такое разуменне ёсць і ў мясцовай улады, і ў камунальнікаў, аднак галоўнае заключаецца ў тым, каб былі выдаткаваны сродкі на будаўніцтва станцыі.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *