Погляды на жыццё не мяняюцца

Людзі і лёсы Нумары

“Быў членам таварыства паляўнічых, цяпер – член таварыства інвалідаў…” – не можа, як і ў былыя гады, абыходзіцца без самаіранічных жартаў стаўбчанін Мікалай Кавальчук. 

– Я яшчэ малады пенсіянер, – дабаўляе Мікалай Іванавіч. – Хочацца, каб рука мая правая хутчэй “пайшла”… Думаў, што мяне ніякая хвароба не напаткае.

Трэба ведаць былога намесніка старшыні райспажыўтаварыства па кадрах Мікалая Кавальчука, актыўнага арганізатара і аптыміста, аўтарытэт якога быў бясспрэчным на ўсіх участках гэтай вялікай гандлёвай арганізацыі, каб зразумець яго цяперашнія перажыванні. Цяжка змірыцца, хаця прайшло ўжо пяць гадоў… Пакрысе навучыўся жыць па-новаму, а галоўнае – не страціў аптымізму. “У мяне дзве дачкі, трое ўнукаў. Не пакідаюць мяне. Сваімі рукамі пабудаваў гэты дом. Са мною засталіся надзейныя сябры…”          

Сярод іх і суседзі (сённяшнія, якія жывуць побач, і тыя, зарэчанскія аднавяскоўцы, з якімі не парываецца сувязь з самага дзяцінства), і тыя, з кім звязваюць па жыцці агульныя інтарэсы.  Апошнім часам сяброўства завязалася і з раённым таварыствам інвалідаў, асабіста з яго старшынёй Міхаілам Мазурам. “У нас аднолькавыя погляды на жыццё.  Ён па гаспадарцы дапамагае мне, забяспечвае насеннем для пасадкі агароду, прадуктовыя наборы прыносіць, – не прамінае заўважыць Мікалай Кавальчук.

Самастойна, а дзе і са старонняй дапамогай Мікалай Іванавіч працягвае апрацоўваць свой зямельны ўчастак у 14 сотак. Дзеліцца, што робіць гэта “як у калгасе” – з улікам севазвароту культур. З асаблівым пачуццём гаворыць гаспадар пра свой яблыневы сад, што літаральна атуляе сядзібу. На ўчастку растуць 33 дрэвы, якія прышчэпліваў сам. У сезон раскашуе вінаград. “За работай не заўважаю ні часу, ні балячак, а душа пры гэтым расцвітае, “вітамінізуецца” ад таго, што будзе чым пачаставаць сяброў”.

Ён сябрам – яблыкі, а яны яму – кветкі. Ва ўсякім выпадку, менавіта такі падарунак паднеслі незадоўга да нашай сустрэчы. “Гэта ў мяне быў 7-га лістапада дзень нараджэння”, – тлумачыць Мікалай Іванавіч з’яўленне букета чырвоных гваздзікоў у сваім “мужчынскім” доме. Яшчэ нядаўна жыла ў яго старэнькая матуля. Памерла сёлета. 94 гады было шаноўнай Ніне Іосіфаўне, былой калгаснай звеннявой, якая нарадзіла траіх дзяцей, а адзінага сярод іх сына Мікалая – якраз у чырвоны дзень календара. Зрэшты, гэтая “святочная” падаплёка  сімвалічна звязала з камсамольска-партыйнай лініяй, якая і вывела сялянскага хлопца на жыццёвую дарогу.

Калі Мікалай яшчэ вучыўся ў дзясятым класе, памёр бацька. Каб падтрымаць сям’ю, пайшоў працаваць у калгас. Пасля школы прызначылі брыгадзірам, затым – загадчыкам фермы ў роднай вёсцы. Для юнака гэта была вельмі важная навука, школа, бо праходзіў яе пад апекай і кіраўніцтвам такіх удзельнікаў вайны як М. І. Засмужац, І. В. Нявесценка. Яго заўважыў райкам камсамола і накіраваў вучыцца ў партшколу. Пасля яе заканчэння была праца намеснікам старшыні калгаса “Чырвоны партызан”, інструктарам райкама партыі. Калі ўзніклі вакансіі ў райспажыўтаварыстве, накіравалі ў гэтую арганізацыю на пасаду намесніка старшыні па кадрах, выбралі старшынёй партыйнай арганізацыі. У райспажыўтаварыстве Кавальчук і адпрацаваў амаль сорак гадоў.

…Гартаючы дамашні фотаальбом, Мікалай Іванавіч прыгадаў нямала цікавых гісторый.  Напрыклад, як вопыт іх “двухзменкі” на ферме, а даяркамі працавалі выключна выпускнікі мясцовай школы, члены камсамольскай змены, ускалыхнуў усю рэспубліку. Двойчы да іх прыязджаў сам П. М. Машэраў. Але больш у памяці, зразумела, простыя людзі, былыя калегі.  У дамашняй калекцыі Кавальчука захоўваецца і медаль “За доблесную працу”.

Прыемна, што і ў райспажыўтаварыстве помняць свайго ветэрана працы. Наведваюць Мікалая Іванавіча, выпісваюць яму газеты, каб па-ранейшаму заставаўся ў курсе падзей. Значыць, жыццё не спынілася, не зацыклілася. У ім проста з‘явіліся іншыя перажыванні і іншыя радасці.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: ёсць што абмеркаваць Мікалаю Кавальчуку (справа) і старшыні раённага таварыства інвалідаў Міхаілу Мазуру.

Фота аўтара

 

УСЛЕД ЗА ІНІЦЫЯТЫВАЙ

Напярэдадні Дня інвалідаў мы задалі некалькі пытанняў старшыні раённага таварыства інвалідаў Міхаілу Мазуру.

– Міхаіл Уладзіміравіч, сёлета спаўняецца 20 гадоў, як вы ўзначальваеце раённую арганізацыю інвалідаў. Па выніках работы вы не раз займалі прызавыя месцы, вас заахвочвалі грашовымі прэміямі. Віншуем і хацелі б даведацца: што служыць стрыжнем арганізацыі?

– Ініцыятыва! Гэта магу сказаць дакладна, таму што ўсе два дзясяткі гадоў вяду работу на грамадскіх пачатках.  Уласныя сродкі – узносы членаў арганізацыі (іх больш за 300 чалавек), але гэта зусім невялікія паступленні. Увесь час удавалася знаходзіць спонсараў. Пярвічныя арганізацыі інвалідаў дзейнічаюць у горадзе, Навасвержанскім, Вішнявецкім і Мікалаеўшчынскім сельсаветах. На жаль, не можам ахапіць пярвічкамі ўвесь раён, таму жыхары іншых сельсаветаў раёна, якія жадаюць быць членамі нашай арганізацыі, уступаюць у індывідуальным парадку.               

– Што прыцягвае людзей у арганізацыю?

– Калі наладжана работа, людзі ідуць самі. На працягу многіх гадоў мы забяспечваем іх на зіму гароднінай. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць кіраўніцтвам сялянскай фермерскай гаспадаркі “Сула”, мясакамбіната, былога ДЭУ № 4, райвыканкама, ЗАТ “Аграмашзапчастка”, Стаўбцоўскіх электрычных сетак, якія неаднаразова выдзялялі нам матэрыяльную дапамогу. Адгукаюцца і некаторыя індывідуальныя прадпрымальнікі. Добрую памяць пакінуў пасля сябе дабрачынны фонд “Дапамога пацярпелым дзецям”, які ўзначальваў доктар Ханс Мёрс. Ад яго члены нашай арганізацыі атрымлівалі тэхнічныя сродкі рэабілітацыі, а таксама калядныя прадуктовыя падарункі. Значную фінансавую дапамогу аказала Мінскае абласное аддзяленне Беларускай асацыяцыі інвалідаў вайны. Рэдакцыі газет “Прамень”, “Вместе”, “Мінская праўда”, “Народная газета”, “Сельская газета” прадастаўляюць для інвалідаў вайны бясплатную квартальную падпіску.

– Хто дапамагае вам з размеркаваннем і дастаўкай дапамогі?

– У нас створана камісія для размеркавання дапамогі. За сабраныя сродкі фарміравалі прадуктовыя наборы, якія выдзялялі ў першую чаргу інвалідам вайны. Асаблівая нагода для гэтага – 9 Мая, 3 ліпеня, калі давалі і наборы, і грошы. Імкнуліся ахапіць і іншых членаў арганізацыі. З намі актыўна супрацоўнічаюць сацыяльныя работнікі. Цесны кантакт наладжаны з тэрытарыяльным цэнтрам, раённай ветэранскай арганізацыяй, з якімі калісьці знаходзіліся ў адным памяшканні. Апошнім часам сувязі з ветэранскай арганізацыяй аслаблі і маюць патрэбу ў аднаўленні. Цяпер у нас іншае памяшканне, праўда, без службовага тэлефона.      

– Якія яшчэ праблемы неабходна вырашаць вашай арганізацыі на даным этапе?

– Праблем нямала, і я спаўна акунуўся ў іх, таму што больш за дзесяць гадоў адначасова быў і членам Цэнтральнага праўлення, прэзідыума Беларускага таварыства інвалідаў. Пры іх вырашэнні важна ўлічваць псіхалагічны момант – як бачаць тую ці іншую праблему самі інваліды.

Неабходна ствараць рабочыя месцы і праводзіць працоўную рэабілітацыю інвалідаў. Можна меркаваць, што для паўнацэннага вядзення работы неабходны не толькі тэлефон, а і камп’ютар, іншыя тэхнічныя сродкі. Хацелася б не хадзіць па прадпрыемствах “з працягнутай рукой”. У сувязі з гэтым відавочна, што без падтрымкі ўлады, каардынавання ёю пытанняў узаемадзеяння з іншымі грамадскімі арганізацыямі таварыству інвалідаў не ўстаяць на нагах. На маю думку, на Стаўбцоўшчыне наспеў час і для вырашэння іншага кардынальнага пытання – аб’яднання дзвюх грамадскіх арганізацый – інвалідаў і ветэранаў вайны і працы, таму што нярэдка ў іх  адны і тыя ж людзі, і сумесная работа будзе толькі на карысць.         

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *