Чаго чакаюць ад міліцыі

Ахова правапарадку Нумары

У працоўных калектывах раёна супрацоўнікамі штаба МУС Рэспублікі Беларусь праведзена вывучэнне грамадскай думкі аб рабоце райаддзела міліцыі. У ходзе яго ад жыхароў раёна паступіў шэраг заўваг і прапаноў, рэалізацыя якіх дазволіць палепшыць у нас стан грамадскай бяспекі. 

Піўная праблема

У полі пастаяннага зроку – пытанне недапушчэння фактаў распівання алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах, у тым ліку піва. Нарадамі міліцыі, якія штодзённа заступаюць на службу, на працягу года спынена 75 падобных фактаў. Піва прысутнічала ў кожным трэцім з іх. Былі ўлічаны і заўвагі грамадзян, якія паступілі ў ходзе вывучэння грамадскай думкі ў 2013 годзе: з мэтай выяўлення нецвярозых на рабочым месцы праведзены праверкі работнікаў ААТ «Вялікі Двор» (выяўлена пяць правапарушэнняў).

Як у 2013, так і ў 2014 годзе асаблівая ўвага была ўдзелена сельскаму Дому культуры ў Дзераўной – на дыскатэцы не месца асобам у п’яным выглядзе. Па выніках праведзеных мерапрыемстваў у мінулым годзе выяўлены чатыры правапарушэнні, у бягучым – шэсць. У сувязі з паступіўшым зваротам моладзі гэтага аграгарадка адносна абмежавання часу правядзення дыскатэк, тлумачым, што распараджэннем райвыканкама ўстаноўлены час правядзення дыскатэк на тэрыторыі раёна ў перыяд з 1 лістапада з 20.00 да 24.00. На пасяджэнні сесіі раённага Савета дэпутатаў, дзе разглядалася пытанне «Аб стане законнасці і правапарадку, рэалізацыі патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» на тэрыторыі раёна»,  была заслухана са справаздачай дырэктар Дзераўнянскага цэнтра культуры. Час правядзення дыскатэк на тэрыторыі раёна быў пакінуты без змяненняў.     

Інфармацыя аб наступствах ужывання алкаголю, звесткі пра ўчастковых інспектараў міліцыі змешчаны на прадпрыемствах, у месцах масавага знаходжання грамадзян. У бягучым годзе ўчастковыя ўзялі ўдзел у 97-мі сустрэчах з насельніцтвам. Супрацоўнікамі міліцыі сумесна з зацікаўленымі службамі праводзіцца прафілактычная работа з нядобранадзейнымі сем’ямі, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяпечным становішчы і дзе дзеці прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Дарожныя пытанні  

Аддзел ДАІ пастаянна прыцягвае да адказнасці вадзіцеляў, якія не прадаставілі перавагу ў руху пешаходам на нерэгулюемых пешаходных пераходах. У горадзе за няпропуск пешаходаў за дзевяць месяцаў панеслі адказнасць 76 вадзіцеляў. Меры адказнасці прыменены і да 496 недысцыплінаваных пешаходаў. Пільная ўвага надаецца пытанням захавання вадзіцелямі транспартных сродкаў хуткасных рэжымаў: у ходзе нагляду выяўлена 1051 парушэнне, у тым ліку 554 – у райцэнтры. Рэгулярна праводзяцца мерапрыемствы па лініі дарожнай інспекцыі. За парушэнне правіл утрымання дарог, вуліц прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці восем службовых асоб, двое кіраўнікоў дарожнай і камунальнай арганізацый – за невыкананне прадпісанняў ДАІ.

Паводле апошніх даных, рэштка дарожных знакаў для ўстаноўкі і замены на вуліцах Стоўбцаў на 2014 год складае ўсяго 11 адзінак. Абсталяваны пешаходны пераход паблізу дома № 15 па вуліцы 17 Верасня. Пакуль нерэалізаванымі застаюцца наступныя прапановы: капрамонт святлафорнага аб’екта на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Танкістаў у Стоўбцах (у адрас прадпрыемства «Торнадо-Вэст» накіраваны заданні, іх выкананне запланавана на чацвёрты квартал 2014 года), абсталяванне пешаходных дарожак па вуліцы Нясвіжскай у Новым Свержані (запыт быў накіраваны ДЭУ № 62, паступіў адказ:  абсталяванне тэхнічна немагчыма пры ўмове захавання дзеючых нарматыўных дакументаў), абсталяванне святлафорных аб’ектаў на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Свярдлова, Ленінскай і Цэнтральнай (згодна з адказамі, якія паступілі з АКС і райвыканкама, не запланавана фінансаванне на іх будаўніцтва ў бягучым годзе). 

Наркатычная трывога   

69,7 працэнта рэспандэнтаў выказалі трывогу адносна росту ў рэспубліцы колькасці нарказалежных.

На Стаўбцоўшчыне за 10 месяцаў бягучага года па лініі наркакантролю выяўлена 27 злачынстваў. З 27-мі ўзбуджаных крымінальных спраў 24 звязаны з незаконным абаротам курыльных сумесяў. Апошнія рэкламуюцца як легальны прадукт, які не ўтрымлівае наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, што не адпавядае сапраўднасці. Продаж іх моладзі вядзецца праз інтэрнэт, у інтэрнатах і ліцэях, каледжах. У буйным памеры наркатычныя сродкі канфіскаваны двойчы. Спынены два каналы іх пастаўкі з Расіі. Спецыяльная праграма «Мак» дазволіла рэалізаваць мерапрыемствы па знішчэнні наркаўтрымліваючай базы на тэрыторыі раёна.

Аналіз асоб, якія стаяць на ўліку ў цэнтральнай раённай бальніцы, сведчыць, што 100 працэнтаў хворых на наркаманію спажываюць апіяты, вырабленыя з насення маку. Усяго на ўліку ў ЦРБ значацца 15 асоб, якія дапускаюць немедыцынскае спажыванне наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. За ўжыванне курыльных сумесяў, што пацягнула шкодныя наступствы, двое падлеткаў знаходзяцца на прафілактычным уліку.

Супрацоўнікі міліцыі выступілі з інфармацыяй аб прававых і медыцынскіх наступствах спажывання наркотыкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў перад  старшакласнікамі школ раёна. Сярод непаўналетніх праведзена ананімнае анкетаванне па пытанні распаўсюджання «міксаў» і наркотыкаў, на даны момант праводзіцца  апрацоўка анкет. На сумесных нарадах з прадстаўнікамі школ і аддзела адукацыі, спорту і турызму, дырэктарамі сельскіх дамоў культуры даведзены асноўныя прыкметы наркатычнага і іншага ап’янення, выпрацаваны алгарытм узаемадзеяння пры выяўленні непаўналетніх, якія ўжываюць наркатычныя і псіхаактыўныя рэчывы. Пытанне супрацьдзеяння наркаманіі і звязаным з ёю правапарушэнням было разгледжана ў верасні бягучага года на пасяджэнні райвыканкама.

Алег ЯВІД, начальнік штаба райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *