Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблены пяць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі дзевяць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Кірыл Малахаў, Ангеліна Русецкая, Ілья Аліферчук, Аляксей Бычко, Марыя Берастава, Паліна Бунчук, Дзіяна Чарнёная, Яраслаў Бабіч і Паліна Кульша.

Зямны шлях закончыўся для 12 чалавек.

У пажарнай часці згадалі пра здарэнне на стаянцы па вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах, дзе ўспыхнуў аўтамабіль “Рэно-меган”. Агнём пашкоджаны яго маторны адсек. З Аталезі паступіла паведамленне аб неабходнасці дапамогі мясцоваму жыхару, 1948 года нараджэння, які ўпаў у склеп з трохметровай вышыні. У той жа дзень пацярпелы памёр у бальніцы.

Міліцыяй зарэгістравана 151 паведамленне аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана дзевяць крымінальных спраў, у чатырох з іх устаноўлены падазраваемыя. З аўтамабіля “Фіят-дуката”, прыпаркаванага па вуліцы Магістральнай горада, знікла барсетка з грашовымі сродкамі. У пад’ездзе дома па вуліцы Свярдлова махляр, папрасіўшы “мабільнік” для званка, завалодаў ім.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету затрыманы стаўбчанін, які з пнеўматычнай вінтоўкай ажыццяўляў паляванне на качак непадалёку чыгуначнага моста праз Нёман. Браканьеру пагражае штраф да 50 базавых велічынь.         

Пракуратурай раёна праведзены маніторынг выканання службовымі асобамі ААТ “Каганец” заканадаўства аб прафілактыцы п’янства і алкагалізму. Так, трое трактарыстаў-машыністаў гаспадаркі знаходзіліся на рабочым месцы нецвярозымі. Пракуратурай было накіравана даручэнне РАУС аб падрыхтоўцы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.    

Суд прыгаварыў да аднаго года зняволення ва ўмовах строгага рэжыму 26-гадовага жыхара з Вірлавічаў, неаднойчы судзімага, які паквапіўся на электраінструмент. 38-гадовая стаўбчанка, не маючы спецдазволу, паўторна рэалізавала два сярэбраныя браслеты і залатыя завушніцы, за што абмежавана ў волі на тры гады з канфіскацыяй маёмасці. 18-гадовы жыхар Дзярэчынцаў, які схапіў у магазіне “Дабраном” дзве бутэлькі гарэлкі (паўторнае парушэнне на працягу года), аштрафаваны на 4 500 000 рублёў. 

ДАІ выявіла 152 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – двое п’яных вадзіцеляў і 14 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 29 недысцыплінаваных пешаходаў. Здарылася шэсць дарожных аварый, у дзвюх з іх пацярпелі двое чалавек. На аўтамагістралі, паблізу Сцяцкоў, аўтамабілем “Фольксваген-гольф” учынены наезд на нецвярозага мужчыну: не будучы абазначаным святлоадбівальнымі элементамі, ён выйшаў на праезджую частку ў непасрэднай блізкасці ад аўтамабіля. Непадалёку ад Заямнага, на скрыжаванні другараднай і галоўнай аўтадарог, сутыкнуліся два аўтамабілі. У аварыі паранена жанчына-вадзіцель “Пежо-206”. Учора ў раёне прайшоў адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам – “Пешаход, паважай пешаходны пераход!”   

“Хуткая” атрымала 260 выклікаў, у прыватнасці дзевяць сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *