Абышліся адной гутаркай…

Нумары Пракурорскі нагляд

Пракуратурай раёна праверана выкананне Старасвержанскім і Навасвержанскім сельвыканкамамі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, у ходзе якіх выяўлены шэраг упушчэнняў у прафілактычнай рабоце.

Так, на тэрыторыі Навасвержанскага сельсавета за дзевяць месяцаў бягучага года адзначаецца зніжэнне ўзроўню злачыннасці з 25 да 13 злачынстваў, аднак вырасла ўдзельная вага злачынстваў, учыненых асобамі ў стане алкагольнага ап’янення (летась іх было 32 працэнты, сёлета – больш за 38 працэнтаў). На тэрыторыі сельсавета павялічылася  колькасць асоб (з 41 да 70), прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці. Пры гэтым большасць парушэнняў учынена грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення. На тэрыторыі Старасвержанскага сельсавета за гэты перыяд зарэгістравана 26 злачынстваў, 11 з іх учынены асобамі ў нецвярозым стане. Таксама на ўзроўні “трымаецца” і колькасць прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці: са 168-мі асоб 79 – за ўжыванне алкагольных напіткаў.         

Устаноўлена, што стан грамадскага парадку на тэрыторыі Навасвержанскага сельсавета за першы квартал 2014 года не быў своечасова вывучаны на савеце грамадскага пункта аховы правапарадку сельвыканкама, што, адпаведна, не дазволіла прыняць неабходныя прафілактычныя меры. Нягледзячы на значны рост  на тэрыторыі Старасвержанскага сельсавета крадзяжоў летась, мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне гэтых злачынстваў, саветам грамадскага пункта на 2014 год увогуле не запланаваны і не разгледжаны. Больш таго, прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні правапарушэнняў супраць уласнасці не ўключаны і ў агульны комплексны план прафілактычных мерапрыемстваў Старасвержанскага сельвыканкама на бягучы год. Гэта прывяло да чарговага росту на тэрыторыі сельсавета крадзяжоў (38,4 працэнта ад агульнай колькасці злачынстваў). Вывучэнне пратаколаў пасяджэнняў савета грамадскага пункта аховы правапарадку сельвыканкама паказала, што не выконваюцца планы штомесячных рэйдаў па ўстановах сельсавета па выкананні антыалкагольнага заканадаўства, інфармацыя аб выніках рэйдаў не разглядаецца на пасяджэннях грамадскага пункта.            

У ходзе праверкі выяўлены факты нясвоечасовага прыняцця абодвума сельвыканкамамі мер індывідуальнай прафілактыкі да грамадзян, паводзіны або лад жыцця якіх тояць патэнцыяльную небяспеку для грамадства.

Так, у Навасвержанскі сельвыканкам паступіла інфармацыя з райаддзела міліцыі аб факце супрацьпраўных паводзінаў жыхара Новага Свержаня В. І. Валіцкага ў адносінах да свайго сына, які меў месца 6 красавіка 2014 года. У інфармацыі начальніка РАУС указана на неабходнасць разгляду данага факта на савеце грамадскага пункта аховы правапарадку сельвыканкама з мэтай прафілактыкі сямейна-бытавога насілля, п‘янства і т. п. Аднак на пасяджэнне савета ад 26 красавіка бацька і сын Валіцкія запрошаны не былі, меры індывідуальнай прафілактыкі ў адносінах да іх не прыняты. І ўжо праз месяц В. І. Валіцкі, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, пагражаў сыну забойствам. Меры індывідуальнай прафілактыкі ў адносінах да В. І. Валіцкага былі прыняты старшынёй савета грамадскага пункта толькі 10 чэрвеня ў форме прафілактычнай гутаркі наконт правілаў паводзін у быце і недапушчальнасці супрацьпраўных учынкаў, а непасрэдна на пасяджэнні савета грамадскага пункта сельвыканкама В. І. Валіцкі не прысутнічаў. 

У чэрвені бягучага года з райаддзела міліцыі ў Старасвержанскі сельвыканкам паступіла інфармацыя аб факце супрацьпраўных паводзінаў жыхара вёскі Падлессе А. Н. Яшэні ў адносінах да сваёй сужыцелькі, які адбыўся 9 чэрвеня. Аднак прадугледжаныя законам меры індывідуальнай прафілактыкі ў адносінах да А. Н. Яшэні старшынёю сельвыканкама не прыняты, на пасяджэнні савета грамадскага пункта данае пытанне не разглядалі. Фармальныя адносіны да прафілактычнай работы паслужылі прычынай учынення А. Н. Яшэнем 27 ліпеня правапарушэння, прадугледжанага ч. 3 арт. 17.3 КоАП Рэспублікі Беларусь.

Па выніках праверкі старшыням Навасвержанскага і Старасвержанскага сельвыканкамаў унесены прадстаўленні. Неабходна змяняць падыходы да прафілактычнай работы і весці яе сістэмна, усебакова, як таго і патрабуе закон.   

Аляксей КУТАС, памочнік пракурора раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *